Пачатак зімы ў «Крызе»


Мастак Вацлаў Рамашка выставіў пейзажы сваёй любімай пары – пачатку зімы.

Гарадзенская галерэя «Крыга» адкрыла дзверы для наведнікаў выставы Вацлава Рамашкі «У пачатку зімы». Пейзажы, паказаныя тут, зусім свежыя – напісаныя яны цягам апошніх месяцаў. Пазавалі мастаку краявіды Браслаўшчыны, Гарадзеншчыны, а таксама суседняй Польшчы. Аўтар адлюстраваў прыроду ўлюбёнага сезону: канца восені – пачатку зімы.
{movie}Агляд падзеяў культуры |right|13621{/movie}
«Гэта больш такія эцюдныя працы, успаміны пра тое, што я бачыў. Толькі не заўжды атрымліваецца занатаваць уражанні адразу пасля вандровак. Гэта ўсё адкладаецца, як у архіў», – тлумачыць сам мастак.

Выпускнік сталічнай глебаўскай вучэльні, Рамашка жыве і працуе ў Горадні. Таму адкрыццё выставы вітала багата сяброў і сваякоў мастака. Атмасферу для іх ствараў музыка Уладзімір Захараў. Паглядзець на краявіды ранняй зімы можна да 19 снежня.

Іншыя тэмы: Менскі гурт «Intelligency» прэзентаваў свой першы кліп, дзе ўсё электроннае гучыць жыўцом. Гурт «HandmadE» рыхтаваўся да кватэрніка, а сабраў поўны паб «Graffiti» гледачоў. Эстрадныя скрыпачкі з «KJK» выступілі ў кавярні «Loft» і хутка прэзентуюць першае відэа. Гурт «Дай Дарогу!» выклаў канцэртавае відэа з 2012-га і паабяцаў альбом «The Best» у наступным годзе.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў