На беларускага журналіста Іллю Дабратвора напалі ў Варшаве


Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што 14 кастрычніка каля 20-й гадзіны невядомы напаў на Іллю Дабратвора. Нападнік чакаў яго каля дома, прычынаў нападу не растлумачыў. Дабратвор звязвае напад са сваёй прафесійнай дзейнасцю.

Ілля Дабратвор.
Фота: mff.by

У выніку нападу Ілля Дабратвор атрымаў пералом носа і чэрапна-мазгавую траўму. Ён неадкладна звярнуўся па медычную дапамогу і ў паліцыю. Нападніка пакуль не затрымалі.

Дабратвор – беларускі актывіст, журналіст-фрылансер. Быў кіраўніком выбарчага штабу Валерыя Цапкалы ў час выбараў-2020. Праз палітычныя рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць Беларусь. Цяпер ён працуе ў якасці вядоўцы Youtube-каналу руху «За свабоду».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў