Абаронца журналістак «Белсату»: Кацярына і Дар’я не здзейснілі ніякага крымінальнага ўчынку


Прысуд журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай суд агучыць заўтра. Сёння адбыліся выступы абаронцаў журналістак, абвінавачвання і саміх журналістак. Пасля судовага паседжання абаронца Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі ў эфіры «Белсату» распавёў, што лічыць журналістак невінаватымі ды не бачыць падставаў для завядзення на іх крымінальнай справы.

У судзе Фрунзенскага раёну Менску падчас чарговага паседжання ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай адбыліся спрэчкі бакоў. Адвакаты нашых каляжанак настойвалі на іхнай невінаватасці. Сяргей Зікрацкі, адвакат Кацярыны Андрэевай, абгрунтаваў свае думкі ў эфіры «Белсату».

Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас суда над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

«Галоўная выснова ў тым, што, на нашую думку, абвінавачванне не прывяло ніякіх доказаў таго, што было здзейсненае злачынства. На нашую думку, Кацярына і Дар’я абсалютна не вінаватыя».

Галоўнае ў тым, што падзеі 15 лістапада нельга разглядаць як дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Бо ёсць міжнародныя прававыя акты, якія пацвярджаюць права грамадзянаў удзельнічаць у масавых акцыях і выказваць свае думкі ды меркаванні. І тут дзяржава мусіць грамадзянам у гэтым дапамагаць. І тое, што адбылося, калі шмат народу сабралася каля месца, дзе фактычна загінуў Раман Бандарэнка – гэта ёсць акцыя, і людзі мелі права там быць. І тое, што там нехта выйшаў на дарогу і нейкім чынам быў заблакаваны рух, – гэта не можа расцэньвацца як дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак. Адпаведна, з гэтага вынікае, што ніякай крымінальнай справы не магло быць. Што да самога стрыму, то тыя фразы, якія бок абвінавачвання фактычна прад’яўляе як доказ арганізацыі масавых беспарадкаў, то насамрэч, тыя фразы нічога такога не ўтрымліваюць. Бо мы праслухалі гэтыя фразы некалькі разоў і пачулі, што Дар’я і Каця апісваюць сітуацыю, што адбываецца. І калі яны гэта агучвалі – гэта не можа разглядацца як арганізацыя нейкіх дзеянняў.

Hавiны
Апошнія словы ў судзе Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай
2021.02.17 14:21

Чаму сёння суд не вынес выраку, навошта чакаць?

– Суд самастойна вырашае, колькі часу яму патрэбна, гэта права суда, і не можам перашкаджаць. Я спадзяюся, што гэты час суддзя патраціць на вывучэнне матэрыялаў справы і на тое, каб напісаць прысуд. Я спадзяюся, што да сённяшняга працэсу, да апошняга выступу ў суддзі яшчэ не было прысудаў, якія яна мусіць напісаць, і яна сыходзіць у дарадчы пакой, каб падумаць і прыйсці да высновы, які прысуд напісаць. На нашую думку, гэта можа быць толькі тое, што Кацярына і Дар’я не здзейснілі ніякага крымінальнага ўчынку.

– Ці самастойная фігура ў гэтым працэсе суддзя?

– Я не люблю даваць ацэнак суддзі, пракурору і гэтак далей. Збольшага ў мяне няма прэтэнзіяў да таго, як суддзя вяла гэты працэс. Быў шэраг хадайніцтваў, якіх не задаволілі, але суддзя патлумачыла, чаму не прыняла гэтых зваротаў. Таму я спадзяюся, што суддзя самастойная фігура і вынесе справядлівы прысуд.

– Незалежна ад таго, які вырак будзе агучаны заўтра, ці можа сам працэс стаць небяспечным прэцэдэнтам у журналісцкай і судовай практыцы?

– На жаль, на працягу апошніх 7–8 месяцаў мы назіраем, што расце ціск на журналістаў. У ліпені журналістаў затрымлівалі на акцыях і пасля адпускалі. Ужо тады мы лічылі гэта парушэннем правоў журналістаў. Пасля гэтага журналістаў пачалі затрымліваць і не выпускаць праз тры гадзіны, потым пачалі складаць на іх адміністратыўныя пратаколы, які мы пэўны час аспрэчвалі паспяхова. Потым сталі выносіць прысуды за адміністратыўныя правапарушэнні журналістам, іх аспрэчыць мы ўжо не маглі. Цяпер у нас ёсць першыя крымінальныя справы супраць журналістаў, і мы бачым, што ціск расце.

– Рэпрэсіі закранулі і адвакатаў. Які сэнс браць удзел у адвакацкай абароне?

– Я сам сабе задаваў такое пытанне. Але я перакананы, што адвакаты мусяць працаваць і адстойваць правы. Бо калі мы кажам, што права не прымяняецца, ці прымяняецца няправільна, мы не мусім здавацца. Адвакаты – тыя асобы, якія трымаюць агеньчык права ў сваіх руках, нават калі гэты агеньчык маленькі, мы яго праносім праз гэтую сітуацыю. Менавіта дзеля таго, каб калі сітуацыя зменіцца, у нас была магчымасць распаліць гэты агеньчык, каб ён зазіхацеў, і права дзейнічала ва ўсіх сферах жыцця. Бо трэба абараняць і трэба дэманстраваць, што права існуе, і трэба яго прытрымлівацца.

Распачаўся працэс над Бабарыкам. Людзі кажуць, што гэта фарс, шоу. Ці не атрымліваецца, што мы гуляем у гульню, якую нам навязваюць: псеўдасуд, псеўдаабарона, і будзе псеўдавырак?

– Я магу толькі дакладна сказаць, што адзінае, што не псеўда ў гэтай сітуацыі, – гэта абарона. Мы скарысталі ўсе магчымасці і выклаліся, каб даказаць невінаватасць нашых кліентак.

Hавiны
Прысуд журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучаць заўтра. Іх могуць пасадзіць на 2 гады
2021.02.17 14:01

СК belsat.eu

Стужка навінаў