«Нанясенне болю, фізічных і псіхічных пакутаў блізкім сваякам» – новы артыкул у КоАП


Міліцыя атрымала інструмент для прыцягнення да адказнасці сямейных скандалістаў. З моманту ўвядзення ў Кодэкс аб адміністратыўных парушэннях новага артыкулу, суды вынеслі 548 рашэнняў наконт тых, хто здзейсніў гвалт у дачыненні сваіх сямейнікаў.

З пачатку года ў краіне зменшылася колькасць задакументаваных міліцыяй адміністратыўных правапарушэнняў у сферы сямейна-побытавых адносінаў – на 3,2 %.

«Гэта аб’ектыўнае зніжэнне, бо раней, калі прыязжалі на сямейна-побытавыя канфлікты, складаліся пратаколы за дробнае хуліганства. Суды апошнім часам або спынялі такія справы, або наагул не бралі да разгляду, бо не было асноўнай кваліфікоўнай прыкметы — парушэння грамадскага парадку», – паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Сяргей Красуцкі.

На сёння, паводле яго, праблему вырашылі: у Кодэкс аб адміністратыўных парушэннях унеслі папраўку, артыкул 9.1 дапоўнілі другою часткаю, якая прадугледжвае адміністратыўную адказнасць «за нанясенне пабояў, якія ў выніку не мелі цялесных пашкоджанняў, наўмыснага нанясення болю, фізічных і псіхічных пакутаў, учыненых у дачыненні блізкага сваяка або чальца сям’ім.

«У найбліжэйшай перспектыве мы будзем гэты артыкул вельмі актыўна выкарыстоўваць, улічваючы рэальны рычаг уздзеяння на правапарушальнікаў», – заявіў Красуцкі.

Наагул, паводле яго, за 10 месяцаў 2013 года ў Беларусі адзначаны рост злачынстваў у сферы сямейна-побытавых адносінаў на 5 %. Такая негатыўная тэндэнцыя назіраецца ўва ўсіх рэгіёнах краіны, апроч Гомельскай і Менскай абласцей. Самае значнае павелічэнне адбылося ў Берасцейскай, Гарадзенскай абласцях і Менску.

Сярод асноўных фактараў, якія ўплываюць на стан побытавага злачынства, ён вылучыў п’янства і працоўную незанятасць насельніцтва.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў