Лявон Вольскі ў аўтарскай праграме «Шыльды»


Ці задумваліся Вы, чые імёны носяць вуліцы беларускіх гарадоў? Напрыклад, вуліца Берута ў Менску, якая праходзіць каля Кальварыйскіх могілак? Пра гэта вырашыў паразважаць музыка Лявон Вольскі ў аўтарскай праграме «Шыльды».

Баляслаў Берут – польскі камуніст. У Менску ён апынуўся падчас Другой сусветнай вайны. Тут ён арганізоўваў савецкае падполле і працаваў кіраўніком аддзелу харчавання ў нямецкай адміністрацыі.

«Захаваліся ўспаміны гаспадаркі кватэры, дзе пражываў Берут у Менску. Згодна з імі, – кажа гісторык Уладзімір Плавінскі, – той быў сціплым чалавекам, які жыў у маленькім пакойчыку з тапчаном замест ложку ды некалькімі скрынямі замест стала. Берут дапамагае тым, хто галадае, харчовымі карткамі і нават выратоўвае жыцці людзей».

Калі вайна скончылася Берут узнёсся на самую вяршыню ўлады ў сацыялістычнай Польшчы. Але паўната ўлады тоіць небяспеку.

«Хто канцэнтруе ў адных руках усю ўладу, той 100% зробіцца бескантрольны і неадэкватны. – перасцерагае Лявон Вольскі. – Тым болей, калі ён кансультуецца па кожным пытанні з «бацькам народаў» Язэпам Вісарыёнавічам. Вось дзякуючы гэтым кансультацыям, Берут запрашае ў Войска польскае і праваахоўныя органы процьму савецкіх «кансультантаў». І пачалося…»

Даведайцеся болей пра Баляслава Берута, каб паразважаць, ці варта мець у сталіцы вуліцу, названую ягоным імем.

Стужка навінаў