Галадоўка Мацкевіча. Хто яшчэ галадаваў за кратамі ў Беларусі і чаго гэтым дамогся?


Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч трымае галадаванне з 4 лютага. З 15 лютага ён стаў галадаць насуха – адмовіўся і ад вады. А гэта значыць, кожны наступны дзень можа стаць для яго апошнім.

Філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Павел Хадзінскі

Пратэст у месцах зняволення – значна больш складаная рэч, чымся барацьба за свае правы на волі. Калі ў чалавека адымаюць усё, у ягоным распараджэнні застаецца толькі ўласнае цела і жыццё.

Даведка

Умоўна галадаванні дзеляцца на дзве катэгорыі: «на рэжым» – калі вязень пратэстуе супраць таго, што нешта парушаецца ў пенітэнцыярнай установе, не выконваюцца ўмовы і гэтак далей. Звычайна яна цягнецца 10 дзён ці да выканання патрабаванняў (допуск лекара, атрыманне лістоў і г. д.). Другі від галадавання – «на сістэму». Гэта ўжо палітычны пратэст, працягласць якога неабмежаваная і залежыць ад мэтаў вязня ды стану здароўя.

Галадоўнікі «на рэжым» часцей дамагаюцца выканання сваіх патрабаванняў. Але любая галадоўка – найперш спроба атрымаць розгалас і прыцягнуць увагу. Распавядаем пра самыя гучныя палітычныя галадаванні за кратамі ў Беларусі.

Палітычныя турэмныя галадоўкі ў Беларусі вядуць свой адлік з 1996 года, калі Юрый Хадыка і Вячаслаў Сіўчык такім чынам дамагліся свайго вызвалення з турмы. Рэкордныя галадаванні ў турме вытрымалі бізнесоўцы Сяргей Скрабец і Мікалай Аўтуховіч. А самую доўгу сухую галадоўку трымаў музыка і актывіст Ігар Банцэр. Можна таксама прасачыць і стаўленне адміністрацыяў да галадоўнікаў: раней да вязняў, якія абвяшчалі галадаванне, звярталі ўвагу, спрабавалі іх пераканаць, ішлі на саступкі ў патрабаваннях, якія датычылі ўмоваў утрымання. Пасля жніўня-2020 усё змянілася – у кепскі бок.

Артыкулы
Ці варта палітвязням трымаць галадоўку і ці гэта дапаможа выйсці на волю?
2022.02.13 02:05

1996-ы. Першыя палітычныя вязні

Сябры БНФ Вячаслаў Сіўчык і Юрый Хадыка – першыя беларускія палітвязні постсавецкага перыяду. Іх арыштавалі ўвесну 1996 года пасля буйных вясновых акцыяў апазіцыі і сутыкненняў дэманстрантаў з міліцыяй ды абвінавацілі ў арганізацыі беспарадкаў. На знак пратэсту палітыкі галадалі тры тыдні ў СІЗА на Валадарскага, апошнія тры дні Сіўчык правёў у рэанімацыі. 17 траўня вязняў вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе, крымінальную справу спынілі праз некалькі гадоў.

2005-ы. 40 дзён галадавання Сяргея Скрабца

Былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца арыштавалі і асудзілі на 2,5 года паводле абвінавачання ў вымыванні крэдыту з дзяржавы. Скрабец быў змешчаны ў берасцейскі ізалятар, дзе распачаў галадоўку на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі абвінавачання. Вязень галадаў амаль 40 дзён, у выніку галадоўкі ўмовы яго ўтрымання былі палепшаныя.

Акцыя падтрымання палітвязня Аляксандра Казуліна. У ёй узялі ўдзел Сяргей і Аляксандр Скрабцы, а таксама актывістка АГП Таццяна Ваніна, якія праводзяць галадоўку пратэсту.
Фота: радыё «Свабода». Крыніца: charter97.org

2005-ы. 74 дні і мінус 40 кг: галадоўка Мікалая Аўтуховіча

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які цяпер утрымліваецца пад вартай у межах крымінальнай справы, галадаў падчас сваіх папярэдніх зняволенняў. Першая галадоўка, у 2005 годзе, была найбольш цяжкай, працяглай і выніковай – вязень не еў 74 дні і страціў 40 кг вагі. Ён дамагаўся вызвалення, але ўлады адпусцілі яго пад хатні арышт. Пасля Мікалай атрымаў 3,5 года калоніі, але быў датэрмінова вызвалены пасля ціску з боку ЗША.

2006-ы. Галадоўка Аляксандра Казуліна

Аляксандр Казулін быў кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2006 годзе. Пасля выбараў быў арыштаваны і асуджаны на 5,5 года калоніі. У віцебскай калоніі ён галадаў 53 дні, патрабуючы разгляду «беларускага» пытання на Радзе Бяспекі ААН. Тады прадстаўнік ЗША ў ААН сапраўды спрабаваў узняць тэму парушэння правоў чалавека ў Беларусі, але прапанова была заблакаваная Расеяй.

2009-ы. Зноў Аўтуховіч: галадоўка і ўспорванне жывата

Другі раз Мікалая Аўтуховіча затрымалі і абвінавацілі ў падпале дому міліцыянта. 90 дзён вязня трымалі ў СІЗА, не выстаўляючы абвінавачання, гэты час ён адмаўляўся ад ежы. Гэтым разам Аўтуховіч пайшоў на больш радыкальны крок – ён успароў жывот у камеры гарадзенскай турмы, пратэстуючы супраць дзеянняў адміністрацыі.

На знак салідарнасці з Мікалаем Аўтоховічам бестэрміновую галадоўку абвясцілі палітычныя дзеячы і грамадскія актывісты. Усяго ў галадаванні бралі ўдзел 32 чалавекі, сярод якіх – сябры «Маладога фронту» Наста Палажанка (Дашкевіч), Андрэй Цянюта, Мікола Дземідзенка, Арцём Дубскі. Удзельнікі спынілі галадаваць пасля звароту да іх беларускіх палітыкаў.

Hавiны
«Калі ў турме галадае філосаф, гэта нейкі край». Што ў сацсетках пішуць пра Уладзіміра Мацкевіча
2022.02.12 00:35

2011-ы. Чалавек-сцяг Сяргей Каваленка: мінус 30 кг вагі

Віцебскі актывіст Сяргей Каваленка аб’явіў галадоўку 20 снежня 2011 года на знак пратэсту супраць свайго затрымання і крымінальнага пераследу: супрацоўнікі ініцыявалі супраць яго справу за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі», якой пакаралі за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской святочнай яліне ў 2010 годзе. Галадаваць актывіст спыніў у сакавіку 2012 года, за час галадоўкі ён страціў каля 30 кг вагі. Яго неаднаразова спрабавалі прымусова карміць і ў выніку змясцілі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Каваленка атрымаў 2 гады калоніі, але быў датэрмінова вызвалены пасля прашэння на імя Лукашэнкі.

Сяргей Каваленка. 21 лютага 2012 года.
Фота: Сержук Серабро / Народныя навіны Віцебска

У псіхіятрычным аддзяленні на тэрыторыі папраўчай калоніі «Віцьба-3» актывіста пачалі прымусова карміць праз зонд, які ўстаўляецца праз рот у страўнік. Да шасці разоў на дзень Каваленку ўлівалі дзіцячую малочную сумесь «Беллакт», а таксама ставілі кропельніцы з глюкозай, амінакіслотамі і вітамінамі. Падчас галадоўкі актывіст, які раней важыў каля 83 кг, страціў амаль палову сваёй вагі.

2015-ы. Юрый Рубцоў: 50 дзён і мінус 20 кг

У 2014 годзе грамадскі актывіст з Гомля Юрый Рубцоў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за знявагу суддзі. Адбываючы пакаранне ў Купліне, абвесціў бестэрміновае галадаванне з патрабаваннем прапанаваць яму працу з дэклараваным у краіне сярэднім заробкам у эквіваленце 600 долараў, а таксама вылучыць штодзённа гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазіцыі, каб яна магла пазнаёміць грамадзянаў Беларусі з альтэрнатыўным поглядам на эканамічнае і палітычнае жыццё ў краіне. Патрабаванні выкананыя не былі, хоць палітвязень галадаваў каля 50 дзён і схуднеў больш як на 20 кг. Пасля ён трымаў галадаванне на знак пратэсту супраць абыходжання з ім і ўмоваў утрымання ў Баранавіцкім следчым ізалятары.

Артыкулы
«Гэтае зняволенне вельмі сімвалічнае». Філосаф Уладзімір Мацкевіч – паўгода за кратамі
2022.02.04 10:00

Галадоўкі пасля жніўня-2020

Пасля выбараў 2020 года палітычныя галадоўкі за кратамі сталі масавымі. Іх аб’яўлялі вязні на знак пратэсту супраць умоваў утрымання і ціску адміністрацыі. Напрыклад, баранавіцкі актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар, які праходзіць у «справе Аўтуховіча», абвесціў галадоўку ў карцары, куды яго неаднаразова змяшчалі. У лістападзе 2021-га ў двухмясцовай камеры ЦІП на Акрэсціна галадавалі 10 жанчын. Умовы ўтрымання былі жудасныя, ім нават не выдавалі туалетнай паперы і мыла. Жанчыны патрабавалі вярнуць затрыманым шпацыры, вадзіць у душ, выключаць у камерах святло на ноч, выдаваць усе неабходныя рэчы згодна з нормамі, вярнуць усе рэчы і лекі. Наталля Хершэ ў няволі трымала галадоўкі двойчы ў 2021 годзе і аднойчы ў 2022 годзе, прынамсі двойчы дамагалася паляпшэння ўмоваў утрымання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

2020-ы. Ігар Лосік

Адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і фрылансера-кансультанта радыё «Свабода» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу ўдома ў Баранавічах. На яго завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У снежні 2021-га яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі. За кратамі ён двойчы трымаў галадоўку, каб паказаць нязгоду з абвінавачаннямі. Першы раз ён галадаў 42 дні і спыніўся, калі пабачыў хвалю салідарнасці. Другі раз, калі яму выставілі больш жорсткае абвінавачанне, ён на вачах следчага парэзаў рукі, абвясціў сухую галадоўку і трымаў яе чатыры дні. За галадоўку яго кінулі ў карцар.

Артыкулы
Стаўка большая, чым жыццё: галадаванне Мацкевіча ў СІЗА. Пра што піша філосаф з-за кратаў
2022.02.10 16:19

2021-ы. Ігар Банцэр: рэкордная 16-дзённая сухая галадоўка

Гарадзенскі панк-музыка і актывіст Ігар Банцэр, якога судзілі за «хуліганства», танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай, абвясціў сухую галадоўку 3 сакавіка падчас суда над ім.

Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка 2020 года. Музыка правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 5 месяцаў: яго кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, змяшчалі ў карцар. Падчас суда, каб абараніць свае правы, Банцэр абвесціў сухое галадаванне і трымаўся без вады і ежы 16 дзён, да вынясення выраку. Праз гэта ў яго пагоршылася здароўе. Адміністрацыя турмы сачыла за яго станам, пагражала прымусовым кармленнем, аднак да гэтага справа не дайшла. Вязня наведваў лекар і псіхолаг.

Ігар Банцэр.
Фота: МК / Белсат

19 сакавіка 2021 года суддзя Наталля Козел прысудзіла музыку 1,5 года «хіміі». Яго выпусцілі ў зале суда. Пасля пераліку тэрміну Банцэру заставалася сядзець 8 месяцаў. У чэрвені ён паехаў адбывае пакаранне ў ПУАТ № 9 у Віцебску. Агулам са жніўня за ўвесь час віцебскай «хіміі» актывіст прасядзеў у штрафным ізалятары 82 дні. На знак пратэсту ён неаднаразова абвяшчаў галадоўкі, падчас адной з іх схуднеў на 10–15 кг. Аднак гэта ніяк не паўплывала на адміністрацыю «хіміі».

СП belsat.eu

Стужка навінаў