Берасцейскі актывіст з'ехаў з краіны. Ён быў фігурантам у «карагоднай справе»


Кіраўнік культурна-асветнай установы «Грунт» Віктар Клімус абвесціў, што перайшоў у шэраг палітэмігрантаў. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.

«Нямногія ведалі. Некаторыя здагадваліся. Для ўсіх астатніх мушу прызнацца публічна: я – палітэмігрант.

Доўга давалася гэтае рашэнне. Але на дадзены момант я перакананы – адсюль змагу зрабіць больш. Пры ўсіх мінусах эміграцыі, прасторы для манеўру ў Беларусі на гэты момант не засталося зусім.

Сядзець не хачу. Мой парваны пашпарт цяпер не зменіць нічога, на жаль. Таму прабачце і не судзіце строга», – паведаміў актывіст.

Нямногія ведалі. Некаторыя здагадваліся.

Для ўсіх астатніх мушу прызнацца публічна: я –

палітэмігрант.

Доўга давалася…

Опубликовано Viktar Klimus Вторник, 16 февраля 2021 г.

Летась 16 лістапада ў кватэры Віктара Клімуса правялі ператрус. Ён стаў фігурантам «карагоднай справы». 13 верасня на пратэставай акцыі ў Берасці людзі вадзілі карагоды на скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і праспекту Машэрава. Паводле гэтага факту распачалі крымінальную справу – ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Фігурантамі ў ёй сталі не менш як 50 чалавек. Менавіта яна і была штуршком для эміграцыі Клімуса.

«Асноўная праблема з карагодам, там на мне крыміналка вісіць. Але, мяркую, што знайшлі б і іншы эпізод, калі што. Шукаць пачалі яшчэ са жніўня, калі машыну з апаратам пад плошчай забралі (але там адміністратыўку шылі)», – распавёў мужчына «Брестской газете».

ЯП belsat.eu

 

Стужка навінаў