Міністарка замежных справаў Нарвегіі пагадзілася з Ціханоўскай адносна «Yara» і санкцыяў


Святлана Ціханоўская 16 снежня правяла сустрэчу ў онлайн-фармаце з новай міністаркай замежных справаў Нарвегіі Анікен Гуітфэльт. Пра вынікі сустрэчы «Белсату» расказаў офіс Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская падчас сазвону.
Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

Важнай тэмай сустрэчы з міністаркай стала супраца нарвежскай кампаніі «Yara» з «Беларуськаліем». Нягледзячы на ​​амерыканскія санкцыі супраць гэтай беларускай кампаніі, што набылі моц у гэтым месяцы, а таксама новыя санкцыі супраць «Беларускай калійнай кампаніі», «Yara» працягвае набываць беларускі калій.

Святлана Ціханоўская, як паведамляе ейны офіс, сустрэла разуменне Анікен Гуітфэльт і адзначыла, што беларусы лічаць неэтычнай супрацу з «гаманцамі» рэжыму.

Падчас сустрэчы Ціханоўская:

  • падзякавала Нарвегіі за актыўную пазіцыю і падтрымку пятага пакету санкцыяў Еўразвязу (куды Нарвегія не ўваходзіць). Беларуская лідарка адзначыла: важна закрыць «шчыліны» ў санкцыях і ўзмацніць ціск на рэжым;
  • адзначыла важнасць таго, што Нарвегія ўзяла ўдзел у запуску Венскага механізму ў АБСЕ;
  • у сувязі з тым, што Нарвегія зʼяўляецца дзейным сябрам Рады бяспекі ААН, заклікала ўзнімаць беларускае пытанне ў ААН і абмеркаваць стварэнне міжнароднага трыбуналу па злачынствах рэжыму Лукашэнкі;
  • заклікала працягваць аказваць дапамогу незалежным медыям, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, студэнтам і навукоўцам.
  • адзначыла, што важна дыпламатычна ізаляваць рэжым і не дапускаць кантактаў з яго прадстаўнікамі, пакуль патрабаванне беларускага народу аб вызваленні ўсіх палітзняволеных не будзе выканана.
Hавiны
Увесь урад Літвы можа сысці ў адстаўку праз «Беларуськалій»
2021.12.14 10:43

На дадзены момант Нарвегія ўжо падтрымлівае Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (EHU), ECLAB, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Дом правоў чалавека, выдае гранты медыям і культуры, а таксама ўдзельнічала ў запуску платформы збору доказаў злачынстваў рэжыму IAPB.

Ціханоўская ўжо сустракаліся з міністаркай у жніўні – тады Гуітфэльт была старшынёй камітэту замежных справаў нарвежскага парламенту.

Hавiны
Франак Вячорка: Бліжэй да студзеня-лютага эфект ад санкцыяў будзе больш адчувальным
2021.12.11 22:28

АА belsat.eu

Стужка навінаў