Трэці дзень суда над Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай. ОНЛАЙН


У судзе Фрунзенскага раёну Менску 17 лютага пачынаецца трэцяе паседжанне ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Нашых каляжанак вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

13:40 Прысуд агучаць 18 лютага а 10:00.

13:20 Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова выступілі з апошнім словам.

Працяг працэсу над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.
Фота: Белсат

Дар’я Чульцова:

«Высокі суд, прашу вас дасканальна разабрацца і даць непрадузятую ацэнку матэрыялам справы. Усе матэрыялы ўказваюць на маю невінаватасць. Я спадзяюся на сумленны, справядлівы і законны апраўдаўчы прысуд».

Кацярына Андрэева:

«Мне 27 гадоў, шэсць з іх я прысвяціла любімай прафесіі – журналістыцы.

Мінулым летам я ператварылася ў рэпарцёра з гарачай кропкі. Кожны раз, калі я працавала, я рызыкавала не толькі сваёй свабодай, але і здароўем, жыццём. Для маёй сям’і гэта значыла, што аднойчы я магу не вярнуцца дадому. І тым не менш я ішла ў вір падзеяў, каб паказаць гледачу ўсё без межаў. Мне ўдавалася ўхіляцца ад гумовых куляў і працягваць весці рэпартаж, працягваць выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Маім калегам пашчасціла менш. Іх білі ў жывот, ім ламалі насы, у іх стралялі з некалькіх метраў. І дагэтуль паводле фактаў гвалту над журналістамі не заведзена ніводнай крымінальнай справы, як і над мірнымі грамадзянамі, якія пратэставалі».

13:05 Сяргей Зікрацкі адзначае, што ў словах Кацярыны няма ніводнага, якое б магло быць успрынятае як заклік да масавых беспарадкаў, і ў іхных дзеяннях таксама. А бок абвінавачвання не падаў ніводнага пацверджання гэтага парушэння. Адвакат кажа пра тое, што журналісткі добра і мірна выконвалі сваі абавязкі, а калі іх вінавацяць за іхную працу, то гэта парушае міжнародныя нормы свабоды слова.

12:55 Сяргей Зікрацкі пытаецца, чаму паглядзелі толькі тыя запісы, якія запатрабавала пракурор.

«Мы ж не можам убачыць агульную карціну, і ўжо даказана, што ў Каціных словах няма заклікаў».

Ён адзначае, што Дар’я – гэта іншыя гісторыя, бо яна ўвогуле маўчала.

«Калі журналістка палічыла патрэбным спаслацца на нейкі тэлеграм-канал, то гэта цалкам ейнае права».

Зікрацкі зачытаў словы Кацярыны, як яна кажа пра зброю ў сілавікоў, што людзям патрэбная дапамога і што ім няма чым абараняцца.

«І гэта бок абвінавачання лічыць грубым парушэннем парадку?»

Абноўлена
«Амаль тры месяцы за кратамі». Суд над журналісткамі «Белсату». Онлайн
2021.02.09 09:50

12:35 Адвакат Сяргей Зікрацкі згадвае запісы тэлефанаванняў «мясцовых жыхароў», якія праслухоўвалі 16 лютага, але гэтыя людзі не называлі ніводнага дзеяння, што груба парушае грамадскі парадак.

«Калі следчы рабіў запыт у «Менсктранс», ён адразу папрасіў ацаніць шкоду, якая была нанесеная перакрыццём дарогі праз масавыя беспарадкі. І гэта той доказ, паводле якога ў судзе выносіцца абвінавачанне». Інфармацыя аб памеры шкоды – гэта наогул загадка».

Зікрацкі адзначае, што 16 лютага стрым прагледзелі фрагментамі, а не цалкам.

11:55 Слова бярэ адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі. Ён падрыхтаваў для свайго выступу вялікую прэзентацыю. Юрыст згадвае падзеі паслявыбарнага перыяду і забойства Рамана Бандарэнкі.

«Улады ведалі, што на плошчу Пераменаў прыйдуць людзі, і павінны былі арганізаваць іх бяспеку. Тысячы людзей не маглі б змясціцца на тратуары, і цалкам лагічныя былі дзеянні з боку людзей выйсці на праезную частку. Улады мусілі выконваць права людзей на мірны сход. Нават калі сход быў не арганізаваны, гэта не павінна перашкаджаць журналістам асвятляць яго. […] Я ўпэўнены, што ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было. Аднак следчыя ўсё ж распачалі крымінальныя справы на журналістак і нават «расследавалі» іх.

[…] Каб лічыць, што журналісткі здзейснілі дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, там павінна была быць трэцяя асоба, якая б пацвердзіла іхную віну, калі б хтосьці прыйшоў сюды ў залу і сказаў, што, маўляў, «так, праз дзеянні Бахвалавай і Чульцовай я выйшаў і стаў у счэпку». Такіх людзей не было… Нам яшчэ трэба высветліць факт прыпынення грамадскага транспарту, хто канкрэтна гэта зрабіў. Ніхто з «Менсткрансу» дакладна не мог высветліць, а каторай і чаму спыніўся рух грамадскага транспарту: ці спачатку людзі перакрылі рух транспарту, ці нехта іншы перакрыў дарогу, пасля чаго спыніўся грамадскі транспарт».

Hавiны
Другі дзень суда над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. ОНЛАЙН
2021.02.16 14:22

11:45 Адвакат Дар’і Чульцовай Аляксандр Хаецкі кажа, што дыскі з доказам не былі апячатаныя, таму ёсць сумневы, адкуль у следства ўвогуле гэтыя запісы; ператрус праводзілі не зразумела як, без санкцыі пракурора. Ён дадае, што няма ўцямнага тлумачэння розніцы, што такое проста парушэнне грамадскага парадку і грубае парушэнне грамадскага парадку. Таксама адзначае, што няма доказаў таго, што Дар’я і Кацярына выходзілі на праезную частку. Трансляцыя не можа ўтрымліваць у сабе прыкметаў закліку да дзеянняў, і адвакат кажа, што на месцы не было мабільнага інтэрнэту, таму дзяўчыны не маглі арганізаваць масавых беспарадкаў.

11:35 Адвакат Дар’і Чульцовай Аляксандр Хаецкі кажа, што прадстаўленыя абвінавачанні не могуць быць доказам правапарушэння.

11:30 Дзяржаўная абвінаваўца сцвярджае, што Кацярына ведала, што на месца прыехала міліцыя. Пра гэта сведчыць тое, што дзяўчыны хаваліся ад праваахоўнікаў у кватэры і хаваліся ад дронаў, клаліся на падлогу.

Паводле Аліны Касьянчык, адвакаты спрабуюць пазбавіць іх адказнасці ад здзейсненага злачынства.

«Гэта павышаны характар небяспекі правапарушэння», – сцвярджае Касьянчык.

Яна запатрабавала для Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай 2 гады пазбаўлення волі кожнай. Просіць канфіскаваць усю тэхніку на карысць дзяржавы.

Працяг працэсу над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.
Фота: Белсат

11:25 Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае, што дзяўчыны рабілі ў кватэры, апісвае тэхніку, з якой яны былі 15 лістапада. Зноў згадвала незадаволенных «мясцовых жыхароў», якія званілі на нумар 102.

«З карыслівых меркаванняў у камізэльцы «Прэса» і з дапамогаю тэлефонаў яны здзейснілі гэтае злачынства», – сцвярджае дзяржаўная абвінаваўца.

Дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык кажа, што дзяўчыны выходзілі на праезную частку дарогі і бралі там каментар, таму транспарт спыніўся. Нібыта гэта выклікала масавы выхад людзей на праезную частку дарогі, а значыць, і арганізацыю масавых беспарадкаў.

11:15 Адвакат падаў хадайніцтва аб перапынку, каб звязацца з яшчэ адным спецыялістам-лінгвістам. Дзяржаўная абвінаваўца была супраць, і суддзя адмовіў. Судовае следства скончанае, пачынаюцца спрэчкі бакоў.

11:10 Да справы далучылі ліст ад брытанскай праваабарончай арганізацыі Article19. У ім напісана, што журналісткі выконвалі свае журналісцкія абавязкі, не заклікалі да дзеянняў. Арганізацыя выступае з патрабаваннем вызваліць журналістак і выконваць права на свабоду слова.

10:55 Разбіраюць фразу «Заставайцеся з намі». Лінгвіст тлумачыць у экспертызе, што гэтая фраза распаўсюджаная і не заклікае да дзеянняў. Суд прагледзеў усе матэрыялы справы. Адвакат дадае да справы копію дыплому Дар’і.

Адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі просіць дадаць да справы запыт у БАЖ, аналіз прафесійнай этыкі журналістак.

Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў сцвярджае, што Каця не заклікала гледачоў да аніякіх дзеянняў, прытрымлівалася прынцыпаў аб’ектыўнасці, якія адпавядаюць прынцыпам прафесійнай этыкі журналіста.

Працяг працэсу над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.
Фота: Белсат

10:40 Суддзя Наталля Багук зачытвае на беларускай мове лінгвістычны аналіз стрыму, які замовілі адвакаты. Эксперт, прадстаўнік Акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Лукашанец, у дакуменце адзначыў, што словы Кацярыны Андрэевай не ўтрымліваюць заклікаў да нейкіх актыўных дзеянняў, яна апісвае сітуацыю. У экспертызе сцвярджаецца, што адсутнічаюць прыкметы арганізацыі дзеянняў і звароты да ўдзельнікаў. Відаць, што Кацярыне складана гэта чуць.

«Рэпартаж накіраваны на тых людзей, якія застаюцца дома і не прысутнічаюць на месцы падзей», – яшчэ адна вытрымка з экспертызы.

Працяг працэсу над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Дзень трэці.
Фота: Белсат

10:25 Цяпер у cудзе праглядаюць і называюць рэчы, з якімі журналістак затрымалі: штодзённікі, сшыткі, штатыў, мікрафон, флэшкі, плэер, дыктафон, тэлефоны, камера, акумулятарны блок, перадатчык, камізэлькі сіняга колеру з надпісам «Прэса». Дзяржаўны абвінаваўца дастае гэтыя рэчы з вялікай торбы. Дастае вялікі бел-чырвона-белы сцяг і разгортвае яго, прысутныя ўсміхнуліся.

10:15 Суддзя прыняў адмову ўсіх фінансавых прэтэнзіяў «Менсктрансу». Паводле гэтай арганізацыі, была нанесеная шкода прадпрыемству больш як на 18 тысячаў рублёў, якую цалкам кампенсавалі сваякі Кацярыны і Дар’і. Вытворчасць паводле грамадзянскага пазову суддзя спыніў.

Відаць, што Кацярына і Дар’я хвалююцца, але ўсміхаюцца і трымаюцца бадзёра. У калідоры засталіся 8–10 чалавек аховы і некалькі наведнікаў, якіх не пусцілі ў судовую залу.

Працяг працэсу над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Дзень трэці.
Фота: Белсат

10:05 Людзей пачалі запускаць у судовую залу. Кацярына і Даша ўжо там.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова на трэцім паседжанні.
Фота: Белсат

10:00 На паседжанне, як і на папярэднія два, зноў прыйшло шмат людзей, якія хочуць падтрымаць дзяўчат. Шмат сілавікоў у цывільным, выстаўленыя рамкі. Пад будынкам суда бус з АМАПам.

Працяг працэсу над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.
Фота: Белсат
Hавiны
«Прымітыўны акт помсты спецслужбаў». Што трэба ведаць пра суд над Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай
2021.02.15 14:17

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому, што на Сморгаўскім тракце, куды іх пусцілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

20 лістапада журналісткам выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай ды этапавалі ў жодзінскую турму. У Жодзіне трымалі ў асобных камерах. Напярэдадні суда дзяўчат этапавалі ў Менск.

Кацярына і Дар’я сваёй віны не прызналі. Акрамя таго, Каця наагул адмовілася даваць паказанні падчас следства.

Міжнароднае падтрыманне

Кацярыну і Дар’ю прызналі палітвязнямі ўжо праз чатыры дні пасля выстаўлення ім абвінавачання. А ў снежні дзяўчаты сталі лаўрэаткамі прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі «Журналіст года». Брытанская праваабарончая арганізацыя «Article 19» у адмысловай заяве падкрэслівае, што абвінавачанні, выстаўленыя журналісткам, супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, а іхны пераслед – парушэнне права на свабоду выказвання думкі.

Hавiны
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева: што трэба ведаць пра зняволенных журналістак «Белсату» і іх пераслед
2021.02.08 07:30

У абарону журналістак выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, ПЭН-цэнтр Беларусі, Асацыяцыя польскіх журналістаў, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Еўрапейская федэрацыя журналістаў, расейскія няўрадавыя арганізацыі «Свабоднае слова» і ПЭН-Масква. Саюз журналістаў Літвы ўзнагародзіў журналістак прэміяй «Надзея свабоды».

У межах міжнароднага праекту салідарнасці з палітвязнямі «хросным» Кацярыны Андрэевай стаў сусветна вядомы нямецкі філосаф Юрген Габэрмас (Jürgen Habermas). А Дар’ю Чульцову пад апеку ўзяла дэпутатка літоўскага Сейму Даля Асанавічуце (Dalia Asanavičiūtė).

Стужка навінаў