Памочніца пракурора запытала 2 гады зняволення для журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай


Сёння ў судзе Фрунзенскага раёну Менску працягваецца працэс у справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Нашым каляжанкам патрабуюць прызначыць 2 гады пазбаўлення волі.

Такое пакаранне запатрабавала памочніца пракурор Аліна Касьянчык. Таксама яна просіць канфіскаваць усю тэхніку дзяўчат на карысць дзяржавы.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Спачатку на дзяўчат склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП – іх звінавацілі ў тым, што яны нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту. У пастанове адзначалася, што складу злачынства ў іхных дзеяннях няма.

20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Агулам паводле гэтага артыкулу можна атрымаць да 3 гадоў зняволення.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў