2 гады хіміі за тры негатыўныя выразы. Як судзілі блогера з Баранавічаў


17 лютага суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў баранавіцкага блогера Змітра Цімафеева вінаватым у абразе начальніка аддзелу ДАІ Бабруйскага гарвыканкаму. Суддзя Наталля Панасенка прызначыла Цімафееву пакаранне ў выглядзе 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Да таго Цімафееву трэба сплаціць штраф 1080 рублёў.

Зміцер Цімафееў у судзе Ленінскага раёну Магілёва. 17 лютага.
Фота: Белсат

Судзілі блогера за падзеі паўгадавой даўніны. 15 чэрвеня 2020 года Цімафееў прыехаў у Магілёўскі абласны суд, каб абскардзіць адміністратыўныя арышты паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП. 12 содняў арышту паводле двух артыкулаў ён атрымаў за нібыта ўдзел у антыпарадзе 9 траўня ў Бабруйску і непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі.

Пасля абласнога суда, які пакінуў выракі ў сіле, Цімафееў даў каментар для Youtube-каналу сайту «6tv.by». Сярод іншага блогер згадаў начальніка Бабруйскай ДАІ Віталя Паддубскага. Некаторыя выказванні Цімафеева Паддубскі ўспрыняў як абразу ягонай асобы.

«У ДАІ Бабруйску, куды мяне прывезлі 9 траўня 2020 года пасля затрымання, я бачыў, што менавіта Паддубскі даў загад афармляць мяне за падачу гукавога сігналу і за налепкі на аўтамабілі. Мой каментар – гэта мая крытыка ў ягоны бок. Я не маю злосці да Паддубскага як да грамадзяніна, але як да службовай асобы ў мяне засталіся пытанні», – патлумачыў Цімафееў.

Блогер лічыць, што два пратаколы ад ДАІ і два ад міліцыі на яго склалі незаконна. Цімафееў сцвярджае, што як дырэктар фірмы ён мае права клеіць налепкі на аўтамабіль, а гукавога сігналу ён увогуле не падаваў.

Ягоныя словы пра падачу гукавога сігналу можна спраўдзіць на відэа з рэгістратара, які працаваў у аўтамабілі да і пасля ягонага затрымання. Відэа ёсць на канале блогера.

Наконт парушэнняў згодна з пратаколамі паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП Цімафееў кажа, што і гэтага не было. «Я нічога падобнага не здзяйсняў. Летась 9 траўня я ехаў ускладаць кветкі, але тады міліцыянтам быў дадзены загад браць людзей, і яны яго выконвалі. Мала таго, што яны складалі гэтыя пратаколы, то пры затрыманні мне яшчэ спрабавалі падкінуць нейкі белы каўпачок», – патлумачыў Цімафееў.

Журналіст Уладзімір Лапцэвіч запісвае каментар Змітра Цімафеева для сайту 6tv.by.
Фота: Белсат

Самога факту выказвання, які быў распаўсюджаны youtube-каналам 6tv.by, а пазней і самім блогерам, Цімафееў не адмаўляе. Але сваёй віны ў абразе Паддубскага ён не прызнаў: маўляў, не абражаў, а толькі крытыкаваў.

Каб ацаніць, ці ўтрымлівалася ў публічным каментары Цімафеева абраза на адрас Паддубскага, рабілася лінгвістычная экспертыза. Яна паказала, што ўжытыя Цімафеевым словы «бездарь», «преступник» і выраз «не работник ГАИ» носяць негатыўную адзнаку.

Дзяржаўны абвінаваўца адзначыла, што ў каментары Цімафеева прысутнічае эмацыйны зварот менавіта да Паддубскага, і што ў кантэксце словаў і з логікі каментар Цімафеева ёсць абразай – публічнай абразаю прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. У гэтым выпадку публічнасць выказвання абвінаваўца расцаніла як абцяжарвальныя абставіны. І запатрабавала адно з самых суворых пакаранняў, прадугледжаных арт. 369 Крымінальнага кодэксу – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Пацярпелы Віталь Паддубскі далучыўся да патрабаванняў пракурора і нагадаў пра свой грамадзянскі пазоў на кампенсацыю маральных стратаў, коштам 1000 рублёў. Грошы ён абяцаў накіраваць у Бабруйскі дзіцячы дом. Таксама Паддубскі патрабаваў абвяржэння інфармацыі ды вымання відэа з публічнага доступу. Суд задаволіў ягоны пазоў толькі ў частцы маральных стратаў памерам 1000 рублёў.

Адвакат Змітра Цімафеева адзначыў, што артыкул 369 Крымінальнага кодэксу дае альтэрнатывы пакаранняў, але пракурор чамусьці прапанаваў самы жорсткі варыянт. Пры гэтым абаронца адзначыў, што прававых наступстваў пасля абразы Паддубскага не наступіла, то бок ніхто не сведчыў, што ягонае меркаванне пра Паддубскага змянілася пасля каментара Цімафеева.

Адвакат прасіў суд улічыць медычны дыягназ абвінавачванага і не накіроўваць яго ў папраўчую ўстанову. Таксама абаронца нагадаў, што падзеі 9 траўня маюць галоўнае значэнне ў справе. І задаў рытарычнае пытанне: чаму Цімафеева цяпер судзяць за абразу на адным з відэа, але пры гэтым не заўважаюць, што на другім відэа на ягоным канале існуе доказ, што ніякага сігналу Цімафееў 9 траўня не падаваў?

Зміцер Цімафееў у судзе Ленінскага раёну Магілёва. 17 лютага.
Фота: Белсат

Сам блогер у апошнім слове адзначыў, што яму пагражалі супрацоўнікі высокага рангу. І гэтую справу ён расцэньвае як ціск на яго самога. Згодна з ягоным уяўленнем, калі чалавек носіць мундзір, то ён мусіць служыць народу, а не проста выконваць загады. Пры гэтым Цімафееў назваў сябе прыстойным чалавекам, гатовым прайсці дэтэктар хлусні.

«Ненавіджу несправядлівасць», – так скончыў сваё апошняе слова Зміцер Цімафееў.

Пасля выраку блогер дадаў, што лічыць гэта асабістай помстай сабе з боку сілавых структураў за ягоную дзейнасць. Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, і Цімафееў збіраецца абавязкова яго абскарджваць.

Вольга Васільева, belsat.eu

Стужка навінаў