«Калі і будзе нейкі штурм, то ад адчаю». Паразмаўлялі з дзяўчынай, якая бачыла мігрантаў на беларускім баку мяжы


Спадарыня Вольга (імя зменена) вырашыла на свае вочы пабачыць сітуацыю на беларуска-польскай мяжы і з’ездзіла ў лагер мігрантаў побач з прапускным пунктам «Брузгі-2». Мы пагутарылі з ёю пра стан мігрантаў і ўмовы, у якіх яны жывуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бежанцы на памежным пераходзе «Кузніца – Брузгі» на польска-беларускай мяжы. 17 лістапада 2021 года.
Фота: Аксана Манчук / БЕЛТА/ ТАСС / Forum

Нашая суразмоўца наведала мяжу пару дзён таму. Яна адзначыла, што сярод мігрантаў вельмі шмат жанчын, цяжарных і дзяцей, ёсць і старыя, але пераважна там сабраліся мужчыны сярэдняга веку.

«Складана сказаць, колькі там чалавек, бо ніякага ўліку не вядзецца, частка спіць у намётах, некаторыя разыходзяцца па лесе. Яны рыхтуюць дровы, бо ноччу вельмі халодна, трэба, каб агонь гарэў цэлую ноч. Таму дровы пачынаюць збіраць з самай раніцы», – адзначыла Вольга.

Спадарыня дадае, што дровы прывозяць і нейкія дзяржаўныя ўстановы. Але гэтага відавочна недастаткова:

«Дровы прывозяць КамАЗамі, але гэтай колькасці мала. Некалькі КамАЗаў з дровамі на такі лагер – гэта літаральна па адным палене».

Лагер расце стыхійна, ніякай арганізацыі ў ім няма. Адзінае, што адзначыла Вольга, там ёсць месцы, куды прывозяць ваду. Самаарганізавацца мігранты таксама не могуць, бо ля мяжы сабраліся вельмі розныя людзі:

«Збольшага я бачыла курдаў, ёсць чарнаскурыя людзі – нават не ўяўляю, адкуль яны. Ёсць афганцы, сірыйцы. І моўны бар’ер існуе нават сярод жыхароў лагеру, яны адзін аднаго не разумеюць. Ёсць маленькія групы з адной ці некалькі сем’яў. Але гэта не пра агульны лагер».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бежанцы на памежным пераходзе «Кузніца – Брузгі» на польска-беларускай мяжы. 17 лістапада 2021 года.
Фота: Аксана Манчук / БЕЛТА/ ТАСС / Forum

Людзі на мяжы збольшага жывуць у намётах, якія яны прывезлі з сабой. Тыя, хто не мае нават такой хованкі, робяць шалашы з галля.

«Я так разумею, гэта ратуе ад ветру, але наўрад ці дапаможа ад дажджу ці снегу. Шмат хто кажа, то калі пойдзе першы дождж, то сітуацыя ў лагеры будзе вельмі моцна абвастрацца. Я бачыла, як некаторыя спяць проста ў спальніку і ўва ўсім, ува што можна закруціцца, ля вогнішча», – дзеліцца пабачаным Вольга.

Інфаграфіка
Колькі каштуе сабрацца на мяжу? Пачыталі парады з мігранцкіх каналаў
2021.11.16 10:23

Ніякіх туалетаў ці месцаў, дзе можна памыцца, у лагеры няма. Як няма і медычнага пункту. Каля лагеру дзяжурыць машына хуткай дапамогі, якая забірае людзей, якім стала зусім блага.

«Пра санітарыю няма чаго казаць, яе проста няма. Прывозяць гуманітарную дапамогу. Я так разумею, што гэта нейкія беларускія арганізацыі, і было некалькі прыватных машынаў, ніякай дапамогі ад сусветных арганізацыяў не было. Прыязджаў прадстаўнік нейкай сусветнай установы, паглядзеў, раздаў нейкія лістоўкі, мне іх паказвалі. Там пазначаныя тэлефоны Сусветнай службы абароны ўцекачоў. Але пазваніўшы, натыкаешся на аўтаадказвальнік на ангельскай. А ангельскую ў лагеры амаль ніхто не ведае, таму плёну вельмі-вельмі мала», – падкрэсліла спадарыня.

Агрэсіі сярод мігрантаў у лагеры Вольга не пабачыла:

«Польскі бок даволі жорстка паказвае свае намеры нікога не пускаць, там у вялікай колькасці стаяць узброеныя людзі, нейкая вайсковая тэхніка ездзіць, ноччу ўключаюць пражэктары. Я мяркую, што штурм немагчымы проста з тэхнічных прычынаў. Бачна, што там стаяць сур’ёзна экіпаваныя людзі. Таму калі і будзе нейкі штурм, то ад адчаю. У мігрантаў няма баявога настрою. Тут складана гаварыць пра агрэсію сярод мігрантаў, яны проста чакаюць, каб апынуцца ў нейкіх больш чалавечых умовах».

Гісторыі
«Ім няма куды вяртацца». Курд расказаў, чаму ягоны брат наважыўся на падарожжа ў Беларусь і «штурм» мяжы
2021.11.15 19:00

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў