Доказаў няма, а ў падзеях на плошчы Пераменаў вінаватыя ўлады. Высновы адвакатаў Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай


Сёння ў судзе Фрунзенскага раёну Менску прайшло чарговае паседжанне ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. На ім адбыліся спрэчкі бакоў. Адвакаты нашых каляжанак настойвалі на іхнай невінаватасці.

Аляксандр Хаецкі, адвакат Дар’і Чульцовай, казаў, што агучаныя дзяржаўнай абвінаваўцай аргументы не могуць быць доказам правапарушэння журналістак. Дыскі з доказамі не былі апячатаныя, таму ёсць сумневы наконт таго, адкуль у следства ўвогуле гэтыя запісы. Ператрус адбываўся без санкцыі пракурора.

«Трансляцыя не можа мець у сабе прыкметаў закліку да дзеянняў. Да таго ж, на месцы не было мабільнага інтэрнэту, і таму журналісткі нічога не маглі арганізаваць», – упэўнены Хаецкі.

Адвакат Сяргей Зікрацкі, які абараняе Кацярыну Андрэеву, згадаў запісы тэлефанаванняў «мясцовых жыхароў», якія праслухоўвалі 16 лютага, але гэтыя людзі не называлі ніводнага дзеяння, што груба парушала грамадскі парадак.

«Калі следчы рабіў запыт у «Менсктранс», ён адразу папрасіў ацаніць шкоду, якая была нанесеная перакрываннем дарогі праз масавыя беспарадкі. І гэта той доказ, на падставе якога ў судзе выносіцца абвінавачанне». Інфармацыя аб памеры шкоды – гэта наогул загадка».

Зікрацкі адзначыў, што 16 лютага стрым прагледзелі фрагментамі, а не цалкам. Ён лічыць, што сярод словаў Кацярыны няма ніводнага, якое б магло быць успрынятае як заклік да масавых беспарадкаў. Тое ж датычыць іншых дзеянняў журналістак. А бок абвінавачання не прадставіў ніводнага пацверджання гэтага парушэння. На думку адваката, журналісткі добра і мірна выконвалі свае абавязкі, а калі іх вінавацяць за іхную працу, то гэта парушае міжнародныя нормы свабоды слова. Да таго ж, ён упэўнены, што гарантаваць бяспеку людзей на плошчы Пераменаў мусілі самі ўлады.

«Улады ведалі, што на плошчу Пераменаў прыйдуць людзі, і павінны былі арганізаваць іхную бяспеку. Тысячы людзей не маглі б змясціцца на тратуары, і цалкам лагічныя былі дзеянні з боку людзей, выйсці на праезную частку. Улады павінны выконваць права людзей на мірны сход. Нават калі сход быў не арганізаваны, гэта не павінна перашкаджаць журналістам асвятляць яго. […] Я ўпэўнены, што ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было. Аднак следчыя ўсё ж распачалі крымінальныя справы на журналістак і нават «расследавалі» іх».

Hавiны
Трэці дзень суда над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. ОНЛАЙН
2021.02.17 09:56

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Спачатку на дзяўчат склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП – іх звінавацілі ў тым, што яны нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту. У пастанове адзначалася, што складу злачынства ў іхных дзеяннях няма.

20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Яго санкцыя прадугледжвае да 3 гадоў зняволення.

Пракурор Аліна Касьянчык запытала для Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай два гады зняволення. Таксама яна просіць канфіскаваць усю тэхніку дзяўчат на карысць дзяржавы. Вырак агучаць заўтра, 18 лютага, а 10-й гадзіне.

Hавiны
«Прымітыўны акт помсты спецслужбаў». Што трэба ведаць пра суд над Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай
2021.02.15 14:17

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў