Аб’яднаны пераходны кабінет працуе ўжо сто дзён. Што ён зрабіў за гэты час?


Сто дзён таму, 9 жніўня, на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні было абвешчана аб стварэнні новай структуры беларускіх дэмакратычных сілаў – Аб’яднанага пераходнага кабінету. Чальцы Кабінету паставілі амбітную мэту: забяспечыць транзітны пераход улады ў рукі народу і скасаванне таталітарнага рэжыму Лукашэнкі. Пра тое, чаго ўдалося дасягнуць за тры месяцы працы, а таксама пра скандалы вакол Кабінету, якія апошнім часам ідуць адзін за адным, мы пагутарылі з палітолагам Аляксандрам Класкоўскім, бізнесоўцам і блогерам Аляксандрам Кныровічам і адмыслоўцаю у галіне PR, лектаркаю ЕГУ, калумністкаю «Forbes» Ганнай Мірочнік.

Павел Латушко, Александр Азаров, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский, Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Другі дзень канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». На здымку (злева направа): Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Якія мэты ставіў перад сабой Аб’яднаны кабінет

Аб’яднаны пераходны кабінет распачаў сваю працу 9 жніўня 2022 года як калектыўны выканаўчы орган беларускіх дэмакратычных сілаў. У яго ўвайшлі: Святлана Ціханоўская – кіраўніца Кабінету, Валер Кавалеўскі – намеснік кіраўніцы і прадстаўнік Кабінету ў замежных справах, Павел Латушка – намеснік кіраўніцы і прадстаўнік Кабінету ў транзіце ўлады, Аляксандр Азараў – прадстаўнік Кабінету ў аднаўленні правапарадку, Валер Сахашчык – прадстаўнік Кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы.

Пасля абвяшчэння першапачатковага складу на Кабінет абрынулася хваля крытыкі за адсутнасць у ім жанчын. Неўзабаве на пасаду прадстаўніцы ў пытаннях эканомікі і фінансаў была прызначаная прадпрымальніца і заснавальніца кампаніі «Laava Tech» Таццяна Зарэцкая і ў якасці прадстаўніцы ў справе нацыянальнага адраджэння – былая журналістка тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык. Таксама было анансавана з’яўленне прадстаўніка ў пытаннях сацыяльнай палітыкі, аднак гэтая пасада дагэтуль незанятая.

Аб’яднаны кабінет абвесціў пяць асноўных мэтаў:

  • абараняць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, рэпрэзентаваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі;
  • аднавіць канстытуцыйную законнасць і правапарадак;
  • распрацаваць і зрэалізаваць захады для спынення незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў;
  • распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі;
  • вызваліць усіх палітычных вязняў.

Чатыры скандалы за тры месяцы

Цягам трох месяцаў адбыліся некалькі скандалаў, звязаных з Кабінетам і яго прадстаўнікамі. Спачатку выявілася, што ў прадстаўніка ў абароне і нацыянальнай бяспецы Валера Сахашчыка маецца расейскі пашпарт. Спадар Валер не цураўся размоваў з журналістамі, адказаў на ўсе пытанні і распачаў працэдуру выйсця з расейскага грамадзянства.

На пачатку лістапада прадстаўніца Кабінету ў пытаннях эканомікі і фінансаў Таццяна Зарэцкая абвесціла пра свой сыход. Неўзабаве «Наша Ніва» апублікавала тэкст, у якім паставіла пад сумнеў паспяховасць бізнеса Зарэцкай. Таццяна, у адрозненне ад Валера Сахашчыка, не адразу пайшла на адкрыты кантакт з журналістамі, пагражала судом, чым спрычынілася да яшчэ большага распальвання скандалу.

Далей амаль адначасова ўсплыло пытанне з падпісаннем супрацоўнікамі Кабінету дамоваў аб невыдаванні – гэтак званых NDA, а таксама скандал з «Чорнай кнігай Беларусі». Кабінету выставілі прэтэнзіі, што яго чальцы былі праінфармаваныя пра выкрыццё ў шэрагах «ЧКБ» супрацоўніка ГУБАЗіКу, але ніякай рэакцыі на гэта не было. Агентам ГУБАЗіКу аказаўся Артур Гайко – кіраўнік праекту «ЧКБ» і эксперт у бяспецы ў ініцыятыве «Інфапойнт», якую заснаваў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Верыфікацыю і допуск да працы Гайко праводзіў супрацоўнік «Інфапойнту».

Звесткі падстаўнога і сапраўднага пашпарта супрацоўніка ГУБАЗіКу Артура Гайко ў базе пашпартоў, здабытай кібперпартызанамі. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Наколькі атрымалася наблізіцца да пастаўленых мэтаў, якія канкрэтныя крокі былі зробленыя за тры месяцы, чаму не канчаюцца скандалы, звязаныя з Кабінетам, і як яны ўплываюць на яго дзейнасць? Разважаем разам з экспертамі.

«Не было канкрэтных мэтаў, таму незразумела, як ацэньваць працу Кабінету»

Бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч кажа, што вынікі першых трох месяцаў працы Аб’яднанага пераходнага кабінету ацаніць цяжка, бо з самага пачатку яго дзейнасці не былі пададзеныя выразная праграма і мэты.

«Я чакаў, што будзе праграма, канкрэтныя вынікі, якіх яны хочуць дасягнуць. Але гэтага так і не было зроблена, – кажа спадар Аляксандр. – Таму незразумела, як увогуле ацэньваць працу Кабінету».

Беларускі бізнесовец звяртае ўвагу на слабы ўзровень камунікацыі Кабінету з беларускім грамадствам, падкрэслівае, што ў беларусаў сёння няшмат магчымасцяў нешта патрабаваць ад дэмакратычных палітыкаў.

«Фактычна, мы ў сітуацыі, калі можам толькі любіць ці не любіць Ціханоўскую, Латушку ці іншых, верыць ім ці не верыць, – кажа спадар Аляксандр. – Беларусы не бачаць, у чым Кабінет можа рэальна нешта змяніць у Беларусі. Таксама не даюць магчымасці выпрацаваць у грамадства давер скандалы, якімі адзначыўся Кабінет».

Непрыемнай і непразрыстай, на думку блогера, стала сітуацыя з Таццянай Зарэцкай.

«Калі быў скандал з пашпартам Сахашчыка, ён сябе павёў проста ўзорна: даваў адказы на ўсе пытанні, распавядаў, нічога не хаваў, – кажа Аляксандр Кныровіч. – З Зарэцкай усё інакш. У Кабінету была вельмі вялая рэакцыя на гэты скандал, і гэта іх памылка. У выніку, думаю, ім будзе цяжка знайсці некага на гэтую пасаду, бо дасведчаныя людзі, якія вельмі добра разбіраюцца ў фінансах, проста не захочуць туды ісці ў сітуацыі, калі папярэдніка аблілі брудам».

«Першая ж справа ў судзе аб NDA стане заканчэннем палітычнай кар’еры Франка Вячоркі»

Пра дамовы аб невыдаванні Аляксандр Кныровіч кажа, што агулам і камерцыйная кампанія, і НДА маюць права вызначаць інфармацыю, якая не падлягае выдаванню, і ў гэтым дакуменце няма нічога, што выходзіла б па-за межы юрыдычных нормаў.

«Але паўстае маральна-этычнае пытанне: калі гэта публічная палітыка, то яна нібыта павінна быць празрыстай, – кажа спадар Кныровіч. – Але далей паўстае яшчэ адно пытанне. Мы не можам асуджаць СМІ, «ЧКБ» ці «Інфапойнт» за выдаванне персанальных звестак беларусаў, якія прывялі да сумных наступстваў, і адначасова патрабаваць празрыстасці ад грамадскіх структураў. Мы мусім вызначыцца: калі мы на вайне, тады рэжым сакрэтнасці з магчымымі пакараннямі за выдаванне інфармацыі – гэта нармальна; калі мы ў нармальнай сітуацыі, тады раскрыццё інфармацыі нічым не пагражае. Мне падаецца, што мы перабываем у стане вайны, і таму такія дакументы – цалкам прымальная рэч».

Адначасова спадар Кныровіч перакананы, што першы ж суд у выпадку парушэння дамовы NDA стане заканчэннем палітычнай кар’еры Франка Вячоркі, а магчыма, і Святланы Ціханоўскай.

«Немагчыма, каб прэтэнзіі Офісу Ціханоўскай за раскрыццё інфармацыі сёння падтрымалі беларусы, – кажа блогер. – Я маю на ўвазе не інфармацыю, якая можа падставіць беларусаў, але пра цёмныя месцы працы Офісу. Я не магу сабе ўявіць такую справу ў судзе. Беларусы тады адмовяць Святлане Ціханоўскай нават у той маральнай падтрымцы, якая сёння яшчэ ў яе ёсць».

«Лепш з Кабінетам, чым без яго»

Найбольш сур’ёзнае пытанне на сённяшні дзень, паводле спадара Кныровіча, – скандал з «Чорнай кнігай Беларусі» і выдаваннем асабістых звестак беларусаў, якія дасылалі інфармацыю, ды сумныя наступствы, да якіх гэта ўсё прывяло.

Яніна Сазановіч
Яніна Сазановіч, былая адміністратарка «Чорнай кнігі Беларусі», падчас размовы з Ігарам Кулеем. 29 верасня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Данііл Багдановіч і Яніна Сазановіч паказалі перапіску, у якой паведамілі Офісу пра існаванне агента ў шэрагах «ЧКБ», і Офіс не зрабіў ніякіх дзеянняў, – зазначае спадар Аляксандр. – Сёння ўсе асуджаюць чалавека, які асмеліўся выйсці на публіку і распавесці пра тое, што адбылося, і не звяртаюць увагу на тое, што ўся гэтая інфармацыя была перададзеная ў Офіс, і рэакцыя на гэты конт адсутнічала. Гэта нашмат страшней, чым NDA. Напэўна, пасля гэтага выпадку Кабінету трэба добра падумаць пра змяненне сістэмы правярання і бяспекі».

Аляксандр Кныровіч зазначае, што не расчараваны адсутнасцю вынікаў працы Кабінету за сто дзён, бо не чакаў істотных прарываў.

«Мы цяпер агулам у сітуацыі, калі ўсё кепска так, што незразумела, куды ўжо горш. Беларусам нашмат цікавей змяненне шыльды «Макдональдсу», чым тое, што адбываецца ў Кабінеце, – зазначае блогер. – У той жа час лепш з Кабінетам, чым без яго. Радуе, што яны здолелі стварыць такую структуру, сабраць дасведчаных людзей, у дачыненні якіх усё ж ёсць спадзяванні, што яны змогуць нешта зрабіць».

На пытанне пра тое, якія вынікі працы Аб’яднанага кабінету хацелася б бачыць праз наступныя сто дзён, Аляксандр Кныровіч кажа, што гэта мусіць быць нешта канкрэтнае, што выявілася б у паляпшэнні жыцця беларусаў як за мяжой, так і ўнутры Беларусі.

«Няхай гэта будуць дробныя пытанні, як, напрыклад, спрыянне атрыманню візаў, – кажа прадпрымальнік. – Ці, напрыклад, калі ўжо з’явілася прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні, хацелася б убачыць адкрыццё беларускамоўных школаў і іншых адукацыйных інстытуцыяў за мяжой. Аднак, вяртаючыся да пачатку, ва ўмовах, калі няма вядомых канкрэтных мэтаў, вельмі цяжка фармуляваць запыты і чаканні. Найперш хацелася б убачыць праграму з дакладнымі крокамі».

«Кабінет робіць тое, што можа»

Журналіст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што Аб’яднаны кабінет робіць тое, што можа ў сённяшніх умовах, а вось грамадскасць часам выстаўляе завышаныя патрабаванні.

«Гэта зразумела, бо ўсім хочацца, каб рэжым у Беларусі нарэшце змяніўся, – зазначае палітолаг. – Аднак трэба разумець, што ў сітуацыі, якую стварыў Лукашэнка задушэннем пратэстаў, высокім узроўнем рэпрэсіяў, немагчыма прыдумаць нейкую цудадзейную стратэгію, якая б прывяла да хуткага зрынання рэжыму».

Спадар Класкоўскі лічыць вельмі важным і паказальным з’яўленне ў Кабінеце двух «умоўна сілавых міністраў» – Валера Сахашчыка і прадстаўніка «ByPol» Аляксандра Азарава. Іх прызначэнне, паводле палітолага, стала адказам на запыт у грамадстве на сілавы варыянт змены ўлады.

«Але пра вынікі іх працы пакуль што цяжка казаць, бо на сённяшні дзень сілавы сцэнар выглядае праблематычным, – зазначае спадар Класкоўскі. – Так, гавораць пра полк Каліноўскага, харугвы, якія ствараюцца ў Польшчы, Літве. Аднак цяжка ўявіць сабе, што ў нейкай агляднай перспектыве гэтыя вайсковыя адзінкі пойдуць пераможным маршам на Менск. Гэткія ж сумненні выклікае і план «Перамога», пра які гаворыць Азараў».

На думку Аляксандра Класкоўскага, адным з самых важных крокаў Кабінету было стварэнне пасады прадстаўніка ў нацыянальным адраджэнні.

«Гэта быў адказ Ціханоўскай і яе каманды на крытыку за тое, што нібыта абмінаюцца ўвагай нацыянальныя пытанні. Вельмі важна, што цяпер гэты кірунак развіваецца», – зазначае эксперт.

«Скандалы суправаджаюць любы ўрады, у любой краіне»

Як важнае дасягненне Кабінету Аляксандр Класкоўскі вылучае поспехі на міжнароднай арэне, усталяванне дыпламатычных стасункаў з іншымі краінамі.

Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Святланай Ціханоўскай у Радзе Еўропы. Страсбур, Францыя. 7 кастрычніка 2022 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Вельмі знакавае нядаўняе ўсталяванне супрацы з Радай Еўропы. Гэта ўнікальны выпадак, бо Беларусь прадстаўленая не афіцыйнымі асобамі, а дэмакратычнымі сіламі. Увогуле, трэба аддаць належнае, што ва ўмовах вайны, дыскрымінацыі беларусаў за мяжой, калі ўзніклі дадатковыя цяжкасці з легалізацыяй у краінах Еўразвязу, Кабінет зрабіў вельмі шмат, каб давесці ўрадам краінаў ЕЗ, што рэжым Лукашэнкі і беларускі народ – гэта розныя рэчы, і што трэба максімальна дапамагаць людзям, якія паводле сваіх палітычных поглядаў апынуліся за межамі сваёй радзімы, – кажа эксперт. – Цешыць, што і з Украінай апошнім часам наводзяцца масты».

У той жа час, паводле палітолага, Аб’яднаны кабінет не здольны эфектыўна ўплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі. І гэта можа выклікаць незадаволенасць беларусаў, аднак гэта не віна Кабінету ў існых умовах.

Што датычыць скандалаў, Аляксандр Класкоўскі раіць не драматызаваць сітуацыяў.

«Скандалы суправаджаюць любы ўрад у любой краіне. Калі паглядзець на ЗША, еўрапейскія краіны, то ў кожнай ёсць падобныя гісторыі, якія раскопвае прэса, калі нейкія высокія асобы выглядаюць у непрывабным святле, таму што ўсе яны жывыя людзі і памыляюцца, – кажа палітолаг. – Можна толькі зрабіць заўвагу, што рэакцыя на памылкі ў пэўных сітуацыях, як кейс з Зарэцкай, была запозненай, адчувалася, што людзі з Кабінету нейкі час стараліся адмаўчацца. Бракуе досведу і стратэгіі камунікацыі з медыямі, грамадскасцю. Але ніхто не застрахаваны ад памылак, тым больш калі Кабінет знаходзіцца ў эміграцыі, у экстрэмальных умовах, і супраць яго актыўна працуюць беларускія і расейскія спецслужбы».

PR-спецыялістка: У Кабінету няма прафесійнай працы з грамадскасцю

Спецыялістка ў галіне піяру, лектарка ЕГУ, калумністка Forbes, аўтарка ўласнага тэлеграм-каналу Ганна Мірочнік лічыць стварэнне Кабінету вельмі разумным крокам з боку Святланы Ціханоўскай, які сведчыў пра гатовасць супрацоўнічаць, дамаўляцца нават са сваімі крытыкамі. Спадарыня Ганна пазітыўна ацэньвае прызначэнне Паўла Латушкі з ягоным палітычным досведам, уключэнне ў склад Кабінету былых сілавікоў.

«Аднак шкада, што ў Кабінеце не знайшлося месца радыкальным крытыкам з ліку дэмакратычных палітыкаў і прафесіяналаў кшталту Паўла Лібера. Такая канструкцыя была б больш устойлівай, а ўцягнутасць выбарцаў – вышэйшай», – кажа экспертка.

Спадарыня Ганна не бачыць прафесійнай працы Кабінету ў камунікацыі з грамадскасцю.

«Мэтавыя групы не вызначаныя і акрэсліваюцца Кабінетам досыць невыразна – адсюль хістанні ў камунікацыях, а таксама вялікая лічба нявыкарыстаных шанцаў за гэты час. Два гады таму Ціханоўскую прымалі Ангела Мэркель і Джо Байдэн. Параўнайце гэта з узроўнем актуальных кантактаў Кабінету, – кажа экспертка. – Кабінет пазбягае канкрэтыкі, выкарыстоўвае дэпутацкія клішэ і адгароджваецца ад зваротнай сувязі. Не дзіва, што ў беларусаў узнікаюць перасцярогі адносна адарванасці Кабінету ад іхных рэальных патрэбаў».

Паводле Ганны Мірочнік, скандалы з Сахашчыкам і «Чорнай кнігай Беларусі» выклікаюць пытанні да службы бяспекі Кабінету.

«Калі казаць пра выпадак з Сахашчыкам, то тут апраўданні Ціханоўскай у духу «я не ведала пра расейскі пашпарт» паказваюць Кабінет у скрайне нявыгадным святле, нібыта служба бяспекі не можа якасна праверыць патэнцыйных супрацоўнікаў, – зазначае экспертка. – Скандал з Сазановіч і «ЧКБ» дадае сумневаў у кампетэнтнасці службы бяспекі».

«Дасягненняў не бачна – уся ўвага прыцягнутая да бураў у шклянцы вады»

Сітуацыя з падпісаннем NDA, на думку Ганны Мірочнік, уздымае пытанне аб празрыстасці дзейнасці Кабінету.

Ярослав Бекиш, Алина Ковшик, Антон Родненков, Виктория Федорова, Михаил Рубин, Елена Живоглод, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Другі дзень канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». На здымку (злева направа): Яраслаў Бекіш, Аліна Коўшык, Антон Раднянкоў, Вікторыя Фёдарава, Міхаіл Рубін, Алена Жываглод. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Дыскусіі і публічная крытыка палітыкаў не толькі нармальныя, але і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве, – кажа экспертка. – Я жыву ў Нямеччыне, таму прывяду прыклад гэтай краіны. Тут транслюецца жорсткая сатыра на палітыкаў усіх узроўняў на грамадскім тэлебачанні – іх не шкадуюць. Дапушчальнасць публічнай крытыкі топавых палітыкаў патрэбная абодвум бакам – і народу, і палітыкам. Асабліва палітыкам. Для іх гэта магчымасць у рэжыме рэальнага часу маніторыць настроі мэтавых групаў. Палітык, які апелюе да шырокіх масаў, павінен мець смеласць глядзець рэчаіснасці ў твар».

Паводле Ганны Мірочнік, ключавая асаблівасць аўтарытарнай прапаганды – запэўніць чалавека ў тым, што ад яго нічога не залежыць, таму «не трэба высоўвацца, разгойдваць лодку і задаваць неразумныя пытанні, інакш вы – вораг».

«На жаль, паводле гэтага сцэнара будуе PR каманда Ціханоўскай – фактычна, накладаючы забарону на адкрытую крытыку, паколькі кансультанты не ўмеюць пісьменна апрацоўваюць негатыў і з яго дапамогай расціць фігуру прэзідэнткі ў інфармацыйным полі, – кажа экспертка. – Гэта горкая спадчыны жыцця пры дыктатуры, калі любы, хто сумняецца, успрымаецца як вораг. Такая камунікацыйная палітыка шкодзіць і асабіста Ціханоўскай, і Кабінету. На жаль, у сітуацыі са скандаламі Кабінет займае пазіцыю «мая хата з краю» і «мы не ведалі», і такім чынам паказвае сябе яе ненадзейнага партнёра».

Ганна Мірочнік зазначае, што на фоне скандалаў вакол Кабінету, не бачна нейкіх вынікаў працы за тры месяцы з моманту яго стварэння.

«Нават калі аб’ектыўныя дасягненні ёсць, яны не бачныя – уся ўвага прыкаваная да бураў у шклянцы вады, а не да канструктыўнага парадку дня, – зазначае адмыслоўца. – Недакладная камунікацыя з мэтавымі групамі і адсутнасць камунікацыйнай стратэгіі не дазваляе Кабінету ўплываць нават на жыццё беларусаў у выгнанні, не тое што нейкім чынам падтрымліваць іх у Беларусі. Тэма беларускай рэвалюцыі ў свеце сышла на нуль. У ключавых сусветных медыях Ціханоўскую называюць пераважна «апазіцыйным палітыкам». Але калі яна прадстаўнік апазіцыі, то хто прадстаўнік большасці? Гэта страта легітымнасці ў вачах еўрапейскай аўдыторыі. Нашае гора знялі з парадку дня, і я пакуль не бачу рацыянальных крокаў, якія б прыняў Кабінет для развязання гэтай праблемы».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў