Тэст на мадэрнізацыю ў горадзе над Дзвіною


Мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай сферы мела стаць узорнаю для ўсёй беларускай эканомікі. Але на выхадзе кампанія аказалася пшыкам: масавыя звальненні, разнос адчаю з боку Лукашэнкі ды праваленыя здачы прадпрыемстваў. Кропку ў гісторыі маюць паставіць у снежні, калі адбудзецца фінальная нарада ў Віцебску. Мы ж, апярэджваючы прэзідэнта, накіраваліся ў горад над Дзвіною.

{movie}Рэпартаж Залеўскага: “Тэст на мадэрнізацыю ў Беларусі”|right|13332{/movie}

Перадгісторыя мадэрнізацыйных жарсцяў

Яшчэ летась кіраўнік краіны заявіў пра старт прарыўнага эканамічнага праекту – пабудова сучасных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў ува ўсёй краіне. Прыбытак ад гэтага меў урэшце перавысіць страты ад скарачэння нафтагазавых расейскіх датацыяў. Час ішоў, а цудоўныя прадпрыемствы працы не пачыналі. Як вынік, на мінулым тыдні ў Барысаве быў учынены публічны разнос – са звальненнямі ды вымовамі для высокіх чыноўнікаў. На чарзе стаў Віцебск.

Сёння «Віцебскдрэў» за некалькі тыдняў да прыезду Лукашэнкі – гэта сапраўдны рэжымны аб’ект. Навокал ходзяць прадстаўнікі КДБ і міліцэйскі патруль. Мы паспрабуем з царквы паздымаць рыхтаванні «Віцебскдрэву» да візіту кіраўніка дзяржавы.

Каб праверыць тэмпы мадэрнізацыі, Аляксандр Лукашэнка наведаў Віцебск роўна год таму. Тады аўральнымі тэмпамі пачалі рамантаваць дарогі, а вось у гэтым месцы здзейснілі сапраўдны акт знішчэння вёскі. Цягам двух дзён пажарныя палілі хаты, дзе фармальна ніхто не жыў. Бо вёска Паўловічы псавала выгляд для прэзідэнцкага картэжу, які меўся ехаць акурат па гэтай дарозе.

Схаваная камера і візіт на рэжымнае прадпрыемства

Паклаўшы мінікамеру ў кішэню, я пераўвасобіўся ў патэнцыйнага пакупніка вялікай партыі дрэваматэрыялаў, што неўзабаве маюць сысці з новых станкоў. Гэта быў адзіны шанец мінуць усе міліцэйскія і кадэбісцкія кардоны. Трапіў наўпрост да кіраўніка аддзелу збыту, які перад гэтым больш за дзесяць гадоў займаў пасаду намесніка дырэктара прадпрыемства.

«Калі ў студзені пачняце, то вы можаце даць гарантыі? Я тады ў Польшчы не буду замаўляць, – пытаемся ў кіраўніка збыту. Мы набылі абсталяванне ў Нямеччыне і на лініі паспрабавалі – усё атрымліваецца. А цяпер мы ж тут усё паставілі, – зазначыў кіраўнік. …Але не ведаю. Вы гарантыяў не ў стане даць? Да таго ж да матэрыялаў трэба купляць плёнку. А ў Беларусі такой плёнкі няма. Трэба будзе ў Расеі купляць ці Польшчы… Усё не так проста».

Затое проста стварыць добры выгляд. На вуліцы, што вядзе да прадпрыемства, пакладзены новы асфальт, пафарбаваныя фасады жылых дамоў. «Там жа едзе Лукашэнка. Там і зроблена. А вось тут прасілі, пісалі заявы… Вось гэтыя ліхтары зрабілі, калі ён таксама ехаў. …Уся брудная была», – абураецца жыхарка дому, ля якога будзе праязджаць Лукашэнка.

Тым часам на «Віцебскдрэве» – абед. Карыстаючыся з магчымасці, ідзем да сталоўкі прадпрыемства. Яна – па-за тэрыторыяй і, здаецца, па-за вачыма людзей у цывільным. Пад выглядам таго ж купца разгаварыўся з інжынерам. Ці варта чакаць месяц, каб замест замежнага набыць айчынны ламінат? «Справа ў тым, што вы ведаеце, у нас тут і абсталяванне нямецкае закупілі. Паўгода італьянцы тут працавалі. Але мы каля гэтых станкоў, як кажуць, ходзім міма. Як кажуць, начальнікам лепш відаць. Вось прыедзе Лукашэнка 16-га, калі гузік націсне – заробіць нам прэмію. Калі не заробіць – баюся, ніхто тут не будзе працаваць».

І паралельна сталі рыхтавацца да таго, найгоршага сцэнара. Пасля ад’езду з Віцебску мы даведаліся, што акурат у той дзень у горадзе над Дзвіною стварылі камісію для расследавання… правалу тэрмінаў здачы аб’ектаў.

Паглядзеўшы ўжо на сваіх былых, барысаўскіх калегаў, у Віцебску вырашылі не наступаць на тыя ж граблі ды прынамсі касметыку навесці. А новая, адмадэрнізаваная лінія – як карта ляжа.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Стужка навінаў