Міграцыйны крызіс. Хроніка галоўных падзеяў


Яшчэ ў траўні 2021-га Лукашэнка, раззлаваны на закрытае ў сувязі з захопам самалёта «Ryanair» неба Беларусі, прыгразіў еўрапейцам, што лавіць нелегальных мігрантаў больш не будзе. Першая з іх наплывам сутыкнулася Літва. Менавіта там упершыню назвалі выкарыстанне Лукашэнкам нелегальных мігрантаў гібрыднай вайной, якую ён распачаў супраць Еўразвязу. Асноўны ўдар прымае Польшча. З жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 000 спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі. Сярод мігрантаў ёсць ахвяры. Крызіс нарастае. Узгадваем асноўныя падзеі, звязаныя з ім.

Мігранты збіраюцца для атрымання гуманітарнай дапамогі на беларуска-польскай мяжы. 14 лістапада 2021 года.
Фота: Аксана Манчук / БЕЛТА / TASS / Forum

4 траўня. Усплёск нерэгулярнай міграцыі на літоўска-беларускай мяжы. Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, у першым квартале 2021 года яе незаконна мінулі 90 нелегальных мігрантаў (за той жа перыяд 2020 года – 5 выпадкаў). Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гіедрус Мішуціс сцвярджаў, што праца беларускай памежнай служба стала больш млявай.

26 траўня. «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў – цяпер будзеце самі іх есці і лавіць», – заявіў Лукашэнка. Заява прагучала на трэці дзень пасля таго, як Еўразвяз заклікаў спыніць палёты над Беларуссю і закрыў неба над Еўропай для «Белавіі». Гэта адбылося пасля інцыдэнту з пасадкай самалёту авіякампаніі «Ryanair» і арыштам Рамана Пратасевіча.

5 чэрвеня. Міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце заявіла, што Беларусь вядзе супраць Літвы гібрыдную вайну. «Відавочна, што супраць Літвы вядзецца гібрыдная вайна, а нелегальная міграцыя – адзін са сродкаў», – сказала міністарка.

22 чэрвеня. Лукашэнка абвінаваціў Захад у вядзенні гібрыднай вайны супраць Беларусі і зноў заявіў, што больш не мае намеру «бараніць» Еўропу ад нерэгулярнай міграцыі і кантрабанды. «Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул? Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней? Вы нас інфармацыйна душыце, метадычна і калектыўна, бурыце, спрабуеце забіць нашу эканоміку і чакаеце, што мы будзем марнаваць сотні мільёнаў долараў, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў?» – сказаў Лукашэнка.

Інфаграфіка
Колькі каштуе сабрацца на мяжу? Пачыталі парады з мігранцкіх каналаў
2021.11.16 10:23

30 чэрвеня. За пяць дзён – з 25 да 30 чэрвеня Літва затрымала на дзяржаўная мяжы 636 мігрантаў – больш чым за любы з чатырох папярэдніх гадоў. Да аховы мяжы прыцягнулі Службу грамадскай бяспекі і Звяз стралкоў Літвы. Еўрапейскае агенцтва бяспекі межаў (Frontex) накіроўвае сваіх працаўнікоў на ўзмацненне аховы літоўскай мяжы.

6 ліпеня. Польскія памежнікі спынілі на мяжы 40 нелегальных мігрантаў з Афганістану. Літоўскія – 131 мігранта. Агулам з пачатку года ў Літву нелегальна спрабавалі трапіць больш за 1363 асобы (у 2020-м – 81).

9 ліпеня. Літва пачала будаваць 30-кіламетровую агароджу з калючага дроту на мяжы з Беларуссю.

Літоўска-беларуская мяжа, недалёка ад пункту пропуску «Райгардас», Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

3 жніўня. Літва прыняла пастанову пра вяртанне мігрантаў у Беларусь. Памежнікі атрымалі права адсылаць затрыманых назад у Беларусь. Колькасць затрыманых на беларуска-літоўскай мяжы з пачатку года перавысіла чатыры тысячы чалавек.

4 жніўня. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што каля вёскі Беняконі памежнікі знайшлі грамадзяніна Іраку ў цяжкім стане, неўзабаве ён памёр.

Аналітыка
«Лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма». Чаму мігранты ідуць праз Беларусь, нягледзячы на небяспеку
2021.11.08 15:20

5 жніўня. Лукашэнка абвінаваціў у смерці іракца літоўцаў і загадаў не пускаць уцекачоў назад у Беларусь: «З сённяшняга дня ні адна нага на тэрыторыі Беларусі з сумежнага боку, ці то з поўдня, ці то з захаду, ступіць не павінна».

6 жніўня. Літва прыняла законапраект аб будоўлі 500-кіламетровай агароджы на мяжы з Беларуссю.

9 жніўня. Польскія памежнікі цягам выходных затрымалі 349 асобаў, якія незаконна перайшлі мяжу з боку РБ.

11 жніўня. Латвія таксама вырашыла адгарадзіцца ад Беларусі калючым дротам. На гэта выдаткуе каля € 2 млн.

19 жніўня. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што для прарыву мяжы на Захад у Беларусі сабраныя да 10 тысяч мігрантаў – рыхтуецца правакацыя. «Гэтую спецаперацыю распрацоўвалі на даручэнне Лукашэнкі. Наколькі мы маем інфармацыю – не без удзелаў аднаго з суседніх партнёраў Лукашэнкі», – сказаў Латушка.

21 жніўня. СМІ расказваюць пра групу мігрантаў (32 асобы), якія трапілі ў пастку паміж польскімі і беларускімі памежнікамі ў мясціне Уснаж-Гурны на Беласточчыне. Наперад іх не пускаюць палякі, а назад – беларусы.

На лініі паміж межамі Польшчы і Беларусі ўжо 12 дзён жывуць больш за трыццаць мігрантаў, па іх словах, з Афганістану. Сярод ёсць непаўналетняя, жанчыны і нават кот. Яны не могуць патрапіць да Польшчы, іх таксама не ўпускаюць і ў Беларусь. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

23 жніўня. Лукашэнка заявіў, што канфлікт вакол уцекачоў на мяжы Беларусі і Польшчы ўчыніла Польшча: «Што зрабілі палякі: яны адлавілі, інакш не скажаш, каля 50 чалавек на тэрыторыі Польшчы, якія, як яны прызналіся, ішлі ў Нямеччыну, куды іх паклікала мутэр Мэркель, і пад пагрозай зброі, страляючы па-над галовамі, выціснулі іх на мяжу з Беларуссю…»

25 жніўня. Польшча пачала ставіць на мяжы з Беларуссю калючы плот.

2 верасня. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выдаў распараджэнне аб надзвычайным становішчы на мяжы з Беларуссю.

8 верасня. Памежная служба Польшчы апублікавала відэа, на якім, як сцвярджаецца, нелегальна перайсці мяжу з беларускага боку спрабуюць 85 чалавек. Гэта на той момант – рэкордна вялікая група мігрантаў.

15 верасня. Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што Беларусь чыніць гібрыдную атаку каб дэстабілізаваць Еўропу. Раней «гібрыднай атакай» дзеянні Беларусі на мяжы называла Польшча, Літва і Латвія, а таксама – Ангела Мэркель.

19 верасня. Польскія памежнікі знайшла на мяжы з Беларуссю целы траіх мужчынаў, якія, паводле адной з версіяў, загінулі ад пераахалоджвання. Паводле іншай – ад медыкаментаў, атрыманых ад беларускіх памежнікаў.

Гісторыі
«Ім няма куды вяртацца». Курд расказаў, чаму ягоны брат наважыўся на падарожжа ў Беларусь і «штурм» мяжы
2021.11.15 19:00

25 верасня. Праз чуткі аб забойстве паліцыянтамі 11-гадовага хлопчыка адбыліся хваляванні ў цэнтры прыёму ўцекачоў у літоўскай Рукле. Каб спыніць хваляванні, быў ужыты слезацечны газ. З лагеру ўцёк 21 чалавек.

1 кастрычніка. Польскі Сейм прагаласаваў за працяг надзвычайнага становішча на беларуска-польскай мяжы. Адмысловы рэжым падоўжылі на 60 дзён.

3 кастрычніка. Федэральная паліцыя Нямеччыны заявіла пра рост колькасці мігрантаў на мяжы з Польшчай. У жніўні зарэгістравалі 225 нелегальных пераходаў, у верасні – 1305.

4 кастрычніка. Беларускія дэпутаты прагаласавалі за прыпыненне пагаднення з ЕЗ аб рэадмісіі.

7–9 кастрычніка. Памежныя службы Літвы і Польшчы паведамілі пра стрэлы, чутныя з беларускага боку.

10 кастрычніка. Польская памежная служба паведаміла пра 739 спробаў незаконнага мінання беларуска-польскай мяжы цягам содняў – новы антырэкорд.

14 кастрычніка. У памежнай зоне знайшлі цела 24-гадовага сірыйца, паведамілі польскія памежнікі.

21 кастрычніка. Чарговая смерць на мяжы. Каля польскай мяжы памежнікі знайшлі цела яшчэ аднаго мужчыны.

Мігранты на плошчы Свабоды ў Менску. Чытачы «Белсату» штодзень паведамляюць аб тым, што на вуліцах сталіцы бычаць вялікую колькасць «турыстаў», як іх акрэслівае беларуская ўлада. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

23 кастрычніка. Агенцтва ААН у справах уцекачоў заявіла, што Беларусь і краіны Еўразвязу парушаюць правы чалавека, калі не пускаюць уцекачоў на сваю тэрыторыю. ААН заклікала да неадкладных дзеянняў для ўратавання жыццяў у памежных раёнах паміж Беларуссю і Еўразвязам. Гаворыцца пра 8 смерцяў на мяжы.

25 кастрычніка. Лавінападобны рост колькасці нерэгулярных мігрантаў у Нямеччыне. Са жніўня іх колькасць склала 6162 чалавекі. Дзве групы мігрантаў спрабавалі прарвацца праз польскую мяжу. Кідалі ў памежнікаў камяні. Падчас сілавога штурму два памежнікі пацярпелі.

29 кастрычніка. Дэпутат Андрэй Савіных зазначыў, што людзі з Блізкага Усходу і Афрыкі прыбываюць у Беларусь цалкам легальна. «Гэта не мігранты, гэта – турысты!» – заявіў ён. Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра чарговую смерць мігранта на мяжы.

30 кастрычніка. Парламент Польшчы ўхваліў будаўніцтва 5-метровай сцяны на мяжы з Беларуссю. Яе працягласць складзе 400 км.6 лістапада. Ірак закрыў два ганаровыя консульствы Беларусі.

8 лістапада. Больш за тысячу мігрантаў прыйшлі на мяжу з Польшчай (пераход «Брузгі» / «Кузніца») у суправаджэнні беларускіх вайскоўцаў. Сілавікі скіравалі мігрантаў у лес, тыя спрабавалі разбурыць плот. Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын заявіў, што «пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўварвання ў Польшчу».

Мігранты каля польскай мяжы, недалёка ад пункту пропуску «Кузніца», Польшча. 10 кастрычніка 2021 года.
Фота: Terytorialsi / Twitter

9 лістапада. Польшча спыніла рух праз памежны пераход «Кузніца». Сойм Літвы ўвёў надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю. Парламент Курдыстану прыняў рашэнне накіраваць дэлегацыю для расследавання справы курдскіх мігрантаў, якія захраслі на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай.

10 лістапада. Украіна ўзмацняе абарону на мяжы з Беларуссю і рыхтуецца да магчымых правакацыяў. Польскія ўлады разглядаюць варыянт поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў сувязі з міграцыйным крызісам.

11 лістапада. Да польскай мяжы падышлі яшчэ 200 мігрантаў. Каля мяжы на беларускім баку застаюцца больш за дзве тысячы мігрантаў. Лукашэнка прыгразіў спыніць пастаўкі газу ў Еўропу, запрасіць расейскія бамбавальнікі.

12 лістапада. «Белавія» спыніла перавоз грамадзянаў Іраку, Сірыі ды Емену праз Турэччыну. Польская паліцыя паведаміла, што ў лесе непадалёк мяжы з Беларуссю знайшлі цела маладога грамадзяніна Сірыі.

13 лістапада. Міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі заявіў, што Польшча можа спыніць чыгуначны рух з Беларуссю ў адказ на інспіраваны рэжымам Лукашэнкі міграцыйны крызіс. Санкцыі пагражаюць таксама нацыянальнаму аэрапорту і гатэлю «Менск».

14 лістапада. Адбыліся чарговыя атакі на польскіх памежнікаў і спробы прарвацца праз мяжу сілай – у паліцыю ляцелі камяні. Пуцін заявіў, што Расея не мае дачынення да міграцыйнага крызісу. Сказаў, што пра падзеі на беларуска-польскай мяжы даведаўся з прэсы і раней гэтае пытанне з Лукашэнкам ніколі не абмяркоўваў. Польшча, Літва і Латвія заявілі пра магчымасць стасаваць арт. 4 дамовы NATO.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты ў пункце пропуску «Брузгі – Кузніца» на беларуска-польскай мяжы. 15 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА / TASS / Forum

15 лістапада. Еўразвяз пашырыў санкцыйны рэжым супраць Лукашэнкі. Выканальніца абавязкаў канцлеркі Нямеччыны Ангела Мэркель правяла тэлефонныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

16 лістапада. Мігранты закідвалі польскіх памежнікаў і паліцыянтаў камянямі і святлошумавымі гранатамі, тыя адказалі вадамётамі, а беларускія сілавікі не спынялі закалотаў. Праз тры гадзіны «штурму» мігранты сышлі на месца старога лагеру ў лесе. Польскі бок заяўляе, што атаку каардынавалі беларускія сілавікі. Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне вяло жывую трансляцыю беспарадкаў.

Паводле польскага боку, цяпер на беларуска-польскім памежжы застаюцца каля 4 тысяч нерэгулярных мігрантаў, якія хочуць трапіць у Нямеччыну.

ЗЗ belsat.eu

Стужка навінаў