16-гадовы хакер са Століна скраў больш 15 тысяч рублёў


Малады чалавек выкрадаў грошы з картак карыстальнікаў сацсетак. Ад яго дзеянняў пацярпелі больш за сто чалавек.

Супраць падлетка ўзбудзілі дзве крымінальныя справы – несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі і крадзеж шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі.

«Гэта адна з буйных крымінальных спраў. Абʼём следчых матэрыялаў штодня расце, следчыя праводзяць агляд сайтаў і старонак, якія былі ўзламаныя. Сума на цяперашні момант складае больш за BLR 15 тыс. Большасці людзей, з рахункаў якіх выкралі грошы, вярнулі банкі ў адпаведнасці з прынцыпам нулявой адказнасці», – распавяла прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова.

З верасня 2015-га па студзень 2016-га хлопец узломліваў асабістыя старонкі карыстальнікаў сацыяльнай сеткі «Вконтакте» і блакаваў іх, змяняючы паролі. Завалодаўшы акаўнтам, падазраваны пад выглядам сапраўднага гаспадара профілю пачынаў пісаць паведамленні віртуальным сябрам. У мэсэджах ён прасіў прадставіць яму рэквізіты іх банкаўскіх плацежных картак, матывуючы гэта тым, што не можа скарыстацца ўласнай карткай, таму што яна заблакаваная ці ў яе скончыўся тэрмін дзеяння. Некаторыя людзі адгукаліся на просьбу. Займеўшы дадзеныя, падлетак выводзіў грошы з картак, робячы інтэрнэт-закупы або пералічваючы сродкі на падкантрольныя яму рахункі.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў