Беларусы купляюць катоў... пад колер канапы


Гісторыя пра тое, што ў Беларусі няма культуры абыходжання з жывёлінамі. І пра тое, што віцебскаму прытулку для катоў і сабак тэрмінова патрэбныя валанцёры. Калі кожны з нас дапаможа хоць аднойчы, беларусы змогуць прэтэндаваць на тое, каб еўрапейцамі звацца.

У Віцебскім прытулку для бяздомных жывёлінаў – 120 сабак, 45 шчанюкоў, 30 катоў. З прычыны змяншэння бюджэтнага фінансавання цяпер скарачаецца штат працаўнікоў.

Неабыякавыя маладыя віцябляне зладзілі акцыю дапамогі жывёлінам, да якой далучылася карэспандэнтка «Белсату».

Закупіўшы прадукты харчавання, ашыйнікі, ланцужкі, едзем у прытулак, што месціцца на ўскрайку Віцебску. «Прытулак цяпер мае фінансавыя праблемы, няма грошай на ўтрыманне жывёлінаў, звальняюць людзей і шукаюць валанцёраў, хто б мог хоць 2 разы на тыдзень дапамагчы прыбрацца ці пакарміць гадаванцаў, – кажа арганізатар акцыі дапамогі Яўген Камінскі. – Таму і ладзім гэтую акцыю. Пасля трэба будзе яшчэ дапамагчы клеткі пачысціць».

Жыхары прытулку сустракалі валанцёраў гучным брэхам. Сабакі высоўвалі мордачкі праз краты клетак, наперабой кідаліся да людзей з пранізлівым «забяры мяне» ў вачах. Коткі, ад прыроды больш незалежныя, пазіралі на валанцёраў стомлена і флегматычна. Толькі некаторыя з іх падыходзілі і церліся аб ногі.{movie}Віцебскаму прытулку для жывёлы патрэбныя валанцёры!|right|13620{/movie}

Нехта шукае сябра, нехта – ката пад колер канапы

Сумнымі вачыма на валанцёраў глядзела маленькая паласатая котка Майка. Ёй было відавочна цяжка хадзіць і арыентавацца ў прасторы невялікага пакою. Што не дзіўна, бо над ёй страшна паздзекаваліся – абрэзалі вушкі ды абрубілі хвост. Майку прывезлі з адлову. Ветэрынарны доктар прытулку Кацярына Селівашка мяркуе, што нехта вучыўся купіраваць вушы і хвост.

Майка, хоць і нацярпелася ад людзей за 2 гады свайго жыцця, на дзіва ласкавая і горнецца да чалавека. Але ці знойдзе котка-інвалідка свайго гаспадара?

Кацярына кажа, што гэта цалкам магчыма, бо здараецца, што забіраюць менавіта інвалідаў. «Была ў нас котка з апёкамі, без поўсці амаль. Але і яе забралі, выхадзілі. Забіралі катоў без лапак, кульгавых. Сабаку без вока – Бучу, што доўга не мог знайсці гаспадара, у лістападзе на акцыі жанчына забрала, бо ёй менавіта сябар быў патрэбны. А неяк прыйшла жанчына, кажа: хачу забраць у вас самага ўбогага – і забрала ката без вушка».

Але, адзначае Кацярына, бываюць і такія, што «пад колер канапы сабе ката шукаюць».

Рахунак, на які можна пералічыць грошы для прытулку

ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці

код банку 739

р/р 3132410613018

УНП 300082155

атрымальнік плацяжа: ГП «Спецаўтабаза» г. Віцебску

прызначэнне плацяжу: ахвяраванне на ўратаванне жывёлінаў

Грошай на прытулак усё менш

Віцебскі прытулак адкрылі ў 2011 годзе, 16 жніўня, у Дзень дапамогі бяздомным жывёлінам. Як распавяла дырэктарка прытулку Наталля Зубава, за яго адкрыццё яна змагалася 13 гадоў.

Але вакол будынку дагэтуль няма агароджы, пляцовак для выгулу. Да таго ж, фінансаванне скарачаецца, і прытулак вымушаны літаральна выжываць. «Мы атрымліваем грошы з дзяржаўнага бюджэту на заробкі працаўнікам, і нам паставілі ўмову гэтую суму зменшыць, – кажа Наталля Зубава. – А зрабіць гэта можна толькі адным спосабам – звольніць людзей».

Усё неабходнае для ўтрымання прытулку, паводле спадарыні Наталлі, набываюць за грошы спонсараў і ахвярадаўцаў. «Спонсарскія сродкі, паводле нашага заканадаўства, мы не можам патраціць на заробкі. Нават калі б знайшоўся спонсар, які б сказаў – не звальняйце людзей, я буду вам на рахунак пераводзіць грошы, мы не маем права так зрабіць».

Наталля Зубава кажа, што ў Беларусі няма культуры абыходжання з жывёлінамі: людзі не адчуваюць адказнасці ды і заканадаўствам яна не рэгулюецца. Апроч камунальных службаў, якія прывозяць бадзяжных сабак і катоў, пад прытулак часцяком пад’язджаюць прыватныя аўтамабілі. «На днях мелі выпадак – недалёка ад нас з машыны выкінулі скрыню з 11 шчанюкамі, – распавядае дырэктарка. – Ці проста сюды, пад парог нам падкідаюць. А мы ўжо хутка не зможам змяшчаць усіх…»

«Валанцёры стаяць на рынку і раздаюць шчанюкоў, – працягвае спадарыня Наталля. – І вось у суботу іх узялі, а ў нядзелю мы дваіх знайшлі каля прытулку… Я не магу зразумець: навошта ты бярэш жывёліну, калі яна табе непатрэбная, каб потым зноў яе выкінуць? Атрымліваецца: узялі, пагуляліся, ведаем, дзе прытулак, адвязем назад. У нас няма культуры абыходжання з жывёлінамі ды няма прававой адказнасці – і гэта вялікая праблема».

Патрэбныя валанцёры!

Яшчэ ў 2000 годзе Наталля Зубава прынесла ў парламент першы праект Закону аб абыходжанні з жывёлінамі. Сёлета законапраект чарговы раз паклалі ў архіў.

Котка Майка з абрэзанымі вушкамі ды хвастом, як і дзясяткі іншых котак і сабак, працягваюць чакаць гаспадароў і абароны законам, а прытулак – рэальнай дапамогі і шанцу на выжыванне. А пакуль гаспадар не прыйшоў, закону няма, а дзяржаўнае фінансаванне скарачаецца, яны радуюцца візітам валанцёраў, якія прыносяць ежу і гуляюць з жывёлінамі.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў