За слова «тварь» у «Тэлеграме» былому кантрактніку далі 1,5 года «хіміі»

Суддзя палічыў, што паведамленне Ягора Карапузава, напісанае ў тэлеграм-канале, абразіла міліцыянта, піша «Віцебская Вясна».

11 снежня віцябляніну Ягору Карапузаву прысудзілі паўтары гады «хіміі» за слова «тварь», якое мужчына ўжыў у тэлеграм-канале «Банда Лукі». Суд Віцебскага раёну палічыў гэта «публічнай абразай прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Пацярпелым аказаўся супрацоўнік Чыгуначнага РАУС Віцебску маёр міліцыі Андрэй Зуеў.

«Хлопцы з Віцебску, падкажыце, калі ласка, каардынаты на маёра Зуева Чыгуначнага РАУС… Хачу ўдакладніць, тую «тварь» шукаю ці не», – гэтак выглядала паведамленне Андрэя Зуева.

Ягор Карапузаў расказаў, што 11 жніўня яго затрымалі паводле арт. 23.34 КаАП і ў аддзяленні міліцыі ў яго адбыўся канфлікт з адным супрацоўнікам.

«Ён да мяне падышоў і сказаў: «Раб, нашто табе свабода? Што ты з ёй будзеш рабіць?» Для мяне гэта было поўнай знявагай. Мы пачалі з ім сварыцца, спрачацца, а потым, калі я сядзеў у камеры ІЧУ, сукамернікі сказалі, што гэта, хутчэй за ўсё, Зуеў. Маўляў, ёсць група «Банда Лукі», напішы туды, і табе скінуць каардынаты. Мне проста важна было даведацца, ці гэта сапраўды ён. І я напісаў», – расказаў віцяблянін.

Адвакат абвінавачанага настойваў, што слова «тварь» не несла ў сабе абразы. Больш за тое, было ўжытае не ў тым сказе (прычым – пытальным), у якім згадваецца прозвішча Зуева. Але, паводле Карапузава, суд на гэта не звярнуў ніякай увагі, самое паведамленне прачытвалася ў судзе без усякіх знакаў прыпынку.

Віцяблянін расказаў таксама, што яго выклікалі па справе ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і прасілі запісаць відэа з выбачэннямі перад Зуевым і ўсімі супрацоўнікамі. Карапузаў згадзіўся («Маёр Зуеў, калі гэта былі не вы, то выбачайце…»), але на судзе супрацоўнік МУС заявіў, што гэтыя выбачэнні ўспрымае як няшчырыя і іх не прымае.

Агулам за кратамі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) Карапузаў правёў 8 содняў, яшчэ трое – у СІЗА, ужо паводле крымінальнай справе паводле арт. 369.

ДР belsat.eu

Напішы журналістам

Hавiны