Пачалі судзіць журналіста Аляксандра Івуліна. «Менсктранс» хоча 39 тысяч рублёў


У судзе Савецкага раёну Менску 17 студзеня пачалі разбіраць крымінальную справу (ч. 1 арт. 342 КК), распачатую супраць спартовага журналіста і футбаліста ФК «Крумкачы» Аляксандра Івуліна. Справу разглядае суддзя Сяргей Шаціла. «Белсат» сачыў за працэсам, які працягнецца 18 студзеня.

Аляксандр Івулін, палітзняволены журналіст і блогер.
Фота: tribuna.com

На паседжанні прысутнічалі сябры і родныя Івуліна, а таксама лёгкаатлетка Надзея Астапчук, піша канал «ЧестнОК», які раней вёў Івулін. Фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую не пусцілі ў залу паседжанняў.

Аляксандр Івулін быў абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 КК – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Мінулым летам яго прызналі палітычным зняволеным.

На судзе Івулін, як перадае «Медиазона», не стаў прызнаваць або не прызнаваць віну: спрабаваў растлумачыць, што ў названыя суддзём дні быў у горадзе, аднак не можа кваліфікаваць свае дзеянні праз брак юрыдычнай адукацыі, а абвінавачвання ў «арганізацыі» зусім не разумее. Суддзя перабіваў Івуліна, калі ён спрабаваў адказаць на пытанні пра прызнанне віны.

«Менсктранс» выставіў Івуліну пазоў на 39 тысяч рублёў, піша «ЧестнОК». Як вылічылі такую шкоду, на судзе не паведамілі.

На пытанне абвінаваўцы аб прымушальным характары відэа Івулін адказвае, што ў ягоных роліках не было заклікаў што-небудзь рабіць ці змяняць.

«Не разумею выстаўленага мне абвінавачання»

«Гэта былі размовы пра рэчы, якія цікавяць кожнага звычайнага чалавека, які жыве ў Беларусі. Там не было ні слова пра заахвочванне. Людзі дзяліліся сваімі думкамі, выказвалі меркаванні. Таму я не разумею выстаўленага мне абвінавачання», – адказаў Аляксандр Івулін.

Пракурор запытаўся таксама, ці пасля прагляду ягоных ролікаў людзі ўдзельнічалі ў нейкіх групавых дзеяннях ці акцыях пратэсту.

«Я магу сказаць, што пасля прагляду маіх ролікаў людзі пачалі хадзіць на стадыёны і запісваць дзяцей у футбольныя, гандбольныя і лёгкаатлетычныя секцыі», – кажа Івулін.

Расказаў на судзе гісторыю пра жанчыну з Пячорску, якая пасля прагляду відэа на канале вырашала аддаць свайго сына трэнавацца з «Крумкачамі».

«Я купіў кніжку, называецца «Сэр Алекс Фергюсан…»

«ЧестнОК» перадае, што на пытанне абвінаваўцы, чаму ў загалоўках ролікаў узгадваецца прозвішча Лукашэнкі, Івулін адказвае: каб ролікі глядзела як мага большая колькасць людзей. Кажа, што ягоныя відэа атрымлівалі розныя каментары, але большасць была прыкладна такога зместу: «Вау, мы не ведалі нічога пра беларускіх спартоўцаў. Цяпер даведаліся!»

Паведамляецца, што пасля перапынку ў судовую залу ўсё ж трапіла славутая беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская, якая прыйшла падтрымаць Івуліна.

Таксама падчас допыту ў судзе Аляксандр Івулін заявіў, што сфатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сцягам па просьбе незнаёмай дзяўчыны, бо, як публічная асоба, нікому не адмаўляе ў такіх просьбах, піша «Медиазона». На пытанне пракурора, з якой мэтай ён знаходзіўся недалёка ад месца, дзе праходзіла масавае мерапрыемства, Івулін адказаў, што проста купіў кніжку і пайшоў у той бок, дзе было шмат людзей.

«Я купіў кніжку, называецца «Сэр Алекс Фергюсан. Аўтабіяграфія» Вось такая вось, класная. І потым пайшоў прагуляўся», – сказаў Івулін.

Першае паседжанне ў справе Аляксандра Івуліна скончылася. Як паведаміў «ЧестнОК», чарговае паседжанне адбудзецца 18 студзеня – пройдуць спрэчкі бакоў. Пачатак – у 10.30.

Нагадаем, журналіст і спартоўца Аляксандр Івулін быў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года ў кватэры, дзе адбыўся ператрус. На наступны дзень яго арыштавалі ў адміністратыўнай справе за «несанкцыянаваную акцыю» (арт. 24.23 КаАП) на 30 содняў.

Праз месяц пасля затрымання, 2 ліпеня, Івулін стаў падазраваным у крымінальнай справе, а пазней яму выставілі абвінавачанне ў арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Паводле абвінавачання, Івулін 23 і 27 верасня 2020 года разам з іншымі пратэстоўцамі рухаўся па праезнай частцы праспекту Незалежнасці і вуліцы Сурганава, блакуючы такім чынам рух транспарту. Журналіста таксама абвінавачваюць у тым, што ён размясціў на сваім YouTube-канале («ЧестнOK») відэа «заахвочвальнага характару», што, на думку следства, дазволіла арганізаваць групу пратэстоўцаў.

Артыкулы
За паўгода ў СІЗА Аляксандр Івулін адкрыўся сябрам з новага боку
2021.12.12 09:54

АА ЗК belsat.eu

Стужка навінаў