Менчука будуць судзіць за «збіццё» мужчыны з дзяржсімволікай. Ён можа атрымаць да 3 гадоў зняволення

Канфлікт праз дзяржаўную сімволіку. Фота: Sk.gov.by

Маскоўскі раённы аддзел (Менску) Следчага камітэту скончыў расследаванне ў дачыненні 33-гадовага жыхара сталіцы. Ён нібыта збіў 49-гадовага мужчыну праз вопратку з дзяржаўнай сімволікай.

Канфлікт адбыўся летась 25 лістапада. 49-гадовы мянчук ехаў у 69-м аўтобусе. Раптоўна падазраваны «стаў на яго крычаць і зневажаць», а калі пацярпелы падняўся са свайго месца, «пайшоў за ім і некалькі разоў ударыў яго нагамі». Пазней абодва выйшлі з аўтобуса. На вуліцы падазраваны нібыта схапіў мужчыну за куртку і паваліў. Канфлікт быццам спыніў афіцэр унутраных войскаў, які праходзіў побач.

СК сцвярджае, што падазраваны быў п’яны. Таксама адзначаюць: яго неаднаразова судзілі за хуліганства і пашкоджанне маёмасці, а цяпер мужчына беспрацоўны. На допыце ён быццам патлумачыў, што яму не спадабалася куртка з дзяржаўнай сімволікай, якая была на пацярпелым.

Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 339 («Хуліганства») Крымінальнага кодэксу. Санкцыя паводле яго прадугледжвае да 3 гадоў зняволення.

ЯП belsat.eu

Hавiны