«Для нас таксама час зменаў наступіў, як і ў краіне». Сілавікі высяляюць царкву, якая асудзіла гвалт у Беларусі


Міліцыя каля царквы «Новае жыццё».
Фота: чытачы belsat.eu

Сілавікі 17 лютага высяляюць пратэстанцкую царкву «Новае жыццё», што ў менскім мікрараёне Сухарава. Падрабязнасці гэтага карэспандэнту belsat.eu распавяла сакратар царквы Лера.

Сакратарка «Новага жыцця» адзначыла, што сілавікі прыехалі каля 11:00, калі ў царкве праходзіла малітва. Кадры гэтага публікуе ў Facebook грамадскі актывіст і пратэстанцкі вернік Андрэй Кім.

«Яны выразалі дзверы, увайшлі ды сказалі, што паводле судовага рашэння будзе перапіс маёмасці. Нам сказалі пакінуць памяшканне – пры супраціве будзе адміністратыўная адказнасць», – распавяла «Белсату» сакратарка царквы Лера.

Вернікі каля царквы «Новае жыццё».
Фота: чытачы belsat.eu

Вернікі выйшлі з царквы і папрасілі вынесці рэчы, але ім дазволілі забраць толькі рэчы з кабінетаў. Да царквы пачалі прыязджаць іншыя прыхаджане, якія дапамаглі вынесці рэчы. Пакуль ніхто не затрыманы.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка ў звароце да вернікаў адзначыў, што высяляць царкву прыехалі судовыя выканаўцы, прадстаўнікі ЖРЭА і шмат міліцыі. Яны патрабуюць выканання судовай пастановы яшчэ 2009 года, якую прадстаўнікі царквы не прызналі законнай і доўгі час аспрэчвалі.

«Для нас цяпер таксама час зменаў наступіў, як і ў краіне», – дадаў пастар.

Адзначым, што ў лістападзе 2020 года вернікі «Новага жыцця» запісалі відэа, у якім асудзілі гвалт з боку сілавікоў, ілжэсведчанні ў судах і рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі за іхныя погляды.

Кіраўніцтва Аб’яднання хрысціянаў поўнага Евангелля, да якога належыць «Новае жыццё», у верасні 2020 года таксама абуралася тым, што каталіцкаму мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу быў забаронены ўезд у Беларусь.

  • Канфлікт уладаў і вернікаў пачаўся яшчэ ў 2005 годзе. Тады менскія чыноўнікі вырашылі выселіць царкву з будынку, які паўстаў у 1992-м у былым кароўніку. Вернікі адмовіліся пакідаць царкву, збудаваную за іхныя сродкі, і нават арганізавалі пост-галадаванне. Сітуацыя прыцягнула міжнародную ўвагу.
  • Горад часова адступіўся, але затым канфлікт выбухнуў зноў. Судовыя выканаўцы дасылалі лісты, праводзілі размовы, аднак вернікі не саступаюць. На месцы царквы ўлады плануюць збудаваць школу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў