Горадня: сетка невядомых магілаў пад будовамі (+ мапа)


У Горадні будаўнікі зноў наткнуліся на чалавечыя косткі. Гэтым разам – на парэшткі чатырох жаўнераў. «Белсат» згадаў гучныя выпадкі, калі падчас будаўніцтва знаходзілі чалавечыя косткі, і зрабіў мапу невядомых магілаў.

Экскаватар зачапіў косткі чатырох жаўнераў

Працоўныя на мінулым тыдні капалі катлаван для ўдасканалення аўтапарку вайсковае часткі, а знайшлі косткі людзей. Працы былі адразу ж спыненыя. Пра знаходку паведамілі ўладам. З Віцебску выклікалі спецыялістаў адмысловага падраздзялення – 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёну, як распавёў галоўны спецыяліст аддзелу ідэалагічнай работы і сацыяльнай апекі вайсковага камісарыяту Гарадзенскай вобласці Аляксандр Кавун.

Згодна з папярэдняю высноваю, у вайсковым гарадку Фолюш знойдзеныя шкілеты чатырох людзей, якія, магчыма, былі савецкімі ваеннапалоннымі. Разам з косткамі з зямлі дасталі фрагмент рэменя савецкага жаўнера. Паводле гарадзенскіх гісторыкаў, на месцы цяперашняй 6-й асобнай механізаванай брыгады ў 1941–1942 гадах месціўся Шталаг 324 – лагер для ваеннапалонных, а пасля – габрэйскае гета. З 1944 года сіламі габрэяў знішчаліся сляды генацыду – руйнаваліся магілы, целы загінулых адкапвалі ды палілі.

Чарговае даследаванне Шталагу перанеслі на вясну

У гэтым раёне Фолюш – Калбасіно – Ласосна былі пахаваныя ў агульных магілах-траншэях даўжынёю больш за 30 метраў каля 30 000 савецкіх жаўнераў. Пасля Другой сусветнай вайны на Фолюшы падчас раскопак знайшлі 68 такіх пахаванняў. Апошнім часам перыядычна знаходзяць асобныя парэшткі целаў. Паводле гарадзенскага гісторыка Дзмітрыя Люціка, варта было б правесці яшчэ адно маштабнае даследаванне і вызначыць межы Шталагу.

Даследаванне тэрыторыі парку вайсковае часткі на наяўнасць іншых парэштак працягнецца ў наступным пошукавым сезоне, недзе напрыканцы красавіка – на пачатку траўня, патлумачыў Аляксандр Кавун.

У бліжэйшы час распачнуцца працэдуры для ідэнтыфікацыі целаў загінулых. Пакуль што яны, падобна, захоўваюцца ў тым жа месцы, дзе былі знойдзеныя.

Косткі ў Горадні знаходзяць не археолагі, а будаўнікі

Водгаласы даўніны звычайна даюць пра сябе знаць падчас будаўнічых працаў, а не адмысловых археалагічных раскопак.

Вёска Баранавічы

Некалькі месяцаў таму падчас будаўніцтва дарогі ў вёсцы Баранавічы пад Горадняю працоўныя пачалі знаходзіць шкілеты і драўляныя труны. Паводле мясцовых жыхароў, гэтае пахаванне належала да 300-гадовай даўніны. Адмыслоўцы зазначылі толькі, што яно дакладна не вайсковае. Перазахаваць парэшткі планавалася на могілках на Аўльсе.

Гарадзенская ГЭС

Адмысловыя археалагічныя раскопкі ладзілі ў 2008–2011 гадах перад будаўніцтвам гарадзенскае ГЭС. Вынікам працаў стала перазахаванне парэшткаў 300 людзей сярэднявечча. Пасля даследаванняў іх пахавалі там, дзе і знайшлі, – у вёсцы Коматава Гарадзенскага раёну.

Стары мост

Калі рэстаўравалі Стары мост у 2008 годзе, косткі ды артэфакты знаходзілі амаль штодня. Большасць з іх належалі польскім і савецкім жаўнерам, якія змагаліся тут у 1939 годзе. Праз некалькі гадоў, у 2011-м, студэнт знайшоў пад Старым мостам яшчэ некалькі чалавечых костак.

Вул. Маставая

Пад будынкам Беларускага інстытуту правазнаўства на вуліцы Маставой неаднаразова (у 2008 і 2010 гадах) знаходзілі парэшткі некалькіх людзей, імаверна з часоў Другой сусветнай вайны. У той пабудове падчас вайны месціліся польскія казармы.

Фолюш

На тым жа Фолюшы знаходзяць косткі жаўнераў і габрэяў перыяду Другой сусветнай вайны. Бывае, што іх колькасць адлічваецца сотнямі, нават тысячамі – да прыкладу, у 2007 годзе падчас будаўнічых працаў наткнуліся на пахаванне 361, а ў 2008 – 1333 целаў савецкіх жаўнераў. З таго часу з зямлі на тэрыторыі Шталагу дасталі больш за дзве тысячы чалавечых парэшткаў.

Стадыён “Нёман”

Падчас рэканструкцыі стадыёну “Нёман” у 2002–2003 гадах будаўнікі ды дзеці пачалі знаходзіць чалавечыя косткі. Стадыён, як вядома, быў пабудаваны на месцы Новых габрэйскіх могілак у 1962 годзе. Напачатку шкілеты вывозілі разам са смеццем. Працоўным забаранялі гаварыць пра гэта. Скандал тады пагасілі, невялікую частку парэштак перазахавалі на Занёманскіх могілках. Паводле некаторых звестак, месца трагічных знаходак закансервавалі ды пакінулі рэшту костак у зямлі.

Зямлю са стадыёну развозілі па горадзе, на месцы, дзе яна была патрэбная: на вуліцу Дзяржынскага да Дому палякаў і ў кар’ер за новыя дамы напрыканцы вуліцы, да школы № 35 у мікрараёне Паўднёвы, у Пярэселку (вуліцы Новая і Чарнышэўскага), у раён маслабазы, на падсыпку трыбунаў па перыметры стадыёну “Нёман”. Паўсюль знаходзілі чалавечыя парэшткі.

Зямлю да Дому палякаў прывезлі для рэканструкцыі пляцоўкі. У ёй мінакі пабачылі чалавечыя косткі. Каму належалі гэтыя парэшткі ды колькі іх было, так і не высветлілі. Але ж прагучала версія, што зямлю прывезлі са стадыёну “Нёман”. Версіі ніхто не абверг і не пацвердзіў, а косткі з насыпу хутка зніклі.

Сінагога

Парэшткі целаў габрэяў часоў генацыду знаходзілі і каля сінагогі, там іх таксама расстрэльвалі падчас вайны. На месцы Старых габрэйскіх могілак залілі аўтастаянку.

Фара Вітаўта

Рэшта старых каталіцкіх могілак, магчыма, засталася побач з месцам знішчанай Фары Вітаўта. Перазахаванняў з іх ніхто не рабіў. Пасля падрыву касцёлу тое, што засталося ад яго, вывозілі на балота на ўскрайку гораду – цяпер там вуліца Суворава. Казалі, што дзеці там знаходзілі чалавечыя чарапы і косткі, якія, пэўна, разам з зямлёю захапілі экскаватаршчыкі.

Аўгустоўскі канал

Нечаканасцю стала знаходка костак і элементаў ваеннай экіпіроўкі пры пракладанні турыстычнае сцяжыны на Аўгустоўскім канале ад шлюзу “Дамброўка” да вёскі Сонічы. На гэтай тэрыторыі трымалі абарону савецкія войскі ў 1941 годзе.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў