Фільм «Белсату» «Калі кветкі не маўчаць» перамог у дакументальным конкурсе Варшаўскага кінафестывалю


Рэжысёр стужкі – Андрэй Куціла. Сюжэт разгортваецца вакол падзеяў жніўня 2020 году, калі ў Беларусі выбухнуў супраціў фальсіфікацыям выбараў і гвалту.

Кадр з фільму Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць».
Фота: Reform.by

37-ы Варшаўскі кінафестываль распачаўся 8 кастрычніка. «Белсат» упершыню прымаў у ім удзел.

Фільм «Калі кветкі не маўчаць» прысвечаны беларускім сем’ям, якія, нягледзячы на перажытыя траўмы, спрабуюць жыць далей і займацца сваймі справамі. Праз іх лёс рэжысёр паказвае боль і надзею, страх і рашучасць гэтых людзей.

У цэнтры сюжэту – беларускія жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, выходзілі на ланцугі салідарнасці з кветкамі. Так і нарадзілася назва фільму – «Калі кветкі не маўчаць».

Андрэй Куціла.
Фота: Baj.by

– Пачуцці змешаныя. З аднаго боку гэта цешыць, бо гэта мая аўтарская праца, а з іншага – гэты боль ад тэмы не праходзіць. І таму хацелася б свята, але яго няма, – пракаментаваў «Белсату» сваю перамогу Андрэй Куціла. – Цешуся таму, што гэтае ўзнагарода дае больш увагі да фільму, і ён будзе яшчэ недзе паказаны і такім чынам увага будзе да тэматыкі. То бок павестка будзе трымацца на іншых фестывальных пляцоўках. А асабістыя мае адчуванні як аўтара, рэжысёра вельмі складаныя. Я дагэтуль не магу іх усвядоміць у дадзены момант.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў