«Не згубіцца ў міжнародным віры». Беларуская клубоўня ў Празе


“Лявоніха”, “Ойра-ойра”, “Грачанікі”, “Верабей”. Выкананне гэтых ды іншых беларускіх танцаў – назвы некаторых з іх, чаго хаваць, невядомыя шмат каму з беларусаў у самой Беларусі – можна ўбачыць у Беларускай клубоўні ў Празе. Клубоўні, якая ўрачыста ў прысутнасці старшыні БНР Івонкі Сурвілы адкрыла свае дзверы сёлета ў сакавіку.

{movie}Беларуская клубоўня ў Празе|right|13396{/movie}Вось з такім запалам, з такою самаадданасцю, з такім шчыра беларускім плясканнем і тупаннем, забыўшыся пра ўсялякую стомленасць пасля працоўнага дня, позна ўвечары прыходзяць сюды, на адрас: вуліца 5-га траўня, 1043, у цэнтр Прагі, беларусы. Прыходзяць, каб патанчыць старажытныя беларускія танцы. Апроч вядомых нам “Полькі беларускай” і “Лявоніхі” сёння тут скочаць пад “Ойру-ойру”, “Падэспань”, “Падэспань даваенны”, “Дзеўку ў сенях” ды іншыя. “Першы парэнь на дзярэўне” тут, вядома, гэта чалавек з баянам. А гэта – аспірант з Беларусі Алесь Ясінскі.

АЛЕСЬ ЯСІНСКІ, МУЗЫКА:

“Я граю на баяне беларускія народныя танцы, якія тут праводзяцца раз на тыдзень ці раз на два тыдні, а таксама выкладаю мастацтва ў старэйшай групе беларускай школы”.

Але сцены Беларускай клубоўні, аказваецца, гэтым танцорам ужо здаюцца цеснымі. Яны мараць і будуюць планы аднойчы…

ЛАНА ГВАЗДЗІЦКАЯ:

“… проста выйсці ў Прагу і дзесьці на плошчы пад музыку беларускую, вось пад жывую музыку беларускую, якую нам цяпер грае Алесь, пачаць танчыць беларускія танцы. Каб чужынцы з усяго свету бачылі беларускую культуру”.

Але танцы і музыка – гэта далёка не ўсё, што можа прапанаваць мясцовым беларусам Клубоўня. Тут можна азнаёміцца вось з гэтаю стэндаваю кампазіцыяй, прысвечанай жыццю і творчасці Янкі Купалы, якую Клубоўні прэзентавала амбасада Беларусі ў Чэхіі. Але асаблівы гонар тут – бібліятэка з некалькімі тысячамі кніг на беларускай мове. Спадчына прафесара Жыдліцкага і нядаўна памерлага Юрася Бушлякова.

ЮРКА СТАНКЕВІЧ, СЯБРА РАДЫ БНР:

“Пачытаць кніжку, але, галоўнае, пачуць сваю мову, быць сярод сваіх людзей, – гэта, я думаю, важна. Гэта цэняць усе, нават тыя людзі, хто амаль не гаворыць па-беларуску”.

ВОЛЬГА СМАЛЯНЧУК:

“Яны цягнуцца адзін да аднога. І вось гэтае месца – гэта проста месца сустрэчы, куды можна прыйсці, з суайчыннікамі пабачыцца, паспяваць, патанцаваць”.

Адзін з заснавальнікаў і мецэнатаў Клубоўні, бізнесовец Віталь Цімошчанка, паэтычна называе як “куточкам, які дазваляе беларусам не згубіцца ў міжнародным віры”.

ВІТАЛЬ ЦІМОШЧАНКА, БІЗНЕСОВЕЦ:

“Праект Клубоўні – гэта падмурак, на якім любы, хто цікавіцца беларускаю культураю і пэўнымі рэчамі вакол яе, можа прыйсці і рабіць свае справы. Гэта могуць быць любога кшталту культурныя праекты. Мы адкрытыя для ўсіх!”

Адзін з апошніх праектаў, якія тут рэалізуюцца, гэта праект часопісу “Макулатура”. Але ў макулатуру пасля чытання такі часопіс здаваць ну ніяк не хочацца. Тут сабраныя, як лічаць яго рэдактары, не толькі адныя з найлепшых новых твораў беларускіх аўтараў, але і цікавыя пераклады творчасці замежных пісьменнікаў на беларускую мову. І азнаёміцца з “Макулатураю” ў Празе можна толькі на вуліцы 5-га траўня.

Але, урэшце, Беларуская клубоўня ў Празе, як мяркуюць яе стваральнікі, гэта не толькі месца, дзе можна, як у бібліятэцы, узяць дахаты пачытаць кніжку на роднай мове ці, як у кінатэатры, паглядзець нейкі новы дакументальны фільм. Гэта і своеасаблівая выспа беларушчыны. Бо тут беларусы абмяркоўваюць навіны ды свае праблемы. І што самае галоўнае, робяць яны гэта выключна на роднай мове.

Алесь Сіліч, “Аб’ектыў”, Чэхія, belsat.eu

Стужка навінаў