«Вясна» звярнулася ў ААН з нагоды суда над Бабарыкам


Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуўся з тэрміновым паведамленнем у Раду правоў чалавека ААН. Арганізацыя просіць даць ацэнку парушэнням галоснасці судовага разбіральніцтва і ўжывання дыскрымінацыйнага падыходу ў дачыненні недзяржаўных медыяў, якіх не акрэдытавалі на слуханні ў справе Віктара Бабарыкі.

«Вясна» звярнулася да спецыяльных дакладчыкаў ААН у сферы свабоды выказвання меркаванняў і правоў чалавека ў Беларусі, адзначаючы, што дзеянні ўладаў як парушаюць прынцып адкрытасці судовага разбіральніцтва, так і дэманстратыўна дыскрымінуюць незалежныя медыі, якім адмовілі ў акрэдытацыі.

Юрыст «Вясны» Аляксей Лойка адзначае, што ўлады парушаюць прынцып публічнага судовага разбіральніцтва, які замацаваны ў пункце 1 артыкулу 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Ён рэзюмуе, што ўлады чарговы раз прадэманстравалі «гнуткасць» у выкарыстанні пандэміі: падчас правядзення УНС адзінкі з прысутных у зале былі ў масках. Калі ж справа датычыць «Белгазпрамбанку», Вярхоўны Суд захваляваўся пра размяшчэнне людзей у зале судовага пасяджэння.

На думку юрыста, усё гэта вельмі нагадвае падзеі пачатку жніўня мінулага года, калі ўлады выкарыстоўвалі захады для барацьбы з COVID-19, каб ніхто не змог убачыць працэдуру галасавання і падліку вынікаў – гэта прывяло да таго, што пераважная частка грамадства паставіла пад сумнеў афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў.

Раней улады анансавалі адкрыты працэс у справе «Белгазпрамбанку». Але прадстаўнікі незалежных беларускіх медыяў трапіць на суд над Віктарам Бабарыкам не здолелі. Журналістам БелаПАН, TUT.BY, Naviny.by, Onliner, «Белорусы и рынок» у акрэдытацыі адмовілі. У судзе патлумачылі, што акрэдытавалі 20 журналістаў, якія ўчора даслалі заяўкі першымі. Хоць незалежныя медыі адпраўлялі іх і ўчора, і ў дзень, калі стала вядомая дата паседжання. Акрамя прадстаўнікоў дзяржаўных і расейскіх СМІ на працэс пускаюць толькі сваякоў абвінавачаных і адвакатаў. Гэта абгрунтавалі захадамі эпідэмічнай бяспекі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў