На Алімпіяду ў Пекін сабраліся выправіць 28 беларускіх атлетаў. Віктар Лукашэнка не ляціць


У зімовых Алімпійскіх гульнях маюць узяць удзел 28 атлетаў у шасці відах спорту: 10 біятланістаў, 6 фрыстайлістаў, 5 канькабежцаў, 4 лыжныя бегуны, 2 фігурысты і адна горная лыжніца.

Віктар Лукашэнка.
Фота: noc.by

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі апублікаваў спіс 28 спартоўцаў, якіх збіраюцца выправіць на зімовую Алімпіяду ў Пекіне, што мае прайсці 4–20 лютага 2022 года. У складзе каманды магчымыя змены.

Кіраўніком беларускай каманды на Алімпіядзе прызначылі дырэктара цэнтру алімпійскага рыхтавання «Раўбічы» Аляксандра Гагіева, які таксама быў кіраўніком беларускай дэлегацыі на летняй Алімпіядзе-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра.

Столькі ж атлетаў, 28, было на зімовых Алімпійскіх гульнях у Турыне ў 2006 годзе, тады беларусы заваявалі толькі 1 срэбны медаль. На мінулай зімовай Алімпіядзе Беларусь рэпрэзентавалі 32 спартоўцы, яны заваявалі 2 залатыя медалі і 1 срэбны. Найбольш беларусаў на зімовых Алімпійскіх гульнях было ў 2002 годзе: у Солт-Лэйк-Сіці паехалі 64 атлеты, але прывезлі толькі 1 бронзавы медаль. А найбольш медалёў зімовай Алімпіяды – 5 залатых і 1 бронзавы – беларусы прывезлі з Сочы ў 2014 годзе (гэта было 8-е месца ў нефармальным медальным заліку сярод 26 краінаў-удзельніц).

У паведамленні ніяк не згадваецца старшыня Нацыянальнага камітэту Віктар Лукашэнка. Відавочна, на Алімпіяду ён не паляціць: Міжнародны алімпійскі камітэт не прыняў прызначэння старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі на пасаду ягонага бацькі.

Hавiны
НАК адрэагаваў на міжнароднае непрызнанне Баскава і Віктара Лукашэнкі. Адхіляць іх з пасадаў не будуць
2021.03.09 18:12

Акрамя таго, МАК прыпыніў усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэннем выплат, звязаных са стыпендыямі спартоўцаў, з рыхтаваннем беларускай каманды да Алімпійскіх гульняў і з удзелам у іх.

Беларускія спартоўцы мусяць удзельнічаць у кваліфікацыйных спаборніцтвах Алімпійскіх гульняў без палітычнай дыскрымінацыі – такое патрабаванне выставіў МАК і абяцаў сачыць за выкананнем гэтай умовы.

Hавiны
Міжнародны алімпійскі камітэт разбіраецца з рэпрэсіямі супраць беларускіх лыжніц
2022.01.13 17:13

АА belsat.eu

Стужка навінаў