Аляксандр Класкоўскі пра канфлікт на мяжы: «Гэтая вайна рэжымам ужо прагуляная»


Нягледзячы на тэлефонныя перамовы паміж Ангелай Мэркель і Аляксандрам Лукашэнкам, сітуацыя на беларуска-польскай мяжы працягвае абвастрацца. Сёння мігранты атакавалі падручнымі сродкамі польскіх памежнікаў, у адказ на што апошнія ўжылі вадамёты. Belsat паразмаўляў з палітычнымі аглядальнікамі Аляксандрам Класкоўскім і Анатолем Лябедзькам пра тое, у якім напрамку цяпер развіваецца канфлікт.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ўпэўнены, што канфлікт на мяжы з Еўрапейскім звязам рэжым Лукашэнкі ўжо прагуляў, і цяпер толькі спрабуе захаваць годнасць і выйсці з яго.

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

«Па вялікім рахунку, сёння становіцца відавочна, што гэты канфлікт беларускія ўлады прагулялі. Ім даюць магчымасць захаваць твар і адкруціць назад. Лукашэнка ўжо сёння фактычна дае распараджэнне адвесці гэтых мігрантаў ад мяжы. Ён бярэ за сябе нейкую адказнасць: не за сам крызіс і яго стварэнне, але за тое, каб развязаць гэты вузел. Я думаю, што ён і ў размове з Мэркель, і ў размове з Пуціным даў нейкія абяцанні. Мы бачым, што Еўропа пры ўсіх цяжкасцях заняла жорсткую лінію, яна падтрымала Польшчу і Літву, якія вырашылі паставіць заслон. Еўропа праявіла цвёрдасць. Я думаю, што гэтая вайна рэжымам ужо прагуляная».

Аляксандр Класкоўскі выказаў думку, што ў цяперашнім канфлікце на мяжы з Польшчай у першую чаргу была зацікаўленая Расея, якая ў выніку яшчэ больш замацуецца ў нашай краіне, а таксама стане пасярэднікам паміж Беларуссю і Захадам.

«Калі казаць коратка, я думаю, што першым бенефіцыярам ва ўсёй гэтай гісторыі на сёння выглядае Крэмль. Гэта Аляксандр Лукашэнка думаў, што ён так эфектна камандуе расейскімі бамбавозамі, напрыклад, ён і перакрыць расейскі газ Еўропе абяцаў, але тут ужо Масква дала даволі выразна зразумець, што гэта перабольшванне. Відавочна, што Крэмль у сваю гульню ўключыўся, дакладней, ён з самага пачатку яе вёў, але цяпер стала відавочна, бо Уладзімір Пуцін ужо не вораг ці агрэсар у вачах Еўропы, а старэйшы брат, так бы мовіць, які можа ўтаймаваць свайго беларускага хаўрусніка. Да яго звяртаецца Еўропа, і ўжо ў гэтай сітуацыі Крэмль прэтэндуе на ролю пасярэдніка, і такім чынам Масква можа атрымаць нешта ўзамен. І відавочна, што Расея замацавала сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі дзякуючы вось гэтаму канфлікту».

Аналітыка
Капітуляцыя ці «бяспройгрышная траекторыя»? Што кажуць пра размову Мэркель і Лукашэнкі
2021.11.16 14:49

Дырэктар Цэнтру Еўрапейскага Дыялогу Анатоль Лябедзька сцвярджае, што нават у цяперашняй сітуацыі Захад мусіць ісці на дыялог з Лукашэнкам, аднак ён павінны быць прынцыповым і паслядоўным у сваёй пазіцыі.

«Калі тэрарысты бяруць у закладнікі людзей, то ці трэба з імі размаўляць? Відавочна, што так. Сітуацыя выглядае так, што сёння ў яго ў закладніках не толькі некалькі тысячаў мігрантаў з розных краінаў, але і больш за 9 мільёнаў грамадзянаў Беларусі. Таму размаўляць трэба, і тут самае галоўнае не ў самім факце тэлефоннага званка ад Ангелы Мэркель, а ў самім змесце, якое пасланне скіраванае гэтым тэрарыстам. Мне здаецца, што на гэта трэба рабіць акцэнт, бо калі прытрымлівацца іншай стратэгіі, то яна якая? Размаўляць з Пуціным ці праз Пуціна? Альбо абвастраць сітуацыю да нейкага ваеннага сутыкнення? Мы ж бачым, што лятаюць і расейскія самалёты. Гэта таксама ня самая лепшая перспектыва. Таму я думаю, што размаўляць трэба, але пасланне мусіць быць вельмі ясным, зразумелым, паслядоўным і прынцыповым».

Поўную размову з палітычнымі аглядальнікамі можна паглядзець тут:

ВК belsat.eu

Стужка навінаў