20 тыс. памерлых і 640 тыс. захворванняў. Эксперты агучылі статыстыку аб COVID, якую маглі схаваць улады

Могілкі ў Стоўбцах. Фота: «Белсат»

Афіцыйна Беларусь вельмі няблага спраўляецца з эпідэміяй каронавіруса. Мы некалькі разоў ужо перамагалі псіхоз, якога няма, і цяпер выйшлі на «хвалепадобнае плато». Але эксперты кажуць, што гэта зусім не так.

Прэзентацыю даследавання «COVID-19 у Беларусі», якое ў студзені 2021 года правяла кампанія «SATIO», зрабілі 17 лютага. Дэталі прэзентацыі перадае карэспандэнт «Белсату».

Афіцыйным лічбам давяраць нельга

Філіп Біканаў, кіраўнік даследчых праектаў «SATIO», адзначыў, што афіцыйна эпідэмія каронавіруса ў Беларусі праходзіць гэтак жа, як і ў іншых краінах, рост колькасці захворванняў раўнамерны. Але, паводле яго, ёсць шмат падставаў афіцыйным звесткам не давяраць.

«Ёсць цэлы шэраг прычынаў, на падставе якіх гэтыя звесткі можна лічыць непраўдзівымі. Перадусім, гэта анамальны прырост смяротнасці ў другім квартале 2020 года, які ўцёк у ААН. Акрамя таго, ёсць істотная розніца, калі мы супастаўляем смяротнасць ад COVID-19 з суседнімі краінамі. А як мы ведаем, вірус нацыянальнасцяў не разбірае», – адзначыў даследнік.

Намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан. Скрыншот з відэа Мінздароўя

Таксама вынікі апытання, праведзенага ў лістападзе 2020 года сярод беларускіх гараджанаў у веку ад 18 да 64 гадоў, сведчаць, што прыкладна ад 9 % да 13 % з іх маглі перахварэць на COVID. Гэта каля 640 тыс. чалавек. Афіцыйна ў лістападзе перахварэлі на каронавірус толькі каля 99 тыс. беларусаў.

Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя не вельмі ахвотна ідзе на кантакт з журналістамі, а ў сакавіку – красавіку 2020 года COVID-19 у Беларусі фактычна ўвогуле адмаўляўся. А да яго ўлады вярталіся часта толькі тады, калі трэба было абмежаваць прысутнасць назіральнікаў на выбарах, закрыць мяжу і гэтак далей.

«То бок, калі ён патрэбны, ён ёсць, а калі не патрэбны – яго няма», – адзначыў Біканаў.

Маглі памерці больш як 20 тыс. чалавек

Андрэй Елісееў, дырэктар даследаванняў у даследчым цэнтры «Цэнтр EAST», заявіў, што заніжэнне статыстыкі ў Беларусі было надзвычайным, адным з найбольшых у свеце. Паводле яго, нашая краіна можа выявіцца «адной з найбольш няўдалых у Еўропе, а магчыма, што і ў свеце» краінаў у змаганні з эпідэміяй каронавіруса.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Ігарам Сяргеенкам, старшынём Савету Рэспублікі Наталляй Качанавай, дзяржсакратаром Савету бяспекі Андрэем Раўковым і міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам 13 красавіка 2020. Фота: president.gov.by

Эксперт адзначыў, што паказнік смяротнасці мог быць заніжаны ажно ў 15 разоў, а колькасць памерлых у выніку пандэміі ў 2020 годзе можа перавышаць 20 тыс. чалавек. Гэта, на ягоную думку, адпавядае прагнозу, зробленаму яшчэ ў сакавіку на падставе формулы Лонданскага імперскага форуму. Тады смяротнасць для Беларусі прадказвалася ў межах 16–32 тыс. выпадкаў.

«Так што ўлады Беларусі на самым пачатку эпідэміі мелі навукова абгрунтаваныя звесткі, якія могуць быць наступствы ў залежнасці ад розных дзеянняў, і таму яны нясуць поўную адказнасць за наступствы пандэміі ў Беларусі», – падкрэсліў Елісееў.

Афіцыйна з пачатку пандэміі ў Беларусі станам на 17 лютага былі зарэгістраваныя 272 273 чалавекі з станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 261 568 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны каронавірус. За ўвесь перыяд распаўсюду інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 1876 пацыентаў з COVID-19.

Навошта хаваць лічбы?

Філіп Біканаў мяркуе, што ўлады хавалі лічбы смяротнасці ад каронавіруса з той жа прычыны, што і даводзілі перамогу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах з падтрыманнем 80 % выбарнікаў – праз «абсалютна ірацыянальны страх выглядаць слабымі».

Медык у масцы ад каронавіруса. Фота: t.me/minzdravbelarus

У сваю чаргу Андрэй Елісееў лічыць, што ўлады недаацанілі працягласць эпідэміі і разлічвалі схаваць смяротнасць за некалькі месяцаў. Але паколькі эпідэмія працягваецца дагэтуль, улады аказаліся ў вельмі непрыемнай сітуацыі, і не знайшлі нічога лепшага, як працягваць хаваць звесткі, адзначыў эксперт.

А Генадзь Коршунаў, аналітык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту і былы дырэктар Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі, падкрэсліў, што беларуская статыстыка і інфармацыйная палітыка дзяржавы дзесяцігоддзямі стваралі паралельную рэчаіснасць, але COVID выявіўся настолькі жыццёва значным для кожнага, што кожнаму стала цікава, як яно напраўду.

«Гэтая супярэчнасць паміж карцінаю свету, якую малявала дзяржава, і жыццём, сарвалася», – заявіў сацыёлаг.

Чаго хацелі беларусы

Філіп Біканаў падкрэсліў, што беларусы не хацелі каранціну і закрыцця прадпрыемстваў.

«Можа быць, хацелі большага закрыцця навучальных установаў і забароны неабавязковых масавых падзеяў, як, напрыклад, парад. І калі б дзяржава проста тлумачыла свае дзеянні лепш, а не проста адмаўляла каронавірус, то пытанне даверу да выбарнай кампаніі не стаяла б так моцна», – мяркуе ён.

У выніку грамадзяне былі вымушаныя самі клапаціцца пра сябе. Гэтак, мноства людзей стала самастойна захоўваць сацыяльную дыстанцыю, насіць маскі, мінімізаваць паездкі на транспарце, не хадзіць у рэстараны, хоць не было ніякіх афіцыйных абмежаванняў.

Беларускія медыкі атрымліваюць дапамогу ад ініцыятывы ByCovid19. Крыніца: ByCovid19/Facebook

Праз «негатовасць дзяржаўных сістэмаў прымаць хуткія рашэнні» пачалася самаарганізацыя і паўстанне гарызантальных сувязяў, падкрэсліў Біканаў. Як вынік, большасць апытанах лічыць, што грамадзянскія ініцыятывы, напрыклад, «ByCovid19», дапамаглі медычным установам больш, чым дзяржава.

«І гэта выключна пытанне камунікацыі. Пакуль прадстаўнікі ўладаў адмаўлялі праблему, адмаўляліся дапамагаць, грамадзянскія ініцыятывы праблему цалкам прызнавалі, камунікавалі з медыкамі і грамадствам, дапамагалі дактарам, бізнесу. І ў людзей склалася ўражанне, што грамадзянская супольнасць зрабіла для дапамогі самой сабе больш за дзяржаву. Гэта сур’ёзна апярэдзіла нізавую арганізацыю грамадства надалей», – заявіў Біканаў.

Найважнейшы трыгер

Андрэй Елісееў лічыць, што рэакцыя ўладаў Беларусі на эпідэмію каронавіруса стала адным з найважнейшых трыгераў для пратэставай мабілізацыі. На ягоную думку, камунікацыя ўладаў з грамадства была «ў найгоршых савецкіх традыцыях» – «мноства прапаганды, маніпуляцыі, цэнзуры, фармальнасці».

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за свабоду. 16 жніўня 2020. Mенск, Беларусь. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Паводле Генадзя Коршунава, «людзі на псіхалагічным узроўні адчулі сябе кінутымі, па-за полем адказнасці дзяржавы, а з іншага боку выявілася, што людзі могуць развязваць праблемы самі».

У выніку пандэмія паскорыла ўсе працэсы сацыяльнай дынамікі, «што запачаткоўваліся гадамі і дзесяцігоддзямі да таго».

«Фінальны літр бензіну, які на тлеючае вуголле быў выліты, – гэта COVID. Усё магло б быць мякчэйшчым, каб не было непамернага адрынання праблемы ў першыя месяцы», – мяркуе Біканаў.

А выбарная кампанія і наступныя падзеі яшчэ больш падарвалі давер да ўладаў, падкрэсліў эксперт.

МГ belsat.eu

Hавiны