З ініцыятывы Офісу Святланы Ціханоўскай рыхтуецца адукацыйны праект для дзяцей-беларусаў па ўсім свеце


Старт праекту чакаецца ўжо гэтаю вясной. Дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова распавяла нам, як ідзе падрыхтоўка і хто зможа паўдзельнічаць у навучанні маленькіх беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Цяпер рыхтуецца заява, каб атрымаць фінансаванне на праект. Мы разлічваем, што праект будзе дзейнічаць, для пачатку, адзін год. Працяг будзе магчымы, але пачнем з года», – кажа Шчытцова.

Сутнасць праекту ў тым, каб стварыць і падтрымаць разнастайныя адукацыйныя праекты, разлічаныя найперш на беларускіх дзяцей, якія былі вымушаныя разам з бацькамі з’ехаць з Беларусі.

«Цяпер дзеці вучацца ў розных краінах. Хто ў Польшчы, хто ў Нямеччыне, хто ва Украіне, і так далей. Праект будзе мець онлайнавую і офлайнавую частку. Што датычыць офлайну, то гэта будзе для дзяцей у эміграцыі. А онлайнавая платформа будзе аб’ядноўваць вучняў з іхнымі аднагодкамі на радзіме», – адзначыла Таццяна.

Стваральнікі праекту ладзяць маніторынг, у якіх дыяспарах ёсць патрэба ў такіх нефармальных адукацыйных ініцыятывах, якія будуць сфакусаваныя на беларускім кампаненце: беларускай мове і літаратуры, беларускай гісторыі ды іншым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Праз тое, што гэта мае быць нефармальная адукацыя, то фарматы могуць быць вельмі разнастайнымі. Прыярытэт нашага праекту – максімальная гнуткасць. Мы не прапаноўваем альтэрнатыву школе. Напрыклад, у офлайнавым фармаце гэта можа быць і нейкая тэатральная інсцэнізацыя, у якой будуць удзельнічаць дзеці. То бок можа быць усё, што заўгодна, але з беларускім адукацыйным кампанентам», – падкрэсліла Шчытцова.

Артыкулы
«Спадзяваліся, што зʼязджаем часова». Як дзеці беларускіх уцекачоў за мяжою рыхтуюцца да школы
2021.08.30 14:00

Узяць удзел у праекце змогуць як новыя ініцыятывы, так і тыя, якія ўжо існуюць. Яны могуць атрымаць дадатковую дапамогу, пашырыць сваю аўдыторыю, якасна палепшыць уласную праграму.

«У онлайнавай частцы мы будзем ствараць платформу для разнастайных ініцыятываў. І гэтая пляцоўка стане месцам сустрэчы беларускіх дзетак незалежна ад месца, дзе яны жывуць і вучацца. У фарматах дыскусіяў, лекцый, разнастайных ўоркшопаў яны змогуць камунікаваць паміж сабой. Гэта генеральная ідэя праекту, каб платформа была трансмежная і з беларускім кампанентам. Акрамя таго, мы будзем выкарыстоўваць онлайнавую пляцоўку як лабараторыю, дзе выкладчыкі змогуць эксперыментаваць з формамі, метадалогіяй, ствараць штосьці новае, абменьвацца ідэямі і досведам. І гэтыя напрацоўкі потым змогуць выкарыстоўвацца і у беларускіх школах, напрыклад, для пазакласных заняткаў», – патлумачыла нашая суразмоўца.

Для рэалізацыі праекту будуць запрашаць настаўнікаў, якія страцілі працу праз палітычныя чыннікі. І гэта могуць быць не толькі школьныя настаўнікі, але і выкладчыкі ўніверсітэтаў, калі ў іх будзе жаданне прапанаваць штосьці цікавае старшакласнікам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Цяпер мы завяршаем распрацоўваць генеральную канцэпцыю. У студзені дашлем яе ў адзін з еўрапейскіх фондаў, які можа нас падтрымаць. Калі канцэпцыю ўхваляць, тады наступіць самае цікавае – дэталёвае распрацоўванне таго, што плануецца запусціць гэтай вясной», – падзялілася планамі экспертка.

Яна адзначыла, што праект мае на мэце ахапіць усе школьныя ўзросты. Для дарослых асобна праграмаў пакуль не прадугледжана:

«Я не выключаю, што на падставе гэтага праекту, калі мы яго запусцім і будзем мець нейкі досвед, з’явіцца магчымасць і для дарослых. Але наўрад ці бясплатна. Але мы бачым, што запыт такі ёсць, і варта пра яго клапаціцца».Таццяна Шчытцова падкрэсліла, што ў ініцыятывах, прапанаваных у межах гэтага праекту, навучанне будзе бясплатнае.

Інфармацыю аб адукацыйных патрэбах дзяцей у дыяспарах можна дасылаць сюды.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў