Што Лукашэнка прапануе Пуціну за крэдыт, падтрыманне і зброю?


Яшчэ да пачатку вайсковых вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022» Лукашэнка заяўляў, што Пуцін наведае Беларусь. Падчас размовы з журналістамі на палігоне «Асіповіцкі», Лукашэнка яшчэ раз заявіў, што кіраўнік Крамля наведае з інспекцыяй вайсковыя вучэнні. Але ў Маскве гэтую інфармацыю абверглі. Затое візіты Лукашэнкі ў Расею сталі выглядаць нібы наведванні са справаздачамі, лічаць палітычныя аглядальнікі. 18 лютага Лукашэнка і Пуцін ладзяць чарговую сустрэчу ў Маскве.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Фота: kremlin.ru

17 лютага падчас наведвання палігону «Асіповіцкі» Лукашэнка фактычна абверг Міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, які заявіў, што пасля вайсковых вучэнняў усе расейскія салдаты пакінуць тэрыторыю Беларусі. Паводле словаў Лукашэнкі, яны будуць у Беларусі «колькі трэба».

«Як мы прымем заўтра рашэнне з Пуціным, так і будзе», – дадаў ён.

Доктар палітычных навук Павел Усаў у размове з «Белсатам» кажа, што насамрэч вырашаць гэтае пытанне будзе зусім не Лукашэнка.

«Калі менавіта Пуцін вырашыць, што войскі тут патрэбныя яшчэ на месяц, то будуць дыслакавацца і месяц, патрэбна на больш час – то так яно і будзе. Пазіцыя Расеі ў гэтым пытанні акрэслена, яна зацікаўлена, каб войскі тут засталіся стала», – кажа палітолаг.

Эксперт звяртае ўвагу, што візіт Лукашэнкі ў Маскву да Пуціна 18 лютага варта разглядаць у кантэксце тых геапалітычных падзеяў, якія адбываюцца ў рэгіёне. І статус Беларусі моцна змяніўся, цяпер нашая краіна не разглядаецца як незалежная дзяржава, а які толькі інструмент рэалізацыі вонкавапалітычных і стратэгічных мэтаў Расеі.

«Менавіта таму гэта адзін з адказаў на пытанне, чаму Пуцін не мае патрэбы ехаць у Беларусь, паколькі разглядае яе як тэрыторыю псіхалагічна і стратэгічна падпарадкаваную інтарэсам Расеі. У межах гэтага візіту, варта прагназаваць той факт, што ключавым пытаннем стане статус размяшчэнне расейскіх войск у Беларусі. Магчыма, што гэта будзе створаная нейкая вайсковая база, група», – кажа Павел Усаў.

На здымку са спадарожніка бачныя намёты і пабудовы для расейскіх войскаў у Ельні, Расея. 19 студзеня 2022 г.
Фота: 2022 Maxar Technologies / Handout via / Reuters

Расея будзе настойваць на павелічэнні сваіх войск у Беларусі

Па выніках сустрэчы могуць узнікнуць дамоўленасці пра стварэнне яшчэ аднаго вайсковага цэнтру ў Беларусі, могуць пакінуць тут «Іскандэры», С-400, лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«У стасунках з Усходам, Масква значна перагульвае Лукашэнку. Вайсковая прысутнасць Расеі ў нашай краіне пасля 2020 году істотна вырасла. Іншая справа, што за падтрыманне, Лукашэнка разлічваецца суверэнітэтам. На пэўным этапе колькасць можа перайсці ў якасць. А гэта значыць, мы можам у пэўны момант прачнуцца не ў незалежнай краіне, а ў нейкім паўночна-заходнім краі», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Грошай Масква Лукашэнку не дасць

Адметна, што перад візітам Лукашэнкі ў Маскву Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця заявіў, што не выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 3,5 млрд долараў ЗША. Але цалкам перастаць фінансава падтрымліваць афіцыйны Менск Масква не будзе. Беларусь павінная сёлета выплаціць больш за 3 мільярды долараў. Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што большая частка вонкавай запазычанасці Беларусі менавіта перад Масквой. Таму тут адразу ж паўстае праблема і перад Крамлём, бо калі не будзе рэфінансавання пазыкаў, то Менск можа апынуцца ў сітуацыі, калі не будзе чым плаціць, здарыцца дэфолт і такая сітуацыя для Масквы непажаданая.

«Вельмі дазавана, выціскаючы з Менску адразу ж саступкі, Масква выдзеліць грошы, каб працэс рэфінансавання ўсё ж не перарываць. Таму гэта ўзаемны інтарэс, гульня, якая будзе і надалей працягвацца. Але зусім закручваць гэты кранік Масква не будзе, бо ёй нявыгадна, каб адбываліся нейкія фінансавыя забурэнні, бо гэта захістае рэжым, а ў выніку гэта можа стаць і праблемай Масквы», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mod_russia / Twitter

Агулам Масква пагаджаецца цяпер выдзяляць сродкі свайму хаўрусніку толькі пасля выканання пэўных дамоўленасцяў. Магчыма, што гэта таксама будзе абмяркоўвацца на сустрэчы ў Маскве. Але больш актуальных тэмаў у стасунках Пуціна і Лукашэнкі практычна няма.

«Магчыма нейкія палітычныя пытанні будуць абмяркоўвацца. Але для Пуціна больш не з’яўляюцца важнымі і прынцыповымі пытаннямі рэферэндум і транзіт улады ў Беларусі. Для кіраўніка Крамля найбольш важным з’яўляецца прасоўванне стратэгічных інтарэсаў менавіта сыходзячы з таго, што расейцы пачалі адводзіць войскі, хоць раней вялося пра гатовасць да вайны, а адвод вайскоўцаў сёння – гэта сведчанне слабасці на міжнароднай арэне. Таму, каб не было выгляду пра слабасць, неабходна геапалітычнае кампенсаванне. І Беларусь можа стаць такім кампенсаваннем, тым больш, што гэта Расеі наагул не будзе нічога каштаваць», – кажа Павел Усаў.

Апошнія падзеі вакол Украіны, эскалацыя канфлікту з боку Расея прадэманстравалі, што суверэнітэт Беларусі вельмі хутка размываецца і ўсе дзеянні і рашэнні Лукашэнкі пра гэта сведчаць. Палітолагі сыходзяцца ў меркаванні, што Лукашэнка ўжо не можа супрацьстаяць ціску Расеі ў пытаннях пашырэння інтэграцыі, ці вайсковай палітычнай прысутнасці. Усё гэта сведчыць, што за палітычнае падтрыманне Лукашэнка разлічваецца суверэнітэтам.

Размова
Пуцін выкарыстае Беларусь для свайго «адказу» Захаду?
2022.02.16 14:43

МВ belsat.eu

Стужка навінаў