У ШІЗА 14-ы дзень галадае палітвязень Мікіта Емяльянаў. 10 дзён – без вады


Палітвязень Мікіта Емяльянаў галадае ўжо 14-ы дзень. З іх дзесяць дзён – без вады. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал АЧК-Беларусь.

Мікіта Емяльянаў у судзе.
Фота: «Радыё Свабода»

Паведамляецца, што «сухую галадоўку» Мікіта Емяльянаў абвясціў 3 лютага, праз дзесяць дзён пачаў піць ваду, бо ягоны стан здароўя моцна пагоршыўся. Ежу адмаўляецца прымаць дагэтуль.

Анархіст і палітвязень Мікіта Емяльянаў пратэстуе супраць кепскага стаўлення да яго. Ад 18 студзеня ён утрымліваецца ў штрафным ізалятары, у яго знаходзяць усё новыя парушэнні рэжыму. Ён адмаўляецца прыбіраць дворык для прагулак за іншымі зняволенымі, якія плююць, пакідаюць у ім недакуркі, бо пасля сябе Мікіта пакідае двор чыстым.

16 лютага ў справе злоснага парушэння рэжыму мелася прайсці чарговае паседжанне. Але суддзю не пусцілі ў СІЗА праз павышаную тэмпературу. Емяльянаву пагражае яшчэ два гады пазбаўлення волі ў дадатак да не адбытага ім тэрміну.

Мікіту Емяльянава затрымалі ў кастрычніку 2019 году як падазраванага ў нападзе на будынак Менскага гарадскога суду і СІЗА на Валадарскага. Свой учынак хлопец патлумачыў пратэстам супраць пераследу палітвязняў. Суд Савецкага раёну Менску 12 лютага 2020 году пакараў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара 7 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу актывістаў і скараціў ім тэрмін пакарання: Емельянаву да 4 гадоў пазбаўлення волі, Комару да 3,5 гадоў. Емяльянава ўтрымліваюць у магілёўскай турме №4.

Hавiны
Больш за 100 вядомых людзей падпісалі адкрыты ліст у падтрымку асуджаных анархістаў
2020.02.18 14:43

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў