Украінская апазіцыя: «Гэта не пратэст. Гэта рэвалюцыя»




У Кіеве спрабавалі штурмам узяць адміністрацыю Януковіча. Ачапленне з аўтобусаў «Беркуту» расштурхоўвалі бульдозерам. Пра гэта паведаміла «Громадське ТБ».

Некалькі соцень маладзёнаў спрабавалі штурмаваць плот на вуліцы Банкавая, дзе размешчаная адміністрацыя прэзідэнта. Яе ачапілі некалькі шэрагаў «Беркуту».

{movie}Бульдозеры ля адміністрацыі|right|13561{/movie}

У двор будынку кідалі дымавыя шашкі і фаеры. Як паведаміў карэспандэнт радыё «Свабода», невядомыя ў масках задзеялі трактар з каўшом. Аднак іншыя актывісты спрабавалі іх спыніць, выкрыкваючы: «Толькі мірная акцыя!».

Некалькі гадзінаў раней невядомыя пабілі вокны ў будынку сталічнай адміністрацыі.

{movie}Пратэстоўцы б’юць вокны кіеўскай адміністрацыі|right|13560{/movie}

Пазней будынак быў захоплены і ператварыўся ў штаб дэманстрантаў. У калоннай зале будынку стварылі штаб пратэсту, паведамляе ўкраінскі 5 канал. Арганізатары заяўляюць, што гэта не мітынг, а рэвалюцыя, аднак заклікаюць не ісці на штурм ураду і адміністрацыі прэзідэнта, дзе сканцэнтраваныя вялікія сілы спецназу і міліцыі.

Лідар партыі УДАР Віталь Клічко заклікаў удзельнікаў народнага веча на Майдане незалежнасці не паддавацца на правакацыі: «Мы разумеем, што цяпер пачынаецца правакацыя. Яны хочуць, каб пралілася кроў… Улады будуць рабіць усё, каб выкарыстоўваць зброю, абараняцца».

Прэс-сакратар прэм’ера Украіны Мікалая Азарава Віталь Лук’яненка паведаміў інфармацыйнаму агенцтву «Інтерфакс-Україна», што «ўрад будзе працаваць у звычайным рэжыме».

Спадар Лук’яненка адзначыў, што ў панядзелак адбудзецца традыцыйная нарада Азарава з міністрамі, а ў сераду пройдзе паседжанне ўраду.

Лук’яненка таксама заявіў, што сітуацыю ў Кіеве кантралююць, а людзі маюць права на мірныя сходы: «Усё, што адбываецца ў межах закону і мірна – на гэта людзі маюць права. Усё, што адбываецца па-за межамі закону, мусяць спыняць».

Паводле звестак украінскай апазіцыі зараз на Майдане каля 500 тыс. чалавек. Радыё «Свабода» называе лічбу у 200 тыс.

Ю.В. паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў