Канада гатовая замяніць беларускі калій сваім


Канадскі вытворца калійных угнаенняў «Nutrien» можа павялічыць іх прадукцыю ў выпадку падаўжэння санкцыяў супраць Беларусі. Пра гэта паведамляе нямецкі фінансавы партал «Onvista».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Праз высокі попыт фермераў і ўжо ўведзеныя санкцыі сёлета ў кампаніі ў любым разе чакаюцца рэкордныя продажы калійных угнаенняў памерам ад 13,7 да 14,3 мільёна тонаў. Калі абмежаванні на імпарт прадукцыі з Беларусі акажуць больш моцны ўплыў на сусветныя пастаўкі, вытворчасць таксама можа быць пашыраная.

Летась «Nutrien» павялічыла продажу калійных угнаенняў да рэкордных 13,6 мільёна тонаў.

«Уралкалій» не будзе купляць «Беларуськалію»

Між тым расейскі вытворца калію «Уралкалій» не плануе набываць калійных актываў у Беларусі. Пра гэта заявіў старшыня рады дырэктараў «Уралхіму», якому належыць «Уралкалій», каментуючы чуткі пра тое, што кампанія разглядае магчымасць купіць Беларуськалій» і «Слаўкалій», што летась трапілі пад санкцыі ЗША.

«Гэта не адпавядае сапраўднасці. Мы не разглядаем развіцця калійных актываў за межамі Пермскага краю [Расеі. – Рэд. Belsat.eu]. Нашыя інтарэсы ў калійнай галіне сканцэнтраваны толькі ў гэтым рэгіёне», – заявіў старшыня праўлення «Уралхіму» Дзмітрый Каняеў, паведамляе «Nasdaq».

Паводле яго, «Уралкалій» не сустракаўся з беларускімі калегамі, і «любыя падобныя прапановы з беларускага боку разглядацца не будуць».

Hавiны
Украінская чыгунка спыняе перавоз беларускіх калійных угнаенняў
2022.02.15 14:33

Нагадаем, што праз заходнія санкцыі з 1 лютага перавоз беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю спыніла Літва.

Таксама Украіна з 16 лютага скасавала транзіт чыгункаю мінеральных угнаенняў «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў