«Пужалі, білі палкамі, прымушалі бегаць па калідорах». Былы палітвязень пра ўмовы ў СІЗА № 2 у Віцебску


Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны агулам правёў у месцах пазбаўлення волі 11,5 года. За гэты час мужчыну давялося прайсці праз шматлікія месцы пакарання ў Беларусі, утрыманне ў якіх часам істотна адрознівалася. Міхаіл Жамчужны распавёў «Белсату» пра адно з самых жудасных месцаў у нашай краіне – СІЗА № 2 у Віцебску, у якім палітвязень быў двойчы.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат
Даведка
зона.бел – праект «Белсату», які прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюцца палітычныя зняволеныя. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае быт за кратамі, але пры дапамозе тых, хто ўжо адседзеў, мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Упершыню Міхаіл Жамчужны трапіў у СІЗА № 2 у 2006 годзе і прабыў там 2,5 года. Паводле яго, тады ўмовы ўтрымання ў Віцебску былі яшчэ даволі камфортныя.

«Амаль штотыдзень мяне вазілі на суды, я змагаўся за сваю невінаватасць. Звычайна мянялі па тры камеры за тыдзень, каб я не сыходзіўся з асуджанымі, але асуджаныя мяне ўжо ўсе ведалі і добра прымалі. Тады быў дзесьці 2006 год, толькі першы год, як туды заехаў агульнавядомы Кузавок (начальнік СІЗА № 2 Уладзімір Кузаўкоў. – Заўв. «Белсату»), які пачаў ламаць калонію – раней яна была «чорнай». Таму было вельмі ўтульна, камфортна сядзець, асабліва бандытам. Нават калі нас пачаў прэсаваць «Алмаз», мы ўсё адно жылі даволі дружна і весела».

Камфортным умовам утрымання ў СІЗА ў той час спрыяў і капітальны рамонт, які якраз правялі ў тыя гады.

«Тады клалася кафля ў кожнай камеры на падлозе, кабінкі для туалетаў будаваліся, зрабілі крыты празрыстым пластыкам прагулачны дворык. Вокны таксама пластыкавыя паўсюль, яны адчыняюцца. Нават былі электрапад’ёмнікі на вокнах, якія з калідору кіраваліся кантралёрам. Умовы былі сапраўды даволі камфортныя».

«Ёсць і нармальныя сярод міліцыі людзі, некаторыя нават прыходзілі ў камеру і прасілі прабачэння»

Палітвязень гаворыць, што калі ён у 2015 годзе другі раз трапіў у СІЗА № 2, там усё змянілася.

Графіка «Белсату»

«Па-першае, у кожнай камеры былі, як мінімум, па дзве «качкі», якія здавалі. Прычым яны не ведалі пра існаванне адзін аднаго. Практычна кожны дзень яны выходзілі з дакладамі ў аператыўную часць, за дзве, за пяць ці за пачак цыгарэтаў здавалі асуджаных, расказвалі, хто чым займаецца і што гаворыць. Яны напружвалі абстаноўку ў камерах і турме ў цэлым.

Па-другое, кантралёры сталі азлобленымі, цалкам змяніўся іх кантынгент. Сярод кантралёраў былі сыны пракурораў, сваякі адміністрацыі нашай «хіміі» на Чэпіна. Там кругавая парука была, і яны вельмі жорстка адносіліся да асуджаных. Былі абразы, нават збівалі асуджаных. Але ёсць і нармальныя сярод міліцыі людзі, некаторыя нават прыходзілі ў камеру і прасілі прабачэння ў мяне за тое, што адбываецца, хоць гэта і парушэнне рэжыму ўтрымання».

«Яго надзелі шчакой на кручкі для адзення, калі збівалі»

Міхаіл Жамчужны быў адным з першых, а часам і адзіным палітзняволеным у Беларусі, таму стаўленне адміністрацыі да яго істотна адрознівалася. Але нялёгкім было жыццё і астатніх зняволеных.

«Вобшукі былі прыблізна раз на месяц у кожнай камеры, а там, дзе я сядзеў, былі і штотыдзень. Нас выводзілі, саджалі ў нязручныя позы, пакуль у камерах быў ператрус, грукалі малаткамі па сценах, крычалі і пужалі, білі палкамі, прымушалі бегаць па калідорах. Даходзіла да таго, што прымушалі раздзявацца і голымі поўзаць, імітуючы ратаванне падчас пажару, штурхаючы перад сабою скручаны матрац па падлозе. Гэта ўсё здымалася на відэакамеры ў прысутнасці начальніка СІЗА Кузаўка».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Яшчэ па заканчэнні свайго першага тэрміну Міхаіл Жамчужны заняўся абаронай правоў зняволеных. Ён стаў сябрам праваабарончай арганізацыі «Платформа», а пазней і сузаснавальнікам новай арганізацыі – «Platform Innovation». Натуральна, што калі ён трапіў за краты другі раз, актыўна змагаўся за правы зняволеных. Але актыўнасці такога роду ў СІЗА № 2 не любілі, што часам прыводзіла да жудасных рэчаў.

«Быў адзін выпадак. Хлопец, які разам са мной змагаўся з адміністрацыяй за ўмовы ўтрымання, быў прызначаны на этап. Яго пакінулі ў камеры падчас прагулкі, а пасля прагулкі ўся камера ўжо была залітая крывёю. Хлопец сядзеў пры поўнай адсутнасці памяці. Ён сядзеў на ложку і нікога не пазнаваў. Ён толькі спытаў у мяне: «Дзе я?» Я кінуўся яму дапамагаць, бо ён быў моцна збіты. У яго была разарваная шчака – яго надзелі шчакой на кручкі для адзення, калі збівалі. Але мне сказалі адысці ад яго і не падыходзяць, бо інакш на ўсю камеру павесяць абвінавачванне ў тым, што гэта мы яго збілі. Праз нейкі час гэтага хлопца забралі з нашай камеры, і я не ведаю, што з ім далей было».

«Клаліся на падлогу і дыхалі свежым паветрам з-пад дзвярэй»

Па словах Міхаіла Жамчужнага, адміністрацыя СІЗА № 2 выконвала распараджэнні зверху і зусім ні за што выпісвала людзям карцар. Яшчэ падчас судоў палітзняволены адседзеў у карцары 45 содняў у жудасных умовах.

«Асуджаных, якія актыўна змагаліся за свае правы, змяшчалі ў карцар. Гэта тое ж самае, што і ШЫЗА, толькі называецца па-іншаму. Там даволі жорсткія ўмовы, холадна цэлы год. Там былі выпадкі, калі засыпалі ва ўнітаз вядро хлёркі, затым туды – вядро вады, давалі толькі адну анучу. Выжывалі толькі так, што клаліся на падлогу і дыхалі свежым паветрам з-пад дзвярэй. Але трэба было неяк хутка пазбавіцца ад гэтай хлёркі, інакш праз гадзіну-дзве цябе адтуль вынесуць наперад нагамі. Але і да гэтага мы адаптаваліся і ўжо ведалі, як сябе паводзіць у такіх умовах. Мы клаліся на падлогу і ў такім стане гэтую хлёрку прыбіралі, змывалі і такім чынам выжывалі».

Палітвязень Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат

Па ўспамінах Міхаіла Жамчужнага, у карцары зняволены амаль цалкам пазбаўляўся сваіх правоў.

«Я памятаю, што якраз у 2015 годзе на Вялікдзень завезлі асуджанага з Воршы, якога змясцілі побач з маім карцарам. Ён быў збіты і скалечаны следчымі настолькі, што быў пашкоджаны пазваночнік, і мог толькі ляжаць на падлозе. Ён хадзіў пад сябе, адмаўляўся ад ежы, і медычнай дапамогі яму не аказвалі, бо калі яе аказаць, то трэба рэгістраваць выпадак, пераводзіць асуджанага ў медычную частку і фіксаваць пабоі. Таму на камеру гэтага асуджанага павесілі каранцін, і туды не прыходзіў ні пракурор, ні следчы, ні адвакат, то бок фактычна ён там павольна паміраў. Гэтая камера размяшчалася побач з маёй: у мяне была пятая камера, а ў яго – чацвёртая».

«Задача перад медыкамі пастаўленая такая, каб асуджаныя да наступнага тэрміну не дажывалі»

Асаблівую ўвагу былы палітвязень звяртае на наданне медычнай дапамогі ў СІЗА № 2 у Віцебску.

«Да пасадкі я працаваў з медыкамі, адзін з іх – мой сябар – аказаўся ў СІЗА ў медычнай частцы. Ён мне сказаў, што задача перад медыкамі пастаўленая такая, каб асуджаныя да наступнага тэрміну не дажывалі. Прычым медычная частка падначаленая міліцыі, а не Міністэрству аховы здароўя, медчастка ўся пад МУС. Гэтая такая юрыдычная асаблівасць медыкаў, якія працуюць у месцах пазбаўлення волі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Філіп Качаткоў / TASS / Forum

У такой рэчаіснасці часам даводзілася змагацца і з медыкамі.

«Каб стварыць мне асаблівыя ўмовы, у маёй камеры зверху нада мной пасялілі асуджанага, хворага на педыкулёз. Натуральна, што ў першую ж ноч з яго ўсё пачало сыпацца, але я не ведаў пра гэта, і я захварэў таксама. Цягам двух месяцаў я пакутаваў ад гэтага, пакуль практычна ўся скура не пакрылася крывёй. Мне не дапамагалі. Тады я пачаў казаць дактарам, што паведамлю адвакату, калі пачнуцца суды, і іх прыцягнуць да адказнасці за неаказанне дапамогі. Толькі пасля гэтага мне далі нейкую мазь, і цягам трох дзён я цалкам вылекаваўся. Але пакутаваў тады я вельмі моцна».

Артыкулы
Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне
2021.03.03 07:39

ВК belsat.eu

Стужка навінаў