Новы скандал з абыходам санкцыяў: давялося апраўдвацца МЗС Эстоніі


У Літве праз абыход «Беларуськаліем» санкцыяў могуць пайсці ў адстаўку два міністры або цэлы ўрад. Міністарка замежных справаў Нарвегіі гутарыла з Ціханоўскай і пагадзілася з ёй адносна імпарту прадукцыі «Беларуськалію». Цяпер скандал яшчэ і ў Эстоніі.

Фота: belsat.eu

Выданне «Eesti Päevaleht» 14 снежня паведаміла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму можа без перашкодаў гандляваць нафтапрадуктамі і іншымі таварамі праз эстонскія парты, нягледзячы на санкцыі, а абароты дасягаюць рэкордных паказнікаў (за 10 месяцаў 2021 года транзіту тавараў было на паўмільярда еўра). Большую частку плыні грузаў забяспечвае дзяржаўная эстонская кампанія «Operail».

Прэс-сакратарка Міністэрства замежных справаў Эстоніі Крыстына Отс 16 снежня так пракаментавала гэтую навіну:

«Цяпер у Міністэрства замежных спраў няма падстаў меркаваць, што эстонскае дзяржаўнае прадпрыемства ці кампетэнтныя ўстановы парушылі ўстаноўленыя санкцыі. Калі абмежаванні стануць больш дакладнымі ці зменяцца, іх выкананне, вядома, варта перагледзець», – перадае словы прадстаўніцы МЗС Эстонская нацыянальная тэлерадыёкампанія.

Як кажа Отс, Эстонія прымае санкцыі ААН, Еўразвязу і свае ўласныя, адносна Беларусі дзейнічаюць абмежаванні да фізічных і юрыдычных асобаў, а таксама сектаральныя санкцыі. Перавознікі тавараў праверылі грузы на адпаведнасць санкцыйным спісам і не выявілі парушэнняў, запэўнівае яна.

Прадстаўніца МЗС дадае, што санкцыі Еўразвязу не распаўсюджваюцца на дамовы, заключаныя да 25 чэрвеня 2021 года, а пры выкананні абмежаванняў «важна сачыць, ці пералічаныя прадукты і групы тавараў у дадатку да пастановы Еўразвязу ў якасці дазволеных тавараў, і правяраць таварныя коды».

У інтэрв’ю выданню «Eesti Päevaleht» у сераду прэм’ер-міністр Кая Калас устрымалася ад ацэнкі транзіту Беларусі праз Эстонію, зазначыўшы, што ён не парушае санкцыі.

Hавiны
Франак Вячорка: Бліжэй да студзеня-лютага эфект ад санкцыяў будзе больш адчувальным
2021.12.11 22:28

АА belsat.eu

Стужка навінаў