За спробу суіцыду зняволенага, які губляе зрок пасля катаванняў, накіравалі ў ШІЗА


Дзмітрый Мішакоўскі на мінулым тыдні ўчыніў спробу самагубства ў Следчым ізалятары № 1. Яму выпісвалі антыдэпрэсанты, бо ў яго пагаршаўся зрок і не было магчымасці паправіць гэта. Ды пасля спробы суіцыду яму «дапамаглі» накіраваннем у штрафны ізалятар на 10 дзён.

Дзмітрый Мішакоўскі. На галаве – сляды ад міліцэйскіх берцаў. Жнівень 2020 года.
Фота: «Вясна»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» расказаў гісторыю 39-гадовага менчука Дзмітрыя Мішакоўскага, які ў чаканні суду ў СІЗА № 1 спрабаваў забіць сябе.

Яшчэ ў 2017 годзе Мішакоўскі пацярпеў з палітычных прычынаў: выйшаў на акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка, якую сілавікі жорстка разагналі. Яго жорстка білі двойчы, пры затрыманні і ў аўтобусе, а пасля кінулі пад арышт на 5 дзён.

12 жніўня 2020 года яго затрымалі каля метро «Малінаўка» – байцы АМАП гналіся за кімсьці іншым, а схапілі яго, кінулі аўтазак, адабралі і зламалі тэлефон, адвезлі ў Маскоўскі РАУС. У аддзяленні міліцыі яго пачалі біць рукамі, нагамі, дручкамі, берцамі па галаве, не давалі падняцца. Ад удараў у яго пакрышыліся зубы. Затым ён трапіў у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, дзе катаванні працягнуліся.

Гісторыі
«Кожны хацеў ударыць – атрымлівалі ад гэтага асалоду». Гісторыя № 21 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»
2021.04.15 10:00

Па вызваленні Мішакоўскі падаваў заяву ў Следчы камітэт, але яму, як і сотням іншых ахвяраў гвалту сілавікоў, не адказалі і нават не запрасілі да следчага.

Праз месяц у Дзмітрыя стаў імкліва пагаршацца зрок. Выявілася, што патрэбнае адмысловае лекаванне – аперацыя за мяжой з ужываннем ствалавых клетак. У красавіку 2021 года ён атрымаў ІІ групу інваліднасці па зроку. Да таго Мішакоўскі займаўся прамысловым альпінізмам і закладкай падмуркаў, але збіраўся шукаць працу для людзей з інваліднасцю праз цэнтр занятасці.

 

Карцінка, з дапамогай якой Дзмітрый Мішакоўскі тлумачыў сукамернікам, як губляе зрок і як спрабуе сфакусавацца на прадмеце. 2021 год.
Фота: «Вясна»

26 красавіка 2021 года, у гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, яго зноў затрымалі за «непадпарадкаванне», пакаралі штрафам у 87 рублёў – і сталі дапытваць пра кантакты з праваабаронцамі «Вясны» і дапамогу яму з лекаваннем і скаргамі пасля катаванняў.

У гэты час Мішакоўскі адбываў «хатнюю хімію», меўшы ранейшую судзімасць за ўдзел у бойцы. Праз пакаранне 26 красавіка супраць яго распачалі крымінальную справу за «Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі», у верасні асудзілі на 2 гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»). Гэта адбылася за дзень да таго, як адпаведны артыкул 415 прыбралі з Крымінальнага кодэксу.

У снежні 2021 года яму выставілі новае абвінавачванне: у «Рабаванні» і «Вымагальніцтве» (артыкулы 206 і 208 КК РБ). Паводле «Вясны», Мішакоўскі з сябрамі неяк паехалі да знаёмага, з якім вялі бізнес, сябры вялі «размову ў духу калектарства», а ён прыехаў забраць свае інструменты і ў той размове не ўдзельнічаў. Яшчэ адзін эпізод быў звязаны з тым, што Мішакоўскі ўзяў у заклад за штосьці мабільны тэлефон у знаёмай.

13 снежня па выстаўленні абвінавачвання Мішакоўскі парэзаў сабе вены пры следчым. Ён лічыць, што яго хочуць «зрабіць крайнім». Маці Дзмітрыя расказала, што першыя вочныя стаўкі з пацярпелымі былі на карысць Мішакоўскага, але потым пацярпелыя сталі мяняць паказанні.

Як і калі адбылася наступная спроба суіцыду, «Вясна» не паведамляе. Аднак вядома, што за наступную спробу яго пакаралі 10 соднямі штрафнога ізалятару.

Беларускі свет
Сілавікі – інваліду: пасадзім жонку і 15-гадовую дачку
2021.12.07 19:05

АА belsat.eu

Стужка навінаў