Фестываль «PRIX Europa» – найбуйнейшая журналісцкая імпрэза ў Еўропе, якая яднае онлайн-выданні, тэлевізію і радыё.
Урачыстая імпрэза абвяшчэння лаўрэатаў «PRIX Europa-2021» адбылася ў Патсдаму. 15 кастрычніка ў сваёй прамове турэцкі журналіст Кан Дзюндар (лаўрэат гэтай прэміі 2017 году) выказаў падзяку нашым каляжанкам за смеласць і волю, за тое, што яны, рызыкуючы сваім жыццём, распавядаюць праўду і «трымаюць голас незалежнай журналістыкі і свабоды слова».
«Важна цвёрда стаяць за прынцыпах дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды прэсы. І падтрымаць тых, хто змагаецца за гэтыя прынцыпы. Паважаная Кацярына Андрэева, паважаная Дарʼя Чульцова, менавіта з гэтай нагоды мы ў «PRIX EUROPA» хочам падтрымаць вашу барацьбу і ўшанаваць вас званнем «Еўрапейскі журналіст года», – заявіў Кан Дзюндар.
Зняволеных журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову вылучылі на прэмію ад імя Польскай тэлевізіі. Ініцыятыва сустрэла шырокае падтрыманне журналісцкай супольнасці з усяго рэгіёну, у тым ліку з Беларусі, Літвы і Украіны. За вылучэнне журналістак падпісаліся каля 200 прадстаўнікоў медыяў.
«Еўрапейскі журналіст году» ў межах фестывалю «PRIX Europa» – гэта ўжо сёмая міжнародная ўзнагарода, якую журналісткі «Белсату» атрымалі цягам года. Раней яны сталі лаўрэаткамі «Free Media Awards» і «Courage in Journalism Awards», Ляйпцыгскай прэміі «За свабоду і будучыню ў медыя», прэміі «Axel-Springer-Preis», адмысловай узнагароды польскага «Прэс-клубу» імя Дарыюша Фікуса і прэміі Саюзу журналістаў Літвы «Надзея свабоды».
***
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыну і Дар’ю абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу. 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Нашыя каляжанкі лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.
Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары дэмакратычных краінаў.
Адвакаты Кацярыны і Дар’і патрабавалі скасаваць прысуд і спыніць вытворчасць у гэтай крымінальнай справе. Але судовая калегія Менгарсуду ў складзе Валянціны Зянькевіч, Пятра Арлова і Алены Ананіч 23 красавіка адхіліла апеляцыйную скаргу, пакінуўшы прысуд без зменаў. Самі журналісткі ў судовым паседжанні ўдзелу не бралі – суд адмовіўся далучыць іх да працэсу нават праз відэасувязь.
У зняволенні Дар’ю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. У калоніі яны цяпер павінны насіць жоўтыя біркі – такім колерам пазначаюць асобаў нібыта «схільных да экстрэмізму».
ІІ belsat.eu