Чаму Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае таемную стратэгію Уладзіміра Пуціна?

Міграцыйны крызіс ператвараецца ў гуманітарную катастрофу і правакуе нарошчванне напружанасці паміж Захадам і афіцыйным Менскам і Масквой. Амерыканцы называюць гэта вайной новага пакалення. Цікава, што так званы міграцыйны крызіс супаў з ухваленнем Пуціным і Лукашэнкам новай вайсковай дактрыны. Каментуюць украінскія эксперты Яўген Магда, Міхайла Самусь і Бэн Годжэз, генерал-лейтэнант Арміі ЗША ў адстаўцы.

Узброеныя людзі на нейтральнай паласе, пагрозы страляць у бок польскіх памежнікаў, арганізаваныя шматтысячныя калонны мігрантаў ды іх спробы прарыву на тэрыторыю Польшчы. Эскалацыю міграцыйнага крызісу ўсё часцей характарызуюць як пачатак гібрыднай агрэсіі.

Разам з гэтым нарастае і канфлікт у інфармацыйнай прасторы. МЗС Беларусі абвінавачвае Польшчу ў сцягванні на мяжу буйнакалібернай тэхнікі. Польшча вінаваціць Расею ў дэстабілізацыі сітуацыі ў Еўразвязе. Крэмль свой удзел адмаўляе. А ў медыях дэманструюць слёзы малых дзяцей.

«Гэты адрэзак каля «Кузніцы» ператварыўся ў адну з гарачых зонаў на сусветнай мапе, гарачых інфармацыйных зонаў, і гэта будзе працягвацца далей. Як гэтаму супрацьстаяць? Тут неабходная калектыўная пазіцыя не толькі Еўрапейскага Звязу, але і NATO, бо сапраўды ідзе гаворка пра спробы парушыць мяжу дзяржавы, парушыць без абвяшчэння вайны», – мяркуе Яўген Магда.

Змена тактыкі мігрантаў на мяжы адбылася неўзабаве пасля ўхваленнем Лукашэнкам і Пуціным новай вайсковай дактрыны. Яна, паводле дзяржсакратара cаюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава, стала адказам на палітыку ціску Захаду. Дакумент не прапанавалі ў агульны доступ. Што праўда, са словаў расейскага міністра абароны Сяргея Шайгу вынікае: дактрына прадугледжвае ўзаемнае выкарыстанне аб’ектаў інфраструктуры і дзейнасць супольнай калегіі, то бок дазваляе прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі.

Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі сітуацыю на мяжы

Яўген Магда, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі, каментуе:

«Беларусь сёння выступае фактычна дыспетчарам гэтага крызісу. Лукашэнка відавочна гэткім чынам імкнецца выгандляваць сабе нейкія прэферэнцыі, магчымасці або зачапіцца за тую ўладу, якую ён бачыць. Але гэта не мае нічога агульнага з афіцыйнымі дакументамі, паколькі гэты крызіс носіць гібрыдны характар», – кажа Яўген Магда.

Злучаныя Штаты Амерыкі называюць патаемнай вайсковай дактрынай Расеі канцэпцыю так званай вайны новага пакалення. У гэтым выпадку адкрытых вайсковых сродкаў не ўжываюць, вайны не абвяшчаюць, дзейнічаюць паводле нязвыклага сцэнара. Лукашэнка і Пуцін толькі за апошні час двойчы абмяркоўвалі сітуацыю на польска-беларускай мяжы праз тэлефон без падрабязнасцяў для прэсы. Ці падобна, што гаворка пра схемы, выпрацаваныя расейскімі спецслужбамі?

Адказвае Бэн Годжэз, генерал-лейтэнант Арміі ЗША ў адстаўцы:

«Беларусь інтэграваная ў абарончыя сістэмы Расеі. Расея цалкам мае ўплыў над Беларуссю, і відавочны доказ – тое, што расейскія бамбавікі лятаюць над беларускай паветранай прасторай. І гэта не вучэнні…»

Міхайла Самусь, дырэктар «Новай сеткі геапалітычных даследаванняў»:

«Не дарма Патрушаў прыязджаў напярэдадні ўсіх гэтых дзеянняў, калі была актыўная фаза міграцыйнага крызісу. Я думаю, што вельмі падобная тактыка, як у Пуціна. Ён спачатку правакуе абвастрэнне, затым прапаноўвае гандлявацца з Захадам аб нейкіх асобных палажэннях».

Што праўда, на Захадзе заяўляюць, што за стол перамоваў з Лукашэнкам не сядуць. У гэтым можа быць і інтарэс Крамля: зрабіць Лукашэнку яшчэ больш залежным ад Пуціна і не дазволіць яму зноў гуляцца з Захадам ды займаць пазіцыю нейтральнай краіны ў Еўропе. Або Крэмль хавае больш глабальныя памкненні: націснуць на Нямеччыну і Францыю, каб весці перамовы пра «Паўночную плынь – 2» ці не дапусціць інтэграцыі Украіны з Захадам. Як адзначае Міхайла Самусь, беларуская выведка не здолела б самастойна разгарнуць кампанію пераправы мігрантаў. У Крамля ж з савецкага часу засталіся шырокія сувязі з курдамі, і менавіта гэтыя агентурныя сувязі цяпер магла выкарыстаць Масква. Курдаў цяпер масава перавозілі авіяцыйным транспартам, у тым ліку – праз Расею.

Уладзімір Мілоў: Эфект для Аляксандра Лукашэнкі ад міграцыйнага крызісу будзе адваротны

Міхайла Самусь, дырэктар «Новай сеткі геапалітычных даследаванняў»:

«Я думаю, што расейскія спецслужбы непасрэдна на месцах на Блізкім Усходзе арганізоўваюць дастаўку гэтых людзей у аэрапорт, лагеры ўтвараюць на тэрыторыі краін Блізкага Усходу. Бо проста сабраць людзей, завербаваць іх, прывезці, аформіць дакументы – гэта спланаваная аперацыя. Беларусь сама не здольная, у яе няма такіх рэсурсаў на месцах у гэтых краінах».

Пакуль перад Еўропай стаіць задача выпрацаваць адзіную пазіцыю ацэнкі пагрозаў і супольны адказ. Пры адзінай пазіцыі Еўразвязу Лукашэнка рызыкуе не дасягнуць сваіх мэтаў, застацца сам-насам з мігрантамі і трапіць у яшчэ большую залежнасць ад Масквы.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.11.2021

Як далёка гатовы зайсці Лукашэнка ў канфлікце з Захадам? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

Калаж: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны