Беларускія акторы, мастакі, музыкі ды палітыкі гэтымі днямі наведваюць польскі Вроцлаў, які рыхтуецца да пераймання ў 2016-м статусу еўрапейскай культурнай сталіцы. У горадзе адбываецца Фестываль незалежнай беларускай культуры. Здаецца, наяўнасць асобнай беларускага мастацкага працэсу тут можа стаць нават адкрыццём.
{movie}У Вроцлаве пабачылі, што беларусы не толькі «корпаюцца на сваіх падворках»|right|13418{/movie}
«Калісьці Беларусь асацыявалася з гэтак званаю засцянковаю шляхтаю. Беларусы быццам бы толькі і маглі, што корпацца на ўласных падворках. Але бачым, што гэта ўжо зусім не засценак. Гэта сапраўды цудоўная еўрапейская культура. І гэта мы хочам паказаць жыхарам Вроцлава», – кажа Мікалай Іванаў з фонду «За свабоду нашую і вашую».
У межах фестывалю ўжо адкрылася выстава мастачкі Веры Ягоўдзік, прайшоў паэтычны вечар з удзелам Андрэя Хадановіча, Уладзіміра Някляева і Андрэя Адамовіча. Паказалі тут складаны, амаль бясслоўны «Спектакль № 7» тэатру «Карняг», які выклікаў неадназначную, але моцную рэакцыю публікі ў Беларусі.
«Спектакль № 7» – гэта спектакль пра страхі. Мы бралі самыя розныя страхі ды эксперыментавалі. Ад страху глабальнага да дробных боязяў», – распавядае рэжысёр тэатру Яўген Карняг.
Сёння ў Вроцлаве выступае легенда беларускага року Лявон Вольскі.
Іншыя тэмы: Гурт «Разбітае сэрца пацана» даў апошні канцэрт у Менску перад сваім першым міжнародным турнэ. У сталічнай галерэі Шчамялёва адкрылася выстава калекцыйных фотаздымкаў мяжы 19–20-га стагоддзяў пад сумнаю назваю «Непатрэбнае сваяцтва». Зміцер Вайцюшкевіч моцна ўразіўся тым, што на канцэрт у «Арт-сядзібу» прыйшла поўная зала моладзі.
Адэля Дубавец, «Навіны культуры»