З-пад абломкаў гандлёвага цэнтру ў Рызе дасталі целы 25 загінулых


Колькасць памерлых можа павялічыцца, кажуць медыкі.

У выніку абвальвання гандлёвага цэнтру «Maxima» ў сталіцы Латвіі, па афіцыйных звестках, загінула 25 чалавек. Раней паведамлялася пра 21 загінулага. Гэтую інфармацыю пацвердзіў міністр унутраных справаў Рыхардс Казлоўскіс.

{movie}Ратавальнікі працягваюць разбіраць завалы супермаркета «Maxima»|right|13413{/movie}Дакладна не вядома, колькі чалавек да гэтага часу застаюцца пад абломкамі супермаркету – кажуць пра колькасць ад 10 да 30 асобаў.

Выратавальныя працы працягваюцца. На месцы трагедыі дзяжураць больш за 20 брыгадаў хуткай дапамогі.

На цяперашні момант вядома пра каля 40 уратаваных, з іх каля 30 – даставілі ў лякарні, шпіталізавана адно дзіця і 10 выратавальнікаў.

У пацярпелых – траўмы рознай цяжкасці, у тым ліку пераломы канцавінаў, раны галавы і цела.

Паліцыя Латвіі ўзбудзіла крымінальную справу па факце надзвычайнага здарэння. Расследаваць будуць парушэнні нарматываў пры правядзенні будаўнічых працаў. Аднак пакуль нельга адназначна сказаць, што стала прычынай абвальвання даху ў супермаркеце, заявіў кіраўнік будаўнічага ўпраўлення Рыгі Інгус Вірцаўс. Паводле чыноўніка, пасля трагедыі правераць усе аб’екты, якія рэалізоўвае будаўнічая кампанія «Re&RE». Гэтая фірма займалася ўсталяваннем на даху супермаркету дзіцячай пляцоўкі, цяжару якой дах мог не вытрымаць.

Надзвычайнае здарэнне ў будынку супермаркету «Maxima» адбылося ўвечары 21 лістапада.

Першапачаткова абрынулася частка даху на плошчы каля 500 кв. м. Асноўны ўдар прыпаў на аддзел гародніны. Праз некаторы час адбылося паўторнае абвальванне. У выніку пад заваламі аказаліся і ратавальнікі, якія працавалі на месцы здарэння. Адзначаецца, што будынак амаль цалкам разбураны.

МЯ, belsat.eu, паводле rosbalt.ru, delfi.lv

Стужка навінаў