«Дойдзем да кожнага». ГУБАЗіК патлумачыў, як і за што будуць караць падпісчыкаў тэлеграм-каналаў


Крымінальная адказнасць за падпіску можа наступіць, калі тэлеграм-канал будзе прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем.

Вячаслаў Арлоўскі.
Фота: скрыншот з відэа/CTV.BY

Начальнік аддзелу ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі распавёў, чым пагражае прыняцце Пастанаўлення Савету Міністраў №575 «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» падпісчыкам тэлеграм-каналаў, піша sb.by.

«Мы амаль завяршылі працу па дэананімізацыі адміністратараў і найбольш актыўных падпісчыкаў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў і чатаў, – кажа Арлоўскі. – Дасканала задакументавалі ўсе размешчаныя ў сацыяльных сетках паведамленні, якія пабуджаюць да экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама іншыя дзеянні інтэрнэт-карыстальнікаў па стварэнні пратэстнай актыўнасці».

Крымінальная адказнасць падпісчыкаў чакае ў тым выпадку, калі канал будзе прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Вырашаць гэта будуць МУС ці КДБ, рашэнне суду, у адрозненні ад прызнання матэрыялаў каналу экстрэмісцкімі, не патрэбнае. За выраб і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў прадугледжана толькі адміністратыўная адказнасць.

Прыцягваць да адказнасці ўдзельнікаў экстрэмісцкіх фармаванняў будуць кропкава. Стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам прадугледжана пакаранне паводле арт.361-1 КК РБ, санкцыя артыкулу – пазбаўленне волі да сямі гадоў.

«Што датычыць падпіскі на каналы, якія прызнаюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі, то яна пакуль не караецца, – сказаў начальнік аддзелу ГУБАЗіК. – Але пры адной умове – калі падпісчык не аказвае падтрымку ў папулярызацыі каналу, то бок не рэпосціць, не пераводзіць грошы, не злівае туды інфармацыю. Калі пералічаныя дзеянні ёсць, то падпісчыкі, адпаведна, прыцягваюцца да адміністратыўнай адказнасці».

Вячаслаў Арлоўскі параіў:

«Простым людзям, якія з банальнай цікаўнасці чытаюць забаронены канал, прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам, апасацца няма чаго. Ім трэба адпісацца ад дадзенага рэсурсу, і пытанняў да іх не ўзнікне».

Пры гэтым прадстаўнік ГУБАЗіК падкрэсліў, што адпіска ад каналу не ўратуе, бо «паўсюль застаецца электронны след».

«Дойдзем да кожнага», – паабяцаў Арлоўскі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў