БТ паказала «пакаяннае відэа» чалавека, які «прызнаўся» ў рыхтаванні тэракту для «BYPOL»


У эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» адзін чалавек з замазаным тварам і слядамі пабояў «сазнаўся», што ён тэрарыст. Другі, твар якога паказалі, расказаў толькі, што мусіў быць памочнікам аператара дронаў. Ускосна дзяржаўнае ТБ пацвердзіла, што гэта была правакацыя сілавікоў рэжыму Лукашэнкі.

Днём 16 кастрычніка ГУБАЗіК заявіў, што «перадухіліў тэракты», якія нібыта рыхтавалі «BYPOL» і Аб’яднаны пераходны кабінет Святланы Ціханоўскай, і анансаваў: працаўнікі АТН паразмаўлялі з «тымі, хто хацеў гвалтоўным спосабам захапіць уладу». Вечарам тэлеканал «Беларусь-1» паказаў, з кім паразмаўляў.

У сюжэце фігуруюць дзве асобы.

Чалавек, які «прызнаўся ў рыхтаванні тэракту». Сюжэт тэлеканалу «Беларусь-1» пра нібыта выкрытае рыхтаванне тэракту «BYPOL». 16 кастрычніка 2022 года. Скрыншот: BELTA / Telegram

Пра першага вядома, што яму 20 гадоў, ён з Менску, працаваў таксістам, не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці; мае маці, айчыма, малога брата, дзяўчыну. У яго замазаны твар: сцвярджаюць, што ён быў не супраць, каб твар паказалі, але «следству пакуль выгадней яго схаваць». Праз блюр на твары мужчыны бачныя сляды пабояў.

Гэты чалавек нібыта быў згодны «ўзарваць усё роўна што» за 500 долараў, нават узарваць метро і бібліятэку. Але яму «далі заданне» падарваць рэлейны шчыток. Ён распавядае, што мусіў выканаць першае заданне, каб «уступіць у пэўную кааліцыю» ў «BYPOL» (імаверна, тут пераблытанае аб’яднанне былых сілавікоў і план «Перамога», які арганізоўвае «BYPOL» і да якога прапануе далучацца ўсім ахвочым). Мужчына кажа, што «разумее, што ён тэрарыст». Пасля атрымання 500 долараў за выкананне задачы нібыта хацеў сысці ў Польшчу, кажа: у «рэкрутынг-цэнтр для рыхтавання да чаго я вам не скажу».

Максім, які нібыта мусіў быць «памочнікам аператара беспілотніка». Сюжэт тэлеканалу «Беларусь-1» пра нібыта выкрытае рыхтаванне тэракту «BYPOL». 16 кастрычніка 2022 года. Скрыншот: BELTA / Telegram

Твар другога чалавека паказваюць, называюць імя Максім. Яму 21 год, нарадзіўся ў Светлагорску, вучыўся на лагіста. Ён таксама распавядае, што «зарэгістраваўся ў «BYPOL» (падобна, зноў жа блытаюць «BYPOL» і план «Перамога») і «хацеў зрынуць рэжым Лукашэнкі», хоць «яго ўсё задавальняла» – спрацаваў «статкавы інстынкт», таму «быў гатовы на ўсё».

Што ён мусіў рабіць, Максім не расказаў: сказаў толькі, што яму праз бот загадалі быць памочнікам аператара беспілотніка – дапамагчы сабраць дрон нейкаму майстру з Польшчы і забраць заплечнік з запальнаю сумессю. У чым сутнасць плану «Перамога», ён не змог растлумачыць.

Упс, дык гэта ўсё было пастаноўкай сілавікоў Лукашэнкі?

У эфіры «Беларусь-1» паказалі паведамленне фэйкавага каналу аб «запуску плану «Перамога» – роўна тое, пра што перасцерагаў «BYPOL».

Паведамленне фэйкавага каналу ад імя «BYPOL». Сюжэт тэлеканалу «Беларусь-1» пра нібыта выкрытае рыхтаванне тэракту «BYPOL». 16 кастрычніка 2022 года. Скрыншот: BELTA / Telegram

«З такімі заявамі няўжо можна было разлічваць, што беларускі ГУБАЗіК будзе бяздзейнічаць?» – пытае дыктар, калі на экран выводзіцца паведамленне фэйкавага каналу.

Аб’яднанне былых сілавікоў «BYPOL» 14 кастрычніка перасцерагаласілавікі Аляксандра Лукашэнкі стварылі фэйкавы канал «BYPOL» і з яго распаўсюджваюць фэйк аб запуску плану «Перамога». Пры тым сапраўдны канал «BYPOL» і фэйкавы (створаны 5 траўня і пераназваны ў «BYPOL» 5 кастрычніка) мелі даволі блізкую колькасць падпісчыкаў. У той жа дзень, 14 кастрычніка, беларускія ўлады пачалі супярэчліва заяўляць аб запуску ў Беларусі «контртэрарыстычнай аперацыі».

Каментар
Кіраўнік «BYPOL» звязаў «контртэрарыстычны рэжым» з фэйкавым планам «Перамога»
2022.10.14 21:03

«BYPOL» сапраўды заклікае людзей далучацца да плану «Перамога», лічыць мірны пратэст «пахаваным» і кажа, што «рыхтуе паўстанне», але называе гвалтоўны шлях не адзіным магчымым: абяцае «намагацца, каб гэты сілавы план не быў ужыты або быў ужыты на скрайні выпадак».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў