У Менску сталі прапаноўваць расейскую вакцыну «КовиВак». Яна неправераная і наўрад ці эфектыўная


«КовиВак», падобна, не шкодны, але мала шанцаў, што ён абароніць ад COVID-19 пры штаме о-мікрон. Гэта лепш, чым нічога, але яшчэ лепш калоцца «Спутнікам», а ў ідэальнай сітуацыі (недаступнай на тэрыторыі Беларусі) – вакцынамі ад «Pfizer» ці «Moderna».

Расейская вакцына «КовиВак».
Фота: chumakovs.ru

Тым, хто вакцынаваўся год таму і больш, у менскай паліклініцы № 10 сталі прапаноўваць «паўторныя» прышчэпкі вакцынай «Vero Cell» кітайскай «Sinopharm», якую ўжывалі раней, і новую расейскую вакцыну «КовиВак», піша агенцтва «Минск-новости».

У адрозненне ад рэвакцынацыі (або бустэрнай прышчэпкі), якую робяць аднакампанентнай расейскай «Спутник Лайт», рэвакцынацыя складаецца з двух уколаў. І выбар прапануюць між сумнеўнымі варыянтамі.

Эфектыўнасць кітайскай вакцыны пад пытаннем, даследаванні канфліктуюць

Кітайскія навукоўцы ў снежні апублікавалі даследаванне, з якога вынікае, што бустэрны ўкол вакцынай «Vero cell» (BBIBP-CorV) ад «Sinopharm» значна слабей нейтралізуе новы штам о-мікрон вірусу SARS-CoV-2 у параўнанні з ранейшымі (антыцелы ў 20 разоў менш актыўныя, чым былі супраць самага першага штаму).

Але ў студзені апублікавалі новае даследаванне, вынікі якога казалі пра выпрацоўку дастатковай колькасці антыцелаў пасля бустэрнага ўколу. Ды і гэтае, і папярэдняе даследаванне праводзілі на невялікай выбарцы людзей, а вынікі яшчэ не былі разгледжаныя незалежнымі экспертамі.

Пазней амбасадар Кітаю ў Беларусі заяўляў, што вакцына дастаткова эфектыўная супраць о-мікрону.

Hавiны
У мяне сімптомы COVID-19, а ў паліклініцы – калапс. Што рабіць? Парады «еЗдароўя»
2022.02.03 08:59

Эфектыўнасць «КовиВак», хутчэй за ўсё, занадта нізкая

Даследаванні расейскай «КовиВак» яшчэ не завершаныя: толькі тыдзень таму апублікавалі вынікі І/ІІ фазы даследавання на 398 людзях, а дазвол на ІІІ (масавую) фазу даследаванняў далі толькі 10 дзён таму, пачаць яе плануюць летам. Вынікі І/ІІ фазы падрабязна разглядала BBC.

З аднаго боку, вакцына паказала сябе даволі бяспечнай: пабочныя эфекты даволі звычайныя для вакцынаў ад каронавірусу, цяжкія былі толькі ў 5 % даследаваных, а памёр толькі адзін удзельнік даследавання, у якога былі прыкметы папярэдняй працяглай паталогіі міякарду (смерць наўрад ці звязаная з вакцынацыяй).

З другога боку, ад «КовиВака», паводле даследавання, адносна вялікія канцэнтрацыі антыцелаў выпрацоўваюцца толькі ў тых, хто дагэтуль быў вакцынаваны, але меў не самыя высокія канцэнтрацыі антыцелаў. І толькі ад аднаго ўколу – другі не дае значнага эфекту. І нават пра гэтыя канцэнтрацыі незалежная даследчыца ў каментары BBC кажа як пра нізкія. Калі ж чалавек не быў вакцынаваны да «КовиВака», канцэнтрацыі недастатковыя для добрай абароны нават ад штаму дэльта, не кажучы пра больш заразлівы о-мікрон.

Hавiны
Замест доктара працуе студэнт. Як да гэтага ставіцца?
2022.02.05 17:40

Акрамя таго, расейскія навукоўцы правяралі эфектыўнасць вакцынаў супраць ранейшага (і меней заразлівага) штаму дэльта і выявілі, што «КовиВак» дае эфектыўнасць супраць сімптаматычнай хваробы ўсяго ў 38 %, тады як Сусветная арганізацыя здароўя лічыць эфектыўнымі тыя вакцыны, якія даюць хаця б 50 %.

У «народных справаздачах» – суполках у сацсетках, дзе вакцынаваныя расказваюць пра свой стан – пішуць, што эфектыўнасць «КовиВак» вельмі нізкая і што нават абарона ад цяжкага цячэння хваробы амаль адсутнічае.

Чым тады калоцца?

Эфектыўнасць двух дозаў усіх вакцынаў даволі нізкая супраць штаму о-мікрон – таму і прапануюць рабіць бустэрны ўкол.

Вакцыны ад каронавірусу бываюць некалькіх тыпаў, і так званыя інактываваныя вакцыны паказалі не асабліва высокую эфектыўнасць супраць новых штамаў каронавірусаў. Да інактываваных адносяцца кітайскія «CoronaVac» ад «Sinovac» і «Vero cell» ад «Sinopharm», расейская «КовиВак», індыйская «Covaxin», казахская «QazVac» і іншыя.

З даследаванняў вынікае, што найлепш бароніць ад траплення ў лякарню бустэр мРНК-вакцынамі: «Comirnaty» ад «Pfizer» і «BioNTech» і «Spikevax» ад «Moderna». Гэтыя вакцыны не пускаюць у Беларусь.

Інтэрв’ю
Вірусолаг аб расейскім «Спутніку» і рэвакцынацыі: «Адной прышчэпкі на ўсё жыццё дакладна недастаткова»
2022.01.03 17:12

Расейскі «Спутник» адносіцца да іншага тыпу – да вектарных, як і «Covishield» ад Оксфардскага ўніверсітэту і «AstraZeneca», і «Janssen» ад «Johnson & Johnson». Бустэрныя прышчэпкі гэткімі вакцынамі, падобна, даюць някепскую абарону ад о-мікрону, але навукоўцы аддаюць перавагу мРНК-вакцынам як больш эфектыўным.

У выпадку з расейскімі вакцынамі даводзіцца верыць або не верыць заявам чыноўнікаў і даследаванням саміх распрацоўнікаў вакцыны аб эфектыўнасці бустэру, а таксама ўскосным сведчанням. Вынікі клінічных выпрабаванняў расейскіх вакцынаў у Расеі забаранілі публікаваць, а яшчэ адна расейская вакцына, «ЭпиВакКорона», паказала мінусавую эфектыўнасць.

Hавiны
Прататып беларускай вакцыны ад каронавіруса зрабілі. Ёсць нюанс з новымі штамамі
2021.08.12 14:14

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў