Суд у Растове прызнаў прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на Данбасе. Крэмль адмаўляе


У выраку вялося аб пастаўках прадуктаў харчавання расейскім вайскоўцам у самаабвешчаныя ДНР і ЛНР на тэрыторыі Украіны. Падсудны ў паказаннях раскрыў дэталі паставак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія вайскоўцы на вучэннях.
Фота: mil.ru

«Гэтае харчаванне прызначалася для адпраўкі ў вайсковыя часці Узброеных Сілаў РФ, якія дыслакуюцца на тэрыторыі ДНР і ЛНР», – такая фраза ёсць у выраку.

«Перадача грашовых сродкаў ПІБ2 Г.В. у якасці хабараў была яго асабістай ініцыятывай у сувязі з вымагальніцтвам хабару з боку ПІБ2 Г.В. і выказваннем апошнім пагрозаў зрыву пастаўкі прадукцыі ў інтарэсах ПІБ2 і вайскоўцаў РФ, якія знаходзяцца на баявым дзяжурстве ў ДНР і ЛНР», – яшчэ адна фраза з выраку.

Шэраг расейскіх і ўкраінскіх медыяў 16 снежня звярнуў увагу на вырак Кіраўскага раённага суда ў расейскім Растове-на-Доне ў справе аб карупцыі. З сайта суда вырак ужо выдалілі, але яго копіі заталіся ў архівах. Суд казаў праекту «Вот так», што не будзе ўносіць праўкі ў вырак.

Абвінавачаным у справе быў Вячаслаў Забалуеў – рэгіянальны менеджар кампаніі «Технология», якая з’яўляецца пастаўнікам Узброеных сілаў Расеі – ён быў пасярэднікам пры перадачы хабару, прызнаў віну і расказаў пра пастаўкі.

Паводле падсуднага, пастаўкі ладзілі раз на два тыдні калонамі з больш як 70 машынаў, агульным аб’ёмам у 1300 тонаў. Там былі мука, кансервы, свежая гародніна. Кошт пастаўкі складаў 130 млн рублёў. Журналісты падлічылі, што гэтага хапіла б на 25 тысяч вайскоўцаў.

Расея спачатку адмаўляла і прысутнасць сваіх вайскоўцаў і ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме падчас падзеяў 2014 года. Уладзімір Пуцін вясной таго года адмаўляў, што «зялёныя чалавечкі» ў Крыме былі расейскімі вайскоўцамі, а восенню сказаў, што «гэта факт, мы ніколі яго не ўтойвалі».

Відэа словаў Пуціна сабрала «Медуза»:

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў 16 снежня заявіў, што «напэўна, гаворка ідзе пра памылку тых, хто пісаў гэты тэкст», бо «немагчыма, ніякіх Узброеных Сілаў РФ на тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік не было і няма».

АА belsat.eu

Стужка навінаў