Праваабаронца хацела перавесці ў СІЗА 50 рублёў, але гэта аказалася «спробай фінансавання тэрарызму»


Праваабаронца і юрыст Наста Лойка хацела перавесці 50 рублёў знаёмаму, які ўтрымліваеца ў СІЗА. Але на пошце перавод не прынялі, а пашпарт дзяўчыны трапіў пад асаблівы кантроль, бо гэта аказалася «спробай фінансавання тэрарызму». Пра гэта расказаў блог «Отражение».

«Схадзіла на пошту, і мой пашпарт трапіў на фінансавы кантроль за спробу фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці», – напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Наста Лойка.

Наста Лойка. Менск, Беларусь, 2 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Нядаўна яе знаёмага перавялі ў следчы ізалятар іншага гораду, і, каб яго падтрымаць, Наста вырашыла перавесці яму грошы.

Трапіла на кантроль

«Я прыйшла на пошту, аформіла бланк электроннага пераводу, аддала касіру паперу. І калі яна пачала ўводзіць інфармацыю, у яе высвецілася пазнака пра тое, што чалавек з СІЗА знаходзіцца ў «пераліку арганізацыяў і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Там адразу сабраліся іншыя работнікі пошты, казалі пра «спіс». Я пацвердзіла, што чалавек сапраўды знаходзіцца ў «спісе тэрарыстаў». Яны папрасілі ў мяне пашпарт, зрабілі адзнаку ў фінансавай сістэме, сказалі, што не могуць прыняць перавод і што мае звесткі пойдуць на фінансавы кантроль», – распавяла Наста Лойка.

Гэта праваабаронцу не здзівіла. Як юрыст, Наста меркавала, што для людзей, якія знаходзяцца ў «пераліку арганізацыяў і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», існуюць нейкія абмежаванні.

Hавiны
Пракуратура заблакавала сайт праваабаронцаў «Human Constanta»
2022.01.13 16:41

Аказалася, Наста не першая, хто сутыкаецца з такой сітуацыяй. Мама гэтага ж хлопца спрабавала перавесці яму грошы з моманту яго затрымання ў канцы 2020 году, але ёй ні разу не ўдалося гэтага зрабіць.

«У ягонай мамы таксама папрасілі пашпарт, перапісалі дадзеныя і сказалі, што не могуць прыняць грашовы перавод. Але ніякіх наступстваў для яе не было. Яна ўспомніла, што ў яе пыталіся пра сферу дзейнасці.

У мяне таксама спыталі: «Хто вы?». Я сказала, што ягоная сяброўка. На што мне сказалі, што трэба назваць сферу дзейнасці. Яны мусяць уносіць гэтыя дадзеныя ў сістэму» – кажа Лойка.

Грашовы перавод як «фінансаванне тэрарызму»

Яна даведалася, што зняволеныя, унесеныя ў пералік, абмежаваныя ў праве атрымліваць грашовыя пераводы.

«Гэта звязана з забаронай фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. А калі людзі знаходзяцца ў «спісе тэрарыстаў», то перавод ім аўтаматычна лічыцца такім фінансаваннем. Гэта сур’ёзнае абмежаванне. Атрымліваецца, ён не можа сам падпісацца нават на газеты і часопісы, бо мы не можам яму перавесці для гэтага грошы. А калі яго адправяць у калонію, сітуацыя будзе сурʼёзней. Там важная атаварка, бо перадачы прымаюць вельмі рэдка, а ежы недастаткова і патрэбныя многія іншыя рэчы, якія асуджаны звычайна купляе сам», – кажа Наста Лойка.

Што чакае чалавека, які трапіў пад асаблівы кантроль праз спробу перавесці грошы «тэрарысту»?

На рукі дзяўчыне нічога не выдалі і ніякіх патрабаванняў ёй не выставілі. Яна мяркуе, што цяпер яе могуць праверыць органы фінансавага кантролю.

«Спіс тэрарыстаў»

«Я так разумею, што ў пошты ёсць інструкцыя, як у гэтай сітуацыі сябе паводзіць супрацоўнікам. Яны павінны адзначыць, хто спрабаваў перавесці грошы. Плюс яны пакінулі ў сябе бланк, які я запаўняла на перавод. Магчыма, яго потым перадаюць органам фінансавага кантролю. Думаю, у ДФР або іншых фінансавых органаў ёсць паўнамоцтвы для праверкі па такім сігнале. Магчыма, яны могуць узяць у мяне тлумачэнні з гэтай нагоды. Але, зразумела, што гэта абсурдна, і думаю, што ніхто не расцэніць спробу зрабіць грашовы перавод у следчы ізалятар як фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці. Хутчэй, гэта наступства таго, як пабудаваная сістэма…» – кажа яна.

«Спіс тэрарыстаў» у Беларусі вядзецца ад 2011 году. Раней туды ўносілі толькі людзей, якіх Рада Бяспекі ААН прызнавала асобамі, датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасці. Але з лістапада 2020 году ён выкарыстоўваецца ў Беларусі як рэпрэсіўны механізм.

Лойка нагадвае, што першымі ў яго трапілі Раман Пратасевіч і Сцяпан Пуціла. Цяпер у ім 43 чалавекі, уключаючы Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку. Там жа ёсць людзі, якія праходзілі па «справе Аўтуховіча».

зона.бел
Як выглядае сёння палітычная турма XIX стагоддзя на рацэ Бярэзіне. Былы вязень – пра бабруйскі СІЗА
2022.02.02 09:00

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў