Гарадзенцы баяцца, каб помнік прыроды не закаталі пад плітку


На грамадскае абмеркаванне вынеслі праект добраўпарадкавання гарадзенскага помніку прыроды «Румлёўскі парк». Распрацоўнікі праекту і навукоўцы абяцаюць: парк шкоды не зазнае. Жыхары Горадні баяцца, каб падчас працаў не знішчылі самабытнасць парку.

Экаактывісты: Нарэшце ў гарадзенцаў спыталі іхнае меркаванне

На сустрэчы з мясцовым насельніцтвам, што адбылася ўчора, 15 лістапада, і была рыхтаваннем да грамадскіх абмеркаванняў, галоўны архітэктар праекту Аляксандр Штэн распавёў, што чакае Румлёўскі парк.

Ужо неўзабаве, падчас першага этапу добраўпарадкавання, там адновяць сцяжынкі, з’явяцца спускі да Нёмна, агароджы на высокіх схілах, альтанкі, пляцоўкі для адпачынку з дзецьмі.

Добраўпарадкаванне каардынуецца групаю з 18-ці навукоўцаў, якія абяцаюць, што без дазволу не высекуць аніводнага дрэва. Сцяжынкі зробяць альбо землянымі, альбо з цагляна-жвіровым пакрыццём. Толькі адну сцежку, для праезду смеццявозу, выкладуць бетоннаю пліткаю.

Краязнаўца і каардынатар праекту Віталь Гуменны сцвярджае, што зямля пад гэтаю сцежка не мае прыроднай і гістарычнай каштоўнасці, бо выходзіць за натуральныя межы лесу. У парку з’явяцца інфармацыйныя стэнды, плануюць адрэстаўраваць воданапорную вежу пачатку ХХ стагоддзя, зрабіць «экалагічную сцяжынку».

Удзельніца экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Юлія Каляда хоць і мае пэўныя заўвагі да праекту добраўпарадкавання, хоча верыць навукоўцам ды іхным здольнасцям адстаяць парк. Актывістка лічыць важным ужо тое, што праект увогуле выносяць на грамадскае абмеркаванне: «Мы [экалагічныя актывісты, – belsat.eu] даўно кажам, што людзі мусяць прымаць удзел у жыцці горада яшчэ на этапе планавання. Нарэшце нас пачулі. Увогуле, у гэтым месяцы нейкі прарыў – такія сустрэчы склікаліся ўжо тройчы. У праекце ёсць моманты, якія выклікаюць сумненні. Але будуць яшчэ абмеркаванні, і мы зможам выказацца».

Гарадзенка: Баюся, каб з парку не зрабілі другой Савецкай плошчы

Стаўленне жыхароў Горадні да планаў рэканструкцыі парку рознае. З аднаго боку, людзі згаджаюцца, што ў парку сапраўды трэба навесці парадак. З іншага, гарадзенцы ўжо баяцца слова «добраўпарадкаванне», бо часта за ім ідзе знішчэнне каштоўных аб’ектаў. Тым больш, што тры гады таму добраўпарадкаваць «Румлёва» ўжо спрабавалі, і гэта прывяло да стыхійнай вырубкі дрэваў і з’яўлення асфальтавай сцежкі вакол парку.

«Няхай добраўпарадкуюць, даўно трэба, асабліва развязаць праблему з прыбіральнямі, ато людзі пад дрэвы ходзяць», – падзяліўся меркаваннем пенсіянер, які шпацыраваў у парку з маленькім дзіцём у вазку.

«Я не супраць добраўпарадкавання як такога, – кажа гарадзенка Святлана Кузіна, што прыйшла на абмеркаванне. – Але не хачу, каб тут былі дзіцячыя пляцоўкі, бо народ у нас неадукаваны, дзеці будуць рваць кветкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу, кідаць смецце. Тут мусіць застацца жывая прырода. Я катэгарычна супраць пліткі, пад якую закаталі Савецкую плошчу. Ужо страшна, каб з паркам тое самае не зрабілі».

Краязнаўца: Дрэвы трэба саджаць хутчэй, пакуль выканкам не перадумаў

Румлёўскі парк атрымаў статус помніку прыроды ў 1993 годзе. Віталь Гуменны звяртае ўвагу на падвойную каштоўнасць Румлёўскага парку – прыродную і гістарычную: «Тут ёсць участак эталоннага прыпоплаўнага дубова-грабавага лесу, дзе можна пабачыць, як лес выглядаў 200, а то і 400 гадоў таму. Там растуць 200–250-гадовыя дубы». А гісторыя – гэта рэшткі пейзажнага парку ХІХ стагоддзя, ваенны парк канца ХІХ–пачатку ХХ стагоддзяў, месца баёў 1914 і 1941 гадоў.

Важнае месца Румлёўскі парк займае ў экасістэме гораду, бо абараняе спальныя мікрараёны ад уплыву такіх буйных прадпрыемстваў як «Азот» і «БелТАПАЗ».

Віталь Гуменны распавёў, што плануецца падсадка ў парку маладых дубоў, у чым мясцовыя жыхары могуць прыняць удзел: «Раней тут, дзе мы плануем новую дубраву, хацелі будаваць крамы ды тэнісныя корты, якія б цалкам знішчылі парк. Цяпер гарвыканкам нарэшце пагадзіўся, каб там былі дрэвы. І трэба за гэта чапляцца, і садзіць дрэвы як мага хутчэй, бо, на жаль, вятры ў нас дзьмуць па-рознаму».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў