Былыя сувораўцы: Нашая вучэльня мусіць насіць імя Касцюшкі ці Каліноўскага


Сёння ў Менску прайшлі ўрачыстыя імпрэзы ў гонар 60-годдзя Сувораўскага ваеннага вучылішча. Менскія кадэты ўзгадалі часы навучання, паразважалі пра сучаснасць вучэльні. Былы суворавец Валер Сядоў пад бел-чырвона-белым сцягам прачытаў пасланне ад палкоўніка Уладзіміра Барадача.

Афіцэр, які не жыве нацыянальнаю ідэяй, не афіцэр.

«Я скончыў вучылішча ў 1970 годзе. З Уладзімірам Барадачом мы спалі галава да галавы. Таксама з намі ў роце быў Канстанцін Скуратовіч, – распавядае Валерый Сядоў, вядомы апазіцыйны дзеяч 90-х гадоў мінулага стагоддзя. – Калі нас рыхтавалі быць афіцэрамі, то паняцці годнасці афіцэра былі галоўнымі. Афіцэры – гэта асаблівы пласт у любым грамадстве. Афіцэр заўсёды адзначаўся гонарам і годнасцю, нянавісцю да хлусні».

У тым, што і цяпер навучэнцаў вучылішча выхоўваюць на гэткіх жа каштоўнасцях, спадар Валер не ўпэўнены: «Афіцэр, які не жыве нацыянальнай ідэяй, – гэта не афіцэр. Невядома, што і як ён збіраецца абараняць. Афіцэр павінен быць гатовы памерці за Радзіму. А за якую Радзіму цяперашніх сувораўцаў вучаць паміраць – я не ведаю. Сёння іх тут, хутчэй, выхоўваюць вернасці прэзідэнту. Так жа, як КДБ у нас не камітэт абароны бяспекі краіны, а камітэт аховы прэзідэнта, гэтак жа і ўсе сілавыя структуры ў Беларусі».

Валер Сядоў заўважыў, што Сувораўскага вучылішча ў Беларусі ўвогуле быць не мусіць, што яно мае насіць імя беларускага нацыянальнага героя, напрыклад, Кастуся Каліноўскага.

Пагаджаецца з гэтаю думкаю яшчэ адзін выпускнік Сувораўскага вучылішча 1970 года, цяпер аглядальнік газеты «Белорусы и рынок» Канстанцін Скуратовіч: «Сувораўскія вучылішчы ствараліся ў Савецкім Саюзе. Сувораў – герой Расейскай Імперыі. Цяпер яны кажуць, што адраджаюць традыцыі кадэцтва царскай Расеі. Ні СССР, ні Расейскай Імперыі ўжо няма. Заслугі Суворава перад Беларуссю мы ведаем, таму лагічна, што ягонае імя ваенная вучэльня ў Беларусі насіць не павінна. Нешта трэба змяняць. Напрыклад, чаму б не надаць вучылішчу імя Тадэвуша Касцюшкі? Але тут патрэбная дыскусія ў грамадстве, каб прыняць рашэнне. Але гэта было б магчыма толькі ў дэмакратычнай краіне».

Былы міністр абароны Пётр Чавус: Сувораў – наш культ

А вось Пётр Чавус, які займаў пасаду міністра абароны акурат у той час, калі Беларусь атрымала незалежнасць, у 1992 годзе, мяркуе: Сувораўскае вучылішча павінна заставацца Сувораўскім. «Вучылішча мае свае традыцыі. І назвалі яго імем Суворава не таму, што камусьці Сувораў падабаўся. Гэта быў вялікі палкаводзец. Як ваенны чалавек ён для нас – культ. Мы цэнім гэта і не хочам змяняць назву. Суворава шануюць у Нямеччыне, ягоныя помнікі стаяць у Швейцарыі. Бо ён адыграў прагрэсіўную ролю ў сваіх бітвах. Выконваючы наказ сваіх цароў, кіраўнікоў, ён зрабіў усё так, як трэба для дзяржавы. Ён быў дзяржаўнікам. А калі ён быў дзяржаўнікам, то і для нас ён ім ёсць».

Пасланне ад Уладзіміра Барадача пад бел-чырвона-белым сцягам

{movie}Валер Сядоў чытае пасланне Уладзіміра Барадача|right|13264{/movie}

Падчас неафіцыйнай часткі святкавання юбілею Валер Сядоў перад сваёй колішняй ротаю ахінуўся ў беларускі сцяг і прачытаў пасланне ад сябра і аднакурсніка, таксама выпускніка Сувораўскага вучылішча палкоўніка Уладзіміра Барадача, які цяпер жыве ў змушанай эміграцыі ў Нямеччыне.

«Дарагія браты кадэты! Шкада, што не магу ў гэты дзень быць з вамі, – зазначаецца ў пасланні Барадача. – Тое, што адбылося і адбываецца сёння са мною і з іншымі беларускімі патрыётамі, не ўкладваецца ў рамкі здаровага сэнсу і логіку палітычнай мэтазгоднасці. Мы заўсёды былі гатовыя памерці за Радзіму. І што атрымалі? Finita la Радзіма? Кадэты, я з вамі! Я ў чаканні загаду Радзімы. Жыве Беларусь!».

Менскае сувораўскае ваеннае вучылішча адкрылі 6 лістапада 1953 года. За 60 гадоў з яго выйшлі больш за 13 тысячаў выпускнікоў.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў