Беларусы сабралі 6 тысячаў рублёў на рамонт даху касцёлу ў Магілёве


За два дні на аднаўленне пашкоджанага моцным ветрам касцёлу ў Магілёве беларусы сабралі 6 тыс. 280 беларускіх рублёў, паведамляе сайт Catholic.by.

Ураган пашкодзіў касцёл XVIII стагоддзя ў Магілёве.
Фота: Белсат

14 студзеня моцны вецер пашкодзіў дах старажытнай святыні ХVIII стагоддзя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве. Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі звярнуўся з просьбай аб дапамозе ў аднаўленні касцёлу. І цягам некалькіх дзён беларусы ахвяравалі неабходныя грошы на рамонт святыні.

«За два дня на разліковы рахунак парафіі паступіла 6 тысяч 280 беларускіх рублёў. Дзякуй усім ахвярадаўцам! Заўтра, 18 студзеня, мы сваімі ўласнымі сіламі будзем забяспечваць дах магілёўскай катэдры ад снегу, часова накрываючы яго дсп і руберойдам», – паведаміў біскупскі вікарый для гораду Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Біскуп таксама звярнуў увагу, што юрыдычна ўласнікам касцёлу з’яўляецца КУП ЖРЭА Ленінскага раёна Магілёва, якое, фактычна, павіннае рабіць усе працы і несці выдаткі за іх. Часовыя працы будуць праводзіцца па ўзгадненні з уласнікам і з яго дазволу.

Рэквізіты для ахвяраванняў: р/с BY64BLBB30150700187012001001 ОАО «Белінвестбанк», БИК BLBBBY2X УНП 700187012

Атрымальнік плацяжу – Рымска-каталіцкі прыход Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў г.Магілёве. Прызначэнне плацяжу – добраахвотнае ахвяраванне.

17 і 18 студзеня ў Беларусі сіноптыкі аб’явілі памаранчавы ўзровень небяспекі праз моцны вецер.

Hавiны
Ураган пашкодзіў касцёл XVIII стагоддзя ў Магілёве. Парафія просіць аб дапамозе
2022.01.15 13:51

СК belsat.eu

Стужка навінаў