Сілавікі прыйшлі ў кватэры затрыманых пад Смалявічамі музыкаў РСП. Шукалі пратэставую сімволіку


Да музыкаў гурта «Разбітае сэрца пацана» (РСП), якіх затрымалі 13 лютага за канцэрт пад Смалявічамі, прыйшлі з аглядамі міліцыянты, піша TUT.BY.

«На гэты момант нам вядома, што дадому да чатырох удзельнікаў РСП прыходзілі супрацоўнікі органаў унутраных справаў, праводзілі агляд на прадмет забароненай сімволікі», – распавяла менеджарка гурту Настасся Доль.

Дзяўчына сцвярджае, што сілавікі паводзілі сябе спакойна, нічога забароненага не знайшлі. Паводле інфармацыі TUT.BY, з такімі аглядамі прыходзілі і да іншых затрыманых пад Смалявічамі.

Увечары 13 лютага на базе адпачынку «Аганёк» у Смалявіцкім раёне затрымалі ўдзельнікаў і гледачоў канцэрту беларускіх гуртоў «Разбітае сэрца пацана» («РСП»), «Panska Moc» і «Ok-band». У МУС імпрэзу назвалі «несанкцыяваным масавым мерапрыемствам», на якім пад выглядам вечарыны «сабраліся актывісты дэструктыўных чатаў». Сілавікі сцвярджаюць, што ўдзельнікі канцэрту ўжывалі алкаголь, а адна з дзяўчат, магчыма, наркотыкі. Яе завезлі на медычны агляд.

Судзілі затрыманых 15 лютага. Настассю Доль аштрафавалі на 30 базавых велічынь. Паўлу Гарадніцкаму і Андрэю Асіпчыку, яшчэ двум удзельнікам гурту, далі 15 содняў арышту кожнаму.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў